- Чаго дырэктар?
- Цырка.
- А што ён рабіў на Лубянцы?
Круча на яго пакасіўся.
- Ты б мог адразу спытаць, што я на Лубянцы рабіў? Памочнік Андропава патэлефанаваў. "Як у Штаты з’ездзілі?.." Пра сёе, пра тое. А потым: "Будзем рады пачуць вашы вершы на нашым святочным канцэрце". Я падумаў, што адмаўляцца не варта. Ці ты б адмовіўся, калі б пра цябе хадзілі плёткі, што ты лубянскі агент?
Віктар прамаўчаў, і Ягор не стаў чакаць загадзя вядомага адказу.
- Вось я і вырашыў… - праехаў ён на чырвонае святло. - Якраз таму, што плёткі… А цыркач гэты таксама там выступаў. Потым даў мне два запрашальнікі ў цырк. Я схадзіў з сынам. Аказалася, ён не толькі дырэктар. Яшчэ і штукар. Штукі ўсялякія з галаграмамі паказвае. Публіка шалее. Бо ўсё, як у рэальнасці, але не існуе. Ты ведаеш, што гэта такое? Бачыў?
- Не.
- Як не? Трэба паглядзець. Толькі не ў цырку. Сходзім у інстытут оптыкі, там у мяне свае людзі. Пакажуць…
Перад імі зноў чырвона загарэўся светлафор, Круча газануў і праскочыў скрыжаванне.
- Ты заб’ешся калі-небудзь.
- Самалёт не ўпадзе і карабель не патоне, калі на караблі ці ў самалёце ёсць хоць адзін, каму не час. У каго яшчэ наперадзе тое, чаго чакае ад яго Бог.
Наўрад ці, сказаўшы гэта, ён Віктара меў на ўвазе.
- Але слухай далей, - доўжыў Круча, язык якога, як здалося Віктару, пачаў заплятацца. - Калі я ўпершыню з ім… не з Богам, з цыркачом гэтым сустрэўся, адразу падумаў: каго мне ён нагадвае? Падумаў і забыўся. А потым успомніў. Гады два таму я вырашыў пра Маякоўскага напісаць. Ну, чаму ён найвялікшы паэт эпохі, як Сталін сказаў. Чаму помнік у цэнтры Масквы ды ўсё астатняе… І ў архіве на фотаздымак наткнуўся: Маякоўскі ў карты гуляе. Партнёры ўсе пазнавальныя. Асееў… Ты, дарэчы, паэму ягоную пра Маякоўскага пераклаў бы. "И красное знамя белесою чайкой на сереньком занавесе заменено", - працытаваў Круча, пра якога казалі, што няма вершаў, якіх ён не ведаў бы на памяць. - Метафара якая! Гэта не толькі пра мхатаўцаў. Пра ўсіх… Дык вось з Маякоўскім за покерным сталом паэт Асееў, актор Яншын, жонка ягоная Паклонская, Валянцін Катаеў. Людзі, якія на сконе жыцця Маякоўскага былі да яго блізкія. А шосты за сталом - хто б ты думаў? Наш дырэктар цырка! "Польщен, польщен..."
- Не можа быць!
- Так, такога нібыта не можа быць, але - ён. Адзін у адзін! Потым я схадзіў яшчэ раз паглядзеў. Ён! Сярод набліжаных да Маякоўскага людзей - нікога падобнага. Нават не ведаю, што думаць. Можа, табе нешта вядома? Як я зразумеў, ты з цыркачом гэтым знаёмы. Хоць зрабіў выгляд, нібы не.
Круча меў такую якасць: заўважаць тое, чаго не заўважалі іншыя.
- А ён… - пачаў Віктар, разважаючы, ці сказаць Кручу, што дырэктар цырка зусім не дырэктар цырка, а… А хто?.. Дырэктар крамы? Лётчык?.. - А ён не ў лётным шлеме быў?..
Круча не паспеў адказаць - іх спыніла ДАІ: "З суседняга паста паведамілі, што вы праехалі на чырвонае святло. Вашы правы…"
Уздыхнуўшы, Круча вылез з машыны і пайшоў да багажніка. Атрымаўшы надпісаную кнігу, даішнік казырнуў: "Дзякуй!.. Дзіўнавата выглядаеце, Ягор Аляксандравіч. Давайце на ўсялякі выпадак мы вас падвязем…"
"Падвязіце, - не стаў адмаўляцца Круча. - Нешта сапраўды са мной… І нібы не выпіваў, а як выпіў".
У пад’ездзе дома сядзела ў акенцы, як сава ў гадзінніку, жаўтавокая кансьержка, яна ж ліфцёрка, якая, адклаўшы надкусаны бублік і адставіўшы бутэльку кефіру, падала Кручу перавязаны шпагатам з сургучнай пячаткай пакунак:
- Ягор Аляксандравіч, гэта для вас.
- Ад каго?
- Не назваліся. Папрасілі перадаць і ўсё.
Не адразу, бо і апранутая яна была інакш, і валасы ў яе былі светлыя, але Віктар усё ж пазнаў у жаўтавокай кансьержцы сакратарку дырэктара антыкварнай крамы Сюзану. Круча таксама, падалося Віктару, глядзеў на Сюзану, некага ў ёй пазнаючы, і калі ўвайшлі ў кватэру, успомніў: "Гэта ж Люцыя! Асістэнтка дырэктара цырка! Таго штукара, які фокусы з галаграмамі паказваў".
Ён ламануў сургучную пячатку, сутаргава, ледзь пальцы не параніўшы, разрэзаў шпагат, здзёр шэрую паперу, у якой ляжала нешта, загорнутае ў карычневую з чырвонымі кантамі насоўку. Ужо па абрысах было відаць, што гэта такое - і Круча асцярожна прыпадняў ражок насоўкі: пісталет! Яны абодва кінуліся ўніз, але на месцы кансьержкі нікога не было: у яе акенцы стаяла бутэлька кефіру і ляжаў надкусаны бублік.
- Браўнінг, - разгарнуў Круча, калі вярнуліся, насоўку. - Такі ў Маякоўскага быў… - І спрытна дастаў абойму, Віктар ніколі не падумаў бы, што ён гэтак хвацка з пісталетамі ўпраўляецца. Як Шкляр са спінінгамі. - Поўная. Калібр 7,65. - Ён увагнаў абойму ва ўручча, зняў засцерагальнік. - На! Мне здалося, калі Каваль на цябе наскочыў, ты застрэліцца хацеў… Ці спачатку вып’еш?