Выбрать главу

Сталін упершыню за ўвесь час, які яны размаўлялі, узнерваваўся, наліў з крышталёвага графіна на крышталёвым падносе вады. Выпіў, паглядзеў на пабялелага Купалу, напоўніў яшчэ адну шклянку.

- І ведаеце, што яны пра вас скажуць?.. Што калі б вы застрэліліся ці зарэзаліся, засталіся б паэтам. А так - не. Так вы здраднік. Застаўшыся жыць, здрадзілі паэзіі. Вы тут бароніце Чорнага, будучыню новай беларускай літаратуры ратуеце, а гэтая будучыня, гэтая новая літаратура, яшчэ нават не нарадзіўшыся, вас ужо прадае! Дык нашто вам яе ратаваць?

У Купалы перасохлі губы, ён глытнуў вады… Зубы прастукалі па шкле, вада пралілася на падбароддзе. Сталін забраў у яго шклянку, паставіў на паднос, прайшоў за свой стол.

- І навошта вам паміраць? За каго? Дзеля чаго? Ажывілі мы вас - і жывіце сабе. Вечна. Жывы з імі вы справіцеся, не піскнуць, а мёртвы...

Купала пастаяў, шукаючы насоўку. Не знайшоў, выцерся даланёй, падышоў да стала і стаў выкладваць з кішэняў цёмна-карычневага, тонкага сукна ангельскага гарнітура тое, што ў іх было: з левай унутранай кішэні пінжака чорны скураны партманэт з харчовымі карткамі, пасведчанне сябра Саюза савецкіх пісьменнікаў і качарыгінскую рэкамендацыю ў партыю, з правай - яшчэ адзін скураны партманэт, карычневы з абанементам у сталовую літэр "А", нататнік і аловак з пазалочаным наканечнікам, з бакавых кішэняў - партабак з тытунём "Эліт", пушачку з папяроснай паперай, запальніцу, пачаты пачак ізафеніну, памацаў, ці не засталося нечага ў кішэнях, паправіў цёмна-чырвоную агатавую шпільку на гальштуку, цёмна-чырвоныя агатавыя запінкі на абшэўках белай кашулі і сказаў:

- Я не хачу жыць.

Відаць было, што Сталіна гэта па-сапраўднаму ўразіла, бо дасюль у яго ўсе прасілі жыцця. Толькі жыцця. Хоць якога, але жыцця.

- Жыць не хочаце?.. - пагартаў ён Купалаў нататнік. Доўга гартаў, потым адклаў, узяў аловак, пакруціў у пальцах, кінуў, той пакаціўся па стале… - А чаго вы хочаце, калі не хочаце жыць?

Мяркулаў, якому, бо ўсё ж драматург, пытанне Сталіна спадабалася, стаяў, чакаючы: "Што ты, маўляў, на гэта скажаш?" - а Купала, абышоўшы камісара, сеў на крэсла да стала, за якім нядаўна абедаў, паклаў на яго рукі, на рукі галаву: "Спаць". - "Хіба, калі памруць, яшчэ і спяць?.." - страсянуў яго за плячо камісар, і тут на стале Сталіна зазваніў тэлефон. Паслухаўшы, Сталін спытаў: "Самалёт гатовы?.." Паклаўшы трубку, высунуў верхнюю шуфлядку стала, згроб у яе ўсё, што ляжала зверху, замкнуў і рушыў да дзвярэй кабінета, якія, падбегшы, паслужліва расчыніў перад ім камісар. "Няхай паспіць", - сказаў Сталін сакратару, кіўнуўшы на Купалу, і выйшаў з кабінета разам з Мяркулавым, размінуўшыся ў дзвярах з Гітлерам.

12

Круча жыў у тым жа доме на Кацельніцкай, што і Ганна, толькі не ў старым, яшчэ даваенным корпусе, які будаваўся па загадзе Берыі, а ў новым высотным. Кватэра была вялізная, такая ж, як у дачкі Брэжнева, што жыла паверхам ніжэй, і маскоўскія літаратары, большасць якіх тулялася ў спальных мікрараёнах, ужо толькі праз гэтае жытло ў прэстыжным доме не маглі Кручу не зайздросціць. Не кажучы ўжо пра ягоныя замежныя камандзіроўкі, пра заробкі, на якія ён мог дазволіць сабе купіць тое, пра што яны маглі толькі марыць. Тую ж "Волгу", машыну, на якой ездзілі міністры ды сакратары абкамаў і купіць якую было немагчыма без таго, каб сакратары з міністрамі табе ў тым не паспрыялі.

- Хто гэта частаваў нас? - спытаў Віктар, калі яны, выйшаўшы з бара, селі ў Кручаву "Волгу", у якой ён ездзіў і нападпітку. Здаралася, што пападаўся. Тады даставаў з багажніка і надпісваў даішнікам кнігі, за што яны пакідалі яму правы. Паэтаў у той час любілі не толькі гандляры, але і міліцыянты.

- Дырэктар цырка.