- Ты думаеш, што я прыпыленая?
Што ж, калі нават. У літінстытуце ён да такіх ужо звык, нармальныя на аддзяленні паэзіі амаль не сустракаліся. Адна імпульсіўная паэтка, якая, убачыўшы яго з вакна на чацвёртым паверсе літінстытуцкага інтэрната, раптам закрычала: "Хочаш, каб у імя нашага высокага кахання я ўніз скочыла?" - і калі ён абыякава, бо ніякага кахання, ні высокага, ні нізкага не было, кіўнуў: "Скачы, калі хочаш..." - рынулася сторч галавой і жывая засталася, бо ненармальных Бог шкадуе.
Потым яна пра сустрэчу з Ахматавай распавядала. Як прыехала ў санаторый, дзе Ахматава памірала, прачытала ёй вершы. Тая заплакала, абняла яе: "Ты - мая дачка, бласлаўляю цябе на высокае служэнне рускай паэзіі. А мне час". І ў яе на руках памерла. "Я таму і не забілася, калі з чацвёртага паверха скочыла, бо ў мяне служэнне."
Ні зебры, ні лані, ні лісы вершы не пішуць і з глузду не едуць. Ён абняў Ганну, зебру: "Я думаю, Ганя, што табе нельга піць самаробны кальвадос".
Яна пацепнула плячыма так, як пацепвае чалавек, якому ўсё адно, вераць яму ці не, вызвалілася з ягоных абдымкаў, дастала з сумачкі, кінутай учора пад тапчан, залаты медальён, на якім, нібы кропля крыві, чырванеў маленькі рубін: "Вось. Паглядзі." Падняла вечка - і з медальёна, з партрэта на белай эмалі вочы ў вочы Віктару зірнуў Купала.
- Яна памерла з гэтым медальёнам на грудзях. Казала, што нядоўга, але і Купала яго насіў. З партрэтам Сталіна. Толькі я не зразумела, чаму? Ён жа не быў сталінцам. Проста вершы пісаў.
Так. Проста вершы пісаў.
Віктару было ўсё адно, кім яшчэ быў Купала, апроч таго, што быў паэтам.
І датуль гэта яму ўсё адно было, пакуль адзін былы зэк у запалярным горадзе Нарыльску не сказаў, калі яны пра смерць Купалы загаварылі: "Ён двойчы памёр. Спачатку паэзію пакінуўшы, а пасля - кінуўшы маці. У першыя дні вайны ў Мінску, калі горад ужо гарэў. Жонку ўзяў, транты ўзяў, а маці кінуў! Ты б кінуў сваю?.."
Гэты былы зэк, Грахавец, таксама паэт, меў за спінай 20 лагерных гадоў, у чым вінаваціў усіх - ад Сталіна да Купалы, "якому ў гэты час медалі чаплялі і прэміі выдавалі! За што?!. - гэтак выдыхаў Грахавец, нібы спірту хлебануў. - Дваццаць апошніх гадоў - спрэс сталінскія агіткі! Нібы не ім, іншым чалавекам напісаныя. Але ж гэта ён, не я пісаў!.."
Зразумела было, што ў Грахаўцы крычыць крыўда, але ж і праўда таксама: маці сваю Купала, пакідаючы Мінск, з сабой не ўзяў. Магчыма, яна не хацела ехаць. Куды і па што? Са свайго жыцця, якое ўжо сканчалася.
Але магчыма, што і не.
Так ці інакш, але адносіны Віктара да Купалы ўскладніліся. Да праблемы кінутай маці дадалася, - хоць ён гэтага не хацеў, гэта замінала яму чыста чытаць Купалу, чыста любіць яго, - праблема пакінутай паэзіі. Праблема агітак, "дрындушак", як зняважліва пра тое, што напісаў у апошнія гады, а значыць, зневажаючы самога сябе, казаў Купала. Разумеў, што ён піша, і пісаў. Самазневажаючыся. Чаму?.. Страх, грошы, званні, прэміі - усё яно так, усё нібы відавочна. Але чаму?..
Гэтага Віктар не ведаў. Як не ведаў і таго, чаму так важна яму знайсці адказ на гэтае пытанне.
Пад той час ён ужо аб’ездзіў Савецкі Саюз па ягоных найдальніх кутах і закутках, пабачыўшы на Сахаліне і Камчатцы, у Сібіры і на Поўначы такое, пра што ні ў якіх кнігах не прачытаеш, што ніяк не супадала з ягонымі ўяўленнямі пра краіну, у якой ён нарадзіўся і жыў. Праз тое паўзнікала процьма пытанняў, куды важнейшых за літаратурныя, бо гэта былі пытанні жыцця, якія патрабавалі зразумелых, ясных адказаў, але ў той краіне, у якой жыў, у тым свеце, у тым жыцці, якое звярэла наўкол, з грубай сілай варочаючы, як камянямі, чалавечымі лёсамі, ён адказаў не знаходзіў. Тады пачаў шукаць іх у самім сабе: паспрабаваў пісаць. Аказалася, што для яго гэта найлепшы спосаб пошуку. І аднойчы падумаўшы пра літаратуру як пра магчымы занятак жыцця, паехаў з Нарыльска ў Маскву, дзе паступіў у Літаратурны інстытут.
Установа была прэстыжная, на аддзяленне паэзіі набіралі ўсяго дванаццаць чалавек, а ў Савецкім Саюзе кожны пастух і бухгалтар вершы пісалі, так што давялося вытрымаць вялізны конкурс, каб даволі хутка зразумець, што ў інстытуце тым можна было і не вучыцца. Але, калі б не вучыўся, не хадзіў бы ён па кантрамарках, якія выдаваліся студэнтам літінстытута, ва ўсе маскоўскія тэатры, у адным з якіх, тэатры на Таганцы, і пазнаёміўся з панёнкай у белай сукенцы з чырвоным поясам, якая назвалася Ганнай і сказала, што яна дачка Купалы. А калі не Купалы, дык дачка ці Берыі, ці Сталіна.
Праз дзесяць гадоў пасля іх знаёмства ў тэатры, Віктар увайшоў у 414-ты нумар гатэля "Масква", дзе сорак гадоў таму дажываў свае апошнія дні Купала, са сталінскім тэлескопам. Паставіў яго каля вакна, глядзеў то на Маскву, то ў неба, якое сцякала пад ноч на захад, тупаў у нумары з кута ў кут і ўсё спрабаваў уявіць сябе на месцы Купалы ў гарачым чэрвені 1942 года, калі яго выклікалі з Казані, дзе ён быў у эвакуацыі, пасялілі ў гэтым гатэлі і нібы забыліся, дзеля чаго выклікалі. 60-годдзе ягонае адзначыць? Дык чаму пра гэта ніхто ні слова? А вось пра тое, што немцы ў нейкай газеце ў Мінску надрукавалі побач з патрэтам Гітлера ягоныя вершы і назвалі ягоным іменем вуліцу, на якой ён жыў, сказалі…