Выбрать главу

Аднойчы Віктару ўжо прапаноўвалі пісталет, каб застрэліўся. Бацька прапаноўваў. І вось цяпер старэйшы сябар.

- Усё пасля цябе, - сказаў Віктар, паставіўшы на месца засцерагальнік і паклаўшы пісталет на паліцу з кнігамі, а Круча выцягнуў з-пад стала скрыню віна.

- "Хванчкара". Каштаваў калі-небудзь? Шклянка файнага віна перад развітаннем з жыццём - не самае горшае, што ў гэтым жыцці можа быць.

Яны выпілі не шклянку і не бутэльку. Гаварылі, гаварылі, гаварылі… "Бэла зманіла, што пра цябе размовы не было. Была. І сёння, і раней. Андрэй сказаў... ці гэта Каваль мне казаў, не помню, што ў цябе ёсць шанец". - "Які?" - "Што ты героем можаш стаць, калі не пабаішся". - "Чаго не пабаюся?" - "Не пабаішся сказаць на з’ездзе не тое, што напісаў, а што думаеш. Пра партыю, пра Брэжнева. Як яно ёсць. Што крамлёўскі старцы, што застой. Тады…" - "Што тады?" - "Тады цябе пасадзяць. Ці вышлюць за мяжу". - "І ў тым мой шанец?" - "Не. Шанец твой у тым, што Брэжневу не доўга засталося, гады два ад сілы. І хто б ні прыйшоў пасля яго, цябе выпусцяць. Або, калі вышлюць, дадуць магчымасць вярнуцца". - "Гэта калі Грачын да ўлады прыйдзе. А калі Андропаў?" - "Дык ён і прыйдзе! Хто яшчэ, калі за ім КГБ? Ён і выпусціць. Яму кроў з носу трэба будзе паказаць змену курсу. Няўжо не разумееш? Раней ён дакладваў у ЦК, што я антысаветчык. А цяпер, ведаеш, што мне сказаў?.. "Больш вы, - сказаў, - Ягор Аляксандравіч, ніколі не будзеце невыязным. І ніхто вам указваць не стане, што пісаць і дзе друкаваць"". - "Так і сказаў?" - "Так і сказаў. І нават паўтарыў: ніхто не будзе ўказваць!" - "Цікава… А мне…" - "Што табе?.." - "Ну, не мне, а пры мне, калі ён у Грачына на лецішчы быў, ведаеш, што казаў?" - "Што?" - "Што ў народа можна забраць свабоду, але ўзамен трэба даць кілбасу". - "Андропаў?.. Так сказаў?" - "Так". - "А дзе ён кілбасу возьме?" - "Не ведаю. Але ж сказаць што заўгодна можна. Табе і Хрушчоў шмат чаго казаў. Хіба не?" - "Казаў. Я нават лісты яму пісаў". - "Ты? Хрушчову? Лісты?" - "Так". - "Дык Дзіна праўду сказала?" - "Так. Праўду". - "А скуль яна пра тое ведае?" - "Аднекуль дазналася. Ці проста так сказала. Наўздагад". - "І што за лісты?" - "Яны мяне прыціснулі тады. Дык у вернасці і любові кляўся. Яму, партыі. Пісаў, што я беспартыйны камуніст. Дурыў іх. А ты не падурыць, ты абдурыць іх можаш!" - "Каб яны мяне прыціснулі?". - "Ціскануць, канечне. Але яно таго варта. Шанец рэальны. Толькі паспець сказаць. Не доўга, коратка. І назаўтра ўвесь свет… Ты ўяўляеш, якая на цябе абрынецца слава? Давай за гэта вып’ем!"

Віктар з ліку збіўся, якую выпівалі яны пляшку, яму станавілася хмельна, дзіўна хмельна, як тады, калі піў ён з Ганнай зёлкі ў кабінеце дырэктара антыкварнай крамы. Толькі тады сорамна не было, хоць забіты Віктар Маргер вінаваціў жывога Віктара Маргера ў смерці. А цяпер ён адчуваў сорам. Неяк так адчуваў, што не зразумець было: гэта ён, жывы Віктар Маргер адчувае сорам перад забітым, ці забітаму сорамна за жывога?

Усё блыталася… Больш і больш… Круцілася, віравала… І калі паплылі між вірамі залёныя чаўны, ён, памятаючы, што з кватэры не выходзіў, падумаў, што гэта галюцынацыі. Аказалася, што не. Не зусім галюцынацыі. Але і не зусім чаўны, а хатнія тапкі Кручы, якія плылі па кватэры, бо нехта, ці Віктар, ці Круча, вырашыў перад сном ванну прыняць, адкруціў кран і заснуў, не закруціўшы…

"Во!.. - сказалі, увайшоўшы ў кабінет, у якім яны выпівалі, а цяпер адзін на канапе каля кніжнай паліцы, другі на крэсле за сталом спалі, Сюзана з Люцыяй, зусім голыя. - Можна плаваць, а мы купальнікі не ўзялі…"

Круча цяжка падняў галаву над сталом - і апусціў яе, не ўтрымаўшы.

"Да вас, Ягор Аляксандравіч, такія госці, - сакаталі Сюзана з Люцыяй, - такія госці, што мы не маглі не ўпусціць", - і дзве голыя ведзьмы, якія прыйшлі ў кватэру Кручы, каб паплаваць, прапусцілі паперадзе сябе Брэжнева ў маршальскім мундзіры з усімі зоркамі і медалямі, а за ім у парусінавым касцюме, з кефірам і надкусаным бублікам у руках Хрушчова, пра якога Віктар ніяк успомніць не мог, ці ён жывы, ці памёр, а калі памёр, дык калі?..

- Вы затапілі маю дачку, - праплёхаў па вадзе, гайдаючы зялёныя тапкі, Генеральны сакратар Камуністычнай партыі Савецкага Саюза Леанід Ільіч Брэжнеў. І забраўшы ў Хрушчова кефір з бублікам, сеў да стала, над якім ніяк не мог падняць галаву яшчэ не праснуты Круча. - П’яце і распуснічаеце? - спытаў яго Брэжнеў і, пальцам падазваўшы ці то Сюзану, ці то Люцыю, паляпаў яе па азадку. - Эх, я ў маладосці!.. Але зараз не пра тое… Я табе, Ягор, хіба не дапамог? - наліўшы кефіру ў шклянку з недапітым віном, падсунуў Брэжнеў шклянку бліжэй да Кручы. - Цябе Хрушчоў, - кіўнуў ён, не гледзячы, за спіну, - прыціснуў? Прыціснуў. Нагляд за табой быў? Быў. Я адмяніў? Адмяніў. Кватэру выдзяліў? Выдзяліў. Дзе? Там жа, дзе і дачцэ. А ты яе затапіў… Яна, між іншым, плаваць не ўмее. Добра, што галазадыя гэтыя пазванілі: "Ваша Галя ўтапіцца можа!.."