Выбрать главу

"Каб толькі сабе не нашкодзіць", - падумаў Купала, тут жа ўспомніўшы, што нашкодзіць сабе ўжо ніяк не можа, і падышоў да стала.

- Можна вас папрасіць, таварыш Сталін?.. Не расстрэльвайце, калі ласка, таварыша камісара, няхай п’есы піша. А раптам напіша такую, што адной будзе дастаткова, каб...

Сталін падаўся ўперад, абапёрся на стол, спрабуючы з крэсла ўстаць, але нешта хруснула ў ягоным калене - і ён адкінуўся назад.

- Каб што?.. Ну, скажыце: каб што?.. Вунь Горкі напісаў "На дне" - і што? Нехта з дна падняўся?

Купалу апошнімі гадамі ногі балелі, толькі па смерці перасталі, і ён падумаў, што Сталіну таксама баляць, калі з крэсла ўстаць не змог. А хоча, каб нехта з дна...

І ў Горкага, дарэчы, ногі балелі - даўся яму той Горкі. Нібы іншых пісьменнікаў няма. Пачытаў бы Чорнага, дык не пытаўся б, ці можа знішчыць беларус беларуса.

- Чорнага?.. Гэты Чорны хіба пісаў пра беларусаў?.. - перапытаў, нібы думкі не толькі жывых, але і мёртвых чытаў, Сталін. - Я паслаў яго ў Пскоў, прызначыў намеснікам камісара Паўночнага фронту. А ён збег у Парыж! Антысавецкі часопіс там выдаваў. Мне антысавецкі часопіс ягоны чытаць?.. - І ўбачыўшы на твары Купалы неверагоднае здзіўленне, Сталін дагаварыў весела. - Што? Не ведалі?.. Вось я і папрасіў французскіх камуністаў, каб яго... А яны дом ягоны спалілі! Ён і памёр. Так яму дома стала шкада, што... Што гэта вы гэтак на мяне вырачыліся, таварыш Купала, нібы ў мяне рогі выраслі?

Тое, што Чорны быў намеснікам камісара Паўночнага фронту, а пасля выдаваў антысавецкі часопіс, меў у Францыі свой дом, было такой навіной, што Купала пашкадаваў, што памёр. Да ўсяго ён бачыў Чорнага тры дні таму жывога. Таму і вылупіўся на Сталіна, нібы ў таго выраслі рогі.

- Таварыш Сталін, я бачыў Чорнага тры дні таму. Жывога.

Цяпер ужо Сталін на Купалу вырачыўся. Не так, нібы той абрагаціўся, а так, нібы сказаў нешта такое, чаго не можа быць.

- Дзе вы яго бачылі? На тым свеце?

- На гэтым. У Доме літаратара. Пасядзелі з ім, выпілі.

- Выпілі?

- Так.

- З Чорным?

- З Чорным.

- Што пілі?

- Гарэлку. Што яшчэ піць, калі вайна?

- За перамогу?

- Не. За здароўе, - сказаў Купала і адразу пашкадаваў, што не зманіў, бо Сталін сціснуў чашу люлькі ў кулаку. Так, што костачкі пабялелі.

- Я ніколі не давяраў французскім камуністам, таварыш Купала. Мек-сіканскім давяраў, а французскім не… А вы?

У Купалы не было ні французскіх, ні мексіканскіх знаёмых камуністаў, і ён не ведаў, каму з іх можна давяраць, каму не, таму не адказаў нічога, а Сталін, пагладзіўшы калена, усё ж падняўся, кульгаючы пракрочыў да Мяркулава.

- Вайна. У Маскве шпегі. А ты па Маскве з нябожчыкамі цягаешся?.. Знайдзі мне гэтага Чорнага. Вершаплёта гэтага, які прыдумаў, што ў Сталіна калматае сэрца. Хоць жывога, хоць мёртвага.

Ён сказаў "вершаплёта", і Купала ўспомніў, што апроч беларускага празаіка Чорнага, у якога Сталін мог нешта прачытаць пра беларусаў, ёсць рускі паэт Чорны, у якога прачытаць пра беларусаў Сталін нічога не мог, таму й спытаў: "Чорны хіба пісаў пра беларусаў?.." - а значыць, гэта зноў блытаніна з прозвішчамі. Рускі паэт Чорны сапраўды памёр і, здаецца, памёр недзе ў замежжы, так што ніякага шпіёна Чорнага ў Маскве няма, але ёсць беларускі пісьменнік Чорны, з якім можа стацца тое самае, што сталася тры дні таму з Купалам, на пахаванні якога ў Доме літаратара зараз амаль усе беларускія пісьменнікі - і сярод усіх Кузьма Чорны, якога ўжо ледзь не знішчылі ў Мінску, кінуўшы за краты, у адзіночку, каб там ён калі не сканаў, дык звар’яцеў.

Если лучшие будут бросаться в пролёты,

Скиснет мир от бескрылых гиен и тупиц!

Полюби безотчётную радость полёта,

Разверни свою душу до полных границ -

згадаў Купала амаль прарочыя вершы паэта Чорнага, але вершы вершамі, а нешта трэба было рабіць. І ён рашуча ўстаў:

- Пара мне ў труну, заляжаўся ў маёй труне Качарыга! Не прынята ў беларусаў замест нябожчыкаў хаваць жывых. Мяне чакаюць.

- Хто? - жэстам спыніў Сталін камісара Мяркулава, які арлом узляцеў з каленяў, каб выканаць загад, злавіць Чорнага жывога ці мёртвага. - Чорны чакае?.. Кузьма?.. Дык ён жа разам з усімі даў на вас паказанні. Вас таксама маглі арыштаваць, пасадзіць, вы харакіры сабе праз тое ўчынілі, жывот узрэзалі. І што цяпер? Спяшаеце яго ратаваць? Папярэдзіць, што арол ляціць, - кіўнуў Сталін на Мяркулава, - каб задзяўбаць яго да смерці? Дык хай задзяўбе. Гэта ж адплата. У вас і паэма ёсць, якая так называецца. І гэта справядліва, хіба не?

- Не, - не згадзіўся Купала і хацеў сказаць, што Чорнага катавалі, што ў адзіночнай камеры ён ледзь не звар’яцеў, што справядлівай была б адплата не яму, а ягоным катам, але падумаў: "Каму я ўсё гэта казаць буду?.." - і нічога не сказаў, апроч "не".