Выбрать главу

Тое, што Сталін прачытаў ягоныя думкі, гэтым разам Купалу не ўразіла.

Ну, прачытаў і прачытаў. Ён сам ужо чытаў Сталіна, як кнігу. Такую, якую б ніколі не напісаў, бо нават не ўяўляў, што такая можа быць.

Пра ўсё, што цяпер чуў ад Сталіна, Купала не раз думаў раней. Думаючы пра гэта, не спаў, рваў нервы, піў, ледзь трываючы боль, які не заглушаўся ні самаўгаворамі, ні гарэлкай - нікім і нічым. Боль здрады. Боль страты. Здрады і страты сяброў. Паплечнікаў. Каханых. Урэшце рэшт ён, гэты боль, які пасяліўся там, дзе была душа, выцясніў душу з яе жытла, з маленькага гняздзечка на сэрцы, у якім яна спявала, і боль гэты, заняўшы месца душы, як бы стаў ёю, душою, якая развучылася спяваць, а толькі крыкам крычала, гэтак драпаючы сэрца, што кроў, здавалася, пырскала з вачэй, якімі ўжо глядзець на свет не хацелася, бо ўдзень і ўначы ў іх было цёмна, чорна, - дык вось гэты боль, які ў ім жыў і які ім стаў, а не ён, не Іван Луцэвіч і не Янка Купала пачаў шукаць шлях з невыноснага святла ў цемру, у чарнату. І проста так выйшла, што гэты шлях супаў з тым, які выбраў для яго таварыш Сталін. Але не казаць жа пра тое Сталіну.

- Я не пісаў паэму "Адплата". Я напісаў паэму "Адплата каханнем", таварыш Сталін. Яшчэ тады, калі быў малады. І цяпер напісаў бы, каб у маленькім гняздзечку на сэрцы...

Яго ўсё ж цягнула выказаць тое, што хвіліну таму падумалася, і ён запнуўся, бо казаць пра душу, якая стала болем, пра песню, якая стала крыкам, можна было толькі самому сабе, а Сталін спытаў з цікаўнасцю: "Што ў маленькім гняздзечку на сэрцы?.." - і Купалу кальнула пад сэрцам, хоць яно не білася, ён ва ўсякім разе не адчуваў, што яно б’ецца.

- Нічога ў гняздзечку. Я памёр, таварыш Сталін. Памёр, так і не пабачыўшы той новай Беларусі, пра якую пісаў, якую прарочыў, пра якую марыў усё жыццё. Не спраўдзіліся прароцтвы, не здзейсніліся мары. Я памёр, не сустрэўшы тых новых людзей, якіх спадзяваўся сустрэць, не дачакаўшыся той новай беларускай літаратуры, якой чакаў. І не пабачыўшы, не сустрэўшы, не дачакаўшыся гэтага ў жыцці, я хачу пабачыць, сустрэць, дачакацца гэтага ў смерці. На тое ў мяне цяпер ёсць і вечны час, і вечная надзея.

Сталін расчаравана, нібы чакаў нечага іншага, уздыхнуў.

- Гэта вашы беларускія сны. Кіньце вы гэта. Усё, што ў вас ёсць, 1-я лабараторыя. А ў ёй тое, што мы для вас прыдумаем. І мы прыдумалі не толькі БССР. Са сцягам, гербам і "Лявоніхай". Мы для вас, таварыш Купала, прыдумалі, нібы ў маленькім гняздзечку на сэрцы, дзе была душа, пасяліўся боль, які выцясніў душу з жытла, у якім яна спявала, і боль гэты, заняўшы месца душы, як бы стаў ёю, душою, якая развучылася спяваць, а толькі крыкам крычала, гэтак драпаючы. ну, працягвайце... - паклаў Купалу руку на плячо Сталін, і Купала працягнуў, бо ўсё ж невыносна хацелася гэта выказаць, - "...гэтак драпаючы сэрца, што кроў, здавалася, пырскала з вачэй, якімі ўжо глядзець на свет не хацелася, бо ўдзень і ўночы ў іх было цёмна, чорна, і я пачаў шукаць шлях з невыноснага святла ў цемру, у чарнату, дзе сыходзяцца ўсе шляхі, дзе сыдуцца некалі мой з вашым, як сышоўся той, які я шукаў, з тым, які вы для мяне выбралі. але вы памыляецеся... - зрабіў ён намаганне, каб сказаць тое, што яшчэ не сказаў, і Мяркулаў тут жа скарыстаў момант, каб заняць страчаныя пазіцыі: "Таварыш Сталін не памыляецца!" - на што Сталін ніякай увагі не звярнуў, спытаў: "У чым памыляюся?.." - і Купала дагаварыў, - ...вы памыляецеся, мяркуючы, нібы ўсё гэта па вашай волі, што выбралі шлях для мяне вы, што вы мяне прыдумалі - вы прыдумалі самога сябе!"

Сталін выслухаў усё, ходзячы па кабінеце, і калі Купала скончыў, стаў насупраць яго. Твар у твар.

- Няхай так. У нечым кожны з нас сам сябе выдумляе. І што?

- Нічога. Салавей не выглядае так, як ён спявае.

Сталін руку да вуха прыклаў, нібы паслухаць хацеў, як пяе салавей. Апусціў:

- І паўлін… Самі прыдумалі, ці народнае? Зрэшты, вы ж народны паэт. І што далей?

- А тое, што як толькі самі сябе выдумляць вы ўжо не зможаце, вас пачнуць выдумляць іншыя - і зусім іншае ў вас жыццё настане. Пра пяты дзень сакавіка не забыліся?.. Вашы паплечнікі, вашы выхаванцы з той трыбуны, за якой вы ў авацыях стаялі, будуць зневажаць вас, проста здзеквацца з вас.

Мяркулаў, счырванеўшы, ужо набраў паветра ў грудзі, каб крыкнуць: "Тое, што ты мёртвы, не значыць, што не можаш стаць яшчэ мярцвейшы!" - але Сталін апярэдзіў яго:

- А з вас, думаеце, не?.. Думаеце, вас будуць услаўляць? Гэта я думаю, як вас уславіць! Стварыць з вас не проста паэта - неўміручую легенду! Бо гэта і мая неўміручасць, мая легенда! Бо я такую, з адных легендаў, стварыў краіну! Вечную ў легендах! А Хрушчоў пасля мяне надумае ўсё гэта парушыць! Маўляў, парушу легенду пра Сталіна - і стану легендай сам. Ідыёт. Легенда - не кукуруза. Легенда можа вырастаць толькі з легенды! Ці з крыві, што тое самае. Дзе кроў, там легенда! З гною легенды не вырастаюць. Дык ён дурань, невук! Паўлін, як і большасць тых, хто са мной. Але я не пра іх. Я пра тых, што з вамі. Пра салаўёў. Кніг панапісваюць, за мяжой атабарацца, вучэльні ўсялякія там пасканчаюць. На розных мовах рулады выдаваць навучацца. І што? Ведаеце, як яны вас назавуць? Каян Лупака! Куды да іх Хрушчову з ягоным культам! Нацыянальны геній, народная легенда - Каян! Га?.. Вось вы рускіх не надта любіце, а скажыце: рускія перарабілі б Пушкіна ў якога-небудзь Пукніша? Вінавацілі б яго ў тым, што ён не тое напісаў, не так жыў і не так згінуў, як ім хацелася б? Учынілі б здзек з яго памяці?..