Брэжнеў адламаў кавалачак бубліка, падаў Кручы.
- На… Я табе, Ягор, як сыну… Як сабе… І табе, Віктар, медаль, як сабе, даў. Ды яшчэ прэмію. На з’езд партыі вершы чытаць паклікаў. Аднаго з усіх! З усяго Савецкага Саюза!.. На з’езд партыі - беспартыйнага, мне сёння сказалі, што ты беспартыйны! І я стрываў, не загадаў цябе за падман партыі… што я зрабіць з табой хацеў за гэта, не помню, але не загадаў!.. А вы мяне за ўсё гэта - скідваць? У шыю гнаць?
Хрушчоў, скочыўшы з-за спіны Брэжнева, схапіў адламаны для Кручы кавалак бубліка, пакруціў перад носам Леаніда Ільіча:
- А ты мяне хіба не скінуў? Хоць я табе даў не бубліка агрызак! Я ўсё табе даў! Адно што вершы на з’ездзе не прапаноўваў чытаць!
Да Брэжнева падплыў адзін з тапкаў. Леанід Ільіч паклаў бублік на стол, вылавіў тапак, прымераў.
- Вось усе думаюць, што ў мяне ўсё ёсць. А ў мяне нават тапкаў зялёных няма. Хоць, мусіць, і не трэба. Бо я ў іх буду, як жаба, - адкінуў ён тапак і выцер рукі аб лампасы. - Я цябе, Мікіта, не скідваў. Я цябе зняў. Бо ты валюнтарыст. Вось жа прасіў цябе абаранкі да кефіру купіць! А ты купіў бублік… І што мне сказаў? Калі абаранкі, сказаў, дык каму як. Каму адзін, каму два. Каму тры… Гэта капіталізм. А бублік - адзін на ўсіх! Гэта камунізм!
Віктару ўспомнілася, як Хрушчоў прыязджаў у Мінск. Выступаючы на мітынгу, абвясціў, што камунізм ужо не за гарамі і беларусы будуць у ім першыя. Бо гавораць па-руску. У камунізм, выходзіла, будуць прапускаць па моўным прынцыпе.
"Гэта рускі камунізм, - сказаў тады Барада. - А не нейкі там камунізм хахлоў ці бульбашоў".
- Мы ўжо былі б у камунізме, калі б ты змоўшчыкаў супраць мяне не сабраў, - крыўдліва зморшчыўся Хрушчоў, на што ці то Сюзана, ці то Люцыя зняла з ягонай галавы капялюш, пацалавала ў лысіну: "І мы былі б з вамі! Бо голыя!" - а Брэжнеў павярнуўся да Віктара, вочы звузіўшы: "Як там Грачын? Капае пад мяне?.. Андропаў кажа, што капае. Ты не ўздумай таксама рыдлёўку ўзяць, на з’ездзе што-небудзь ляпнуць. Хоць і дзіцячая твая рыдлёвачка, але ёй і закапаю. Ці ўтаплю, - скінуў са стала шклянку, якая, булькнуўшы, патанула, Генеральны сакратар ЦК КПСС і падняўся, здзіўлены, папоўз уверх бровамі. - Галя!.. Ты чаму голая?.."
На парозе кабінета, засланіўшы ўвесь дзвярны праём, узнікла дачка Брэжнева, апранутая гэтак жа, як Сюзана з Люцыяй. "Купаюся, - сказала яна. - Мне басейн з кватэры зрабілі. Плаваю і чую, як Круча падбівае Маргера супраць цябе выступіць. На з’ездзе. Маўляў, героем станеш, слава на ўвесь свет! І Маргер пабойваецца, але не адмаўляецца. Так што абодвух у басейне ўтапіць і ў падлогу закапаць. Разам з гэтымі лярвамі, - непрыязна зірнула голая Галя на голых Сюзану з Люцыяй, якія ўскрыўдавалі: "Дарма вы так, Галіна Леанідаўна! Мы пісталет ім перадалі, каб яны застрэліліся. Вунь на кніжнай паліцы ляжыць", - паказала, дзе ляжыць пісталет, ці то Сюзана, ці то Люцыя, і Брэжнеў зашлёпаў ад стала да паліцы, звужанымі вачамі гледзячы на Віктара, які раптам зразумеў, чаму застрэліўся Маякоўскі: бо не хацеў, каб яго ў басейне ўтапілі, у падлогу закапалі, лепей самому.
"На! - падаў пісталет Брэжнеў. - Сам дык сам. За падман партыі!" - "Я не падманваў, - узяў пісталет Віктар. - У мяне ніхто не пытаўся, у партыі я, ці не? У Мінску думалі, што я ў Маскве партыйны, а ў Маскве - што ў Мінску". - "У партыю ўступаюць не па месцы, а па сэрцы!" "Я не думаў уступаць!" - "А што ты думаў?" - "Нічога!" - "Дык цяпер падумай, куды лепш страляцца? Маякоўскі ў сэрца, але лепш, мяркую, у галаву. Каб пасля не думаць: а на хрэна застрэліўся? Ну, давай! На лік тры!.."
Віктар прыставіў браўнінг да скроні, Брэжнеў пачаў лічыць: "Раз, два." - і на лік тры ў дзвярах узнік дырэктар антыкварнай крамы Вензель: "Засцерагальнік здыміце!" Ці то Люцыя, ці то Сюзанна засмяялася: "Засцерагальнік паставіў, каб застрэліцца. Во ідыёт!.." - і тут пісталет стрэліў. Сам, Віктар не націскаў курок. Адчуў, як увайшла, прабіўшы левую скронь, куля, і як яна, прабіўшы правую, выйшла. Здзівіўся, што без крыві і без болю. Дачка Брэжнева закрычала: "Прыдуркі! Я прыйшла, каб выпіць з вамі! Ягор налівае, калі залівае!.." - і Круча схадзіў на кухню, прынёс келіхі.
Віна не было, за ноч усё выпілі. Вензель узяў пустую пляшку, нагнуўся, набраў вады з-пад ног. Разліў па келіхах, падняў свой: "Галоўнае ў жыцці - правільна засцерагацца. Тады ў ім не будзе ідыётаў!"
Вада ў келіхах стала барвовай. Усе выпілі, дырэктар антыкварнай крамы сказаў, губы аблізаўшы: "А цяпер - памінкі!" - і ўсчалася памінальная оргія. Брэжнеў ці то з Сюзанай, ці то з Люцыяй, Хрушчоў ці то з Люцыяй, ці то з Сюзанай, Круча з дачкой Брэжнева, а Вензель падышоў да Віктара, сеў на канапу: "Гэта не я, гэта яны самі. Увогуле, каб вы ведалі: усе ўсё самі і кожны сам. Пасля выдумляюць, нібы нехта іх ці змусіў, ці спакусіў. Вось і вы пасля выдумляць будзеце, што не самі, што вас ці спакусілі, ці змусілі. Круча, Сюзана, Брэжнеў, партыя, я. - І забраў у Віктара пісталет. - Без мяне фокус не паўтарайце, можа не выйсці. Як у Маякоўскага не выйшла".