XIII
Купала ўжо задрамаў на скураной канапе, калі ў кабінет Сталіна ўвайшоў Гітлер. У лётным шлеме з чырвонай зоркай.
- Прыснулі? - спагадліва спытаў ён Купалу. - І замахаў рукамі, убачыўшы, што Купала падымаецца. - Спіце, спіце!.. Мы з Іосіфам час ад часу мяняемся. Ён там за мяне, я тут за яго… Сеў на самалёт - і ў Крамлі.
Гітлер падышоў бліжэй, і Купала ўбачыў, што ў яго розныя вочы. Адно зялёнае, якое міргала, а другое карычневае, якім ён глядзеў не міргаючы.
- Бачу, што здзівіліся, - угледзеўся ён у Купалу неміргаючым вокам. - Не можаце зразумець… Нашы ідэі пераўтварэння свету падобныя. Як і спосабы дзеянняў. Так што і я тут, і ён там, як дома. Без асаблівых праблем. Ну, хіба з габрэямі… Ды спіце, спіце! Што вас так занепакоіла? Вы ж, наколькі мне вядома, не габрэй.
Ужо не спрабуючы зразумець, як гэта Гітлер, няхай і ў лётным шлеме з чырвонай зоркай, замест Сталіна можа быць і як Сталін можа быць замест Гітлера, Купала падумаў: "Габрэй, не габрэй. Скуль ён увогуле мяне ведае?.." - а фюрэр сказаў, нібы не паверыўшы, што Купалу пра тое невядома:
- Як скуль ведаю?.. Я ведаю вас праз майго даўняга партыйнага сябра Вільгельма Кубэ, якога паставіў генеральным камісарам у Беларутэніі. - І Гітлер міргнуў зялёным вокам. - Нічога, што я гэтак Беларусь называю?.. Вільгельм настойвае менавіта на такой назве. Ён у мяне вучоны. Яшчэ й паэт, драматург, як і вы. І як Мяркулаў, - раптам весела ўспомніў фюрэр. - Абое рабое. Што ў Сталіна, што ў мяне. Сталінскі "драматург" на свайго начальніка, на Берыю данос напісаў, а мой - на майго намесніка. На Бормана. Прыдумаў, нібы ў таго цешча габрэйка. Калі высветлілася, што не, непрыемнасці былі ў Вільгельма. Судзілі за паклёп партыйным судом. Хоць, можа быць, дарма. Яшчэ нябожчык Гейдрых западозрыў, праз што ангельцы і забілі яго, што ў маім блізкім атачэнні з’явіўся "крот". Сталінскі агент з мянушкай Вектар. Дык вось гэтым Вектарам, калі верыць амерыканцам, быў якраз Борман. Так што нездарма ўнюхаў Кубэ ў ім нешта не тое. І я адчуў, што нездарма, дапамог Вільгельму выслізнуць з-пад суда за паклёп. Як ён некалі, даўно, яшчэ ў тую вайну, дапамог мне выслінуць з-пад суда за сімулянцтва. - Гітлер хіхікнуў. - Я, між намі, калі на вайну ўзялі, надта не хацеў, каб мяне забілі. А хто хоча?.. Дык Вільгельм доктара знайшоў, габрэя, які напісаў, што я не зусім нармальны. Маўляў, мастак. І паглядзіце, што малюе. У судзе паглядзелі і згадзіліся, што так, ненармальны. А я неблагім мастаком мог быць, калі хочаце ведаць. Калі б не іншае прадвызначэнне. І калі ўжо Кубэ за нагавор судзілі, я сказаў: ён жа драматург! Ці мала якія ў драматурга могуць быць фантазіі! І саслаў яго ў правінцыю, далей ад рэйхсфюрэра Гімлера, які на яго зуб вастрыў. Пасля перавёў, хоць усе былі супраць, у Мінск. Ён, дарэчы, і пасля вайны хацеў у Мінску гаспадарыць. І каб не мець лішніх праблем, пачаў збліжацца з вашымі, як вы іх назвалі, тутэйшымі. Пад Мінскам раскопкі правёў, шкілет нейкі выкапаў і ў Берлін прыцягнуў, каб даказаць, што беларусы - арыйцы. І што ў адносінах да іх трэба праводзіць іншую палітыку, чым у адносінах да рускіх. Продкі беларусаў, маўляў, былі ў Еўропе - і нашчадкаў іх трэба вяртаць да Еўропы. Уключыць Беларутэнію ў склад Рэйху. Як аўтаномію. Даць ёй прыкметы дзяржаўнасці. Сцяг, герб. Во як усё магло павярнуцца. А вы: "Партызаны, партызаны, беларускія сыны, біце ворагаў паганых, каб не ўскрэслі век яны!.." Яно ўвогуле правільна, толькі не ў той бок напісана. Ці ў той?.. Вы хітры такі? - раптам зыркнуў фюрэр на Купалу карычневым вокам. І доўжыў, не дачакаўшыся адказу. - А Кубэ, каб давесці, што вы арыйцы, што ў нас з вамі адны карані, вось што пісаў… Пачакайце, дайце ўспомніць. Як там?..
"Мы з Рэйху, звязаныя ніткай адной
З сівой даўніной, што не стлела,
Саткаць дапаможам вам белы сувой,
Каб гэта краіна пад зоркай сваёй
І хлеб свой, і радасць займела",
- прачытаў па-беларуску нават лепш за Сталіна, без ніякага акцэнту Гітлер. І рукі пацёр задаволена. - Бачу, што ўразіў вас. Я і сам уразіўся, наколькі гнуткая мова. Яна і для вершаў, і для вайсковых загадаў. Як і нямецкая. Таму мне й падумалася, што, мажліва, Кубэ не такі ўжо фантаст. Перагаварыў пра гэта з Гімлерам, спытаў, што ён думае пра арыйскі шкілет, пра вершы? Пра ўсё, што робіць Кубэ ў Беларутэніі. І ведаеце, што мой намеснік адказаў? Што Кубэ за гэта адразу можна было б расстраляць, але можна й пачакаць, пакуль яго за гэта кончаць рускія… Вось вы ўсё цяпер наперад ведаеце, дык скажыце: сапраўды яго рускія заб’юць? Ці нашы?..