Выбрать главу

Купала ведаў, што скажа Гімлер, калі Кубэ скончыць жыццё на міне, падкладзенай пад ложак у ягонай спальні. "Якое шчасце для Айчыны!" - скажа рэйхсфюрэр Гімлер.

Фюрэр пазяхнуў.

- Зрэшты, гэта не так важна, спіце… Каб вы толькі ведалі, як я сам спаць хачу! Заснуў бы мёртвым сном, здаецца. Але як заснеш, калі вайна? Калі за табой Айчына, нацыя… - прайшоў ён углыб кабінета і сеў на месца Сталіна. - За вамі, між іншым, таксама. Не такая, вядома, як за мной, Айчына і не такая нацыя, але кожны мае тое, што мае. Што вырваў у іншых! - сціснуў у кулачок левую руку, якая была не большай за скалечаную руку Сталіна, Гітлер. - Ці што іншыя далі. У тую вайну вы нічога не займелі, і з гэтай вайны не вырвалі нічога, але Кубэ кажа, што пара вам нешта даць. Праблема толькі ў тым, што даваць няма каму. Вось я выканаў сваё прадвызначэнне, узвысіў Нямеччыну і немцаў, - узняўся над сталом Сталіна Гітлер, - а вы сваё - не! Хоць маглі выканаць, калі б не падаліся ў Маскву. Гэта не я прыдумаў, гэтак Кубэ напісаў мне тры дні таму. І яшчэ ён напісаў, што праз тое, што мы збіраліся вас сімвалам зрабіць, вас і забілі. Спытаю сёння Іосіфа, ці так?..

Гітлер зноў прысеў, зірнуў на гадзіннік.

- Калі дачакаюся яго… Ён у Берліне ў генералаў маіх. З імі там думае, што з намі тут рабіць? Мы Севастопаль сёння ўзялі. На чарзе Сталінград. У, як Іосіфу гэта не падабаецца! Ну, што мы збіраемся на Сталінград пайсці. Кажа мне: ідзіце на Варонеж! Там абарона не такая моцная. Быццам я не ведаю, дзе і якая ў яго абарона.

Гітлер, як нешта ўспомніўшы, засунуў руку ў правую кішэню нагавіц, дастаў пісталет.

- Ледзь не забыўся… Што гэта, думаю, мне муляе ўнізе?.. Іосіфу, калі Сталінград возьмем, толькі страляцца. А хто яму пісталет дасць? Дый пісталеты савецкія так сабе. Асечка можа быць, потым будзе мучацца. Нюрнберг, суд... А гэта "Вальтэр", - паклаў ён пісталет на стол. - Без асечак. - І ўздыхнуў. - Не трэба было яму сваім іменем горад называць. Вось у мяне ж няма Гітлерграда. Навошта ён Сталінград прыдумаў? З гэтага нават Манштэйн, які Севастопаль сёння ўзяў, жартуе. Маўляў, няхай зноў назаве горад Царыцыным. Тады можна будзе сказаць, што наўмысна яго здаў, каб пакончыць з царызмам. Дык Іосіф ускрыўдаваў. Гумару нямецкага не зразумеў. Хоць, калі па праўдзе, іншым разам Манштэйн не надта ўдала жартуе. Мне можа нагадаць, што я яфрэйтар, а ён генерал. Іосіф такога генерала тут жа расстраляў бы, як Тухачэўскага, а я трываю. Бо хто мне гарады будзе браць?.. Я Манштэйну гэтаму, - зноў скрушна ўздыхнуў фюрэр, - сёння званне фельдмаршала прысвоіў. Дык Іосіф паляцеў, каб павіншаваць яго. Ну, заадно. А Манштэйн цяпер будзе казаць, што я яфрэйтар, а ён фельдмаршал.

У Гітлера твар скрывіўся - гэтак яму не падабалася перспектыва размовы з Манштэйнам, які стаў фельдмаршалам.

- Можа, мне генералісімусам стаць? Гебельс вушы прасвідраваў: станьце, станьце. І вам, дарэчы, калі б у Мінску засталіся, я мог званне прысвоіць. Не фельдмаршала, вядома. А, напрыклад, ганаровага сябра Імперскай палаты літаратуры. Ці народнага паэта Рэйху. Або лаўрэата Гітлераўскай прэміі. Зрэшты, можна і тое, і другое. Прэміі Гітлера, праўда, пакуль няма, ёсць прэмія Гётэ, але чаму б не заснаваць маю?.. Ці вам не падабаецца ідэя? - трохі ўзнерваваўся фюрэр. - Па вачах бачу. Чаму?.. Лаўрэатам сталінскай прэміі можна быць, а лаўрэатам гітлераўскай прэміі - не? А якая розніца, калі я там - тое самае, што ён тут? І я там, да вашага ведама, столькі літаратараў, колькі ён тут, не знішчыў. Паэтаў нямецкіх сотнямі не страляў, як ён савецкіх. Ці я проста сам па сабе вам не падабаюся?..

Гітлер, уважліва паглядзеўшы на Купалу, мусібыць, вырашыў, што так, не падабаецца ён яму, і ўскрыўдаваў.

- А Кнуту Гамсуну падабаўся! І Герхарту Гаўптману! А Гаўптман не нейкай там Сталінскай прэміі лаўрэат. Нобелеўскай! Як і Кнут Гамсун, пра якога ваш Горкі сказаў, што ягоныя творы - святое пісанне. І што мы ў тым пісанні чытаем?..

Фюрэр дастаў з адной кішэні фрэнча ключ, з другой фотаздымак, паклаў яго на стол: "Пачакайце, надпішу, а то забудуся." - і, надпісаўшы фота, адамкнуў верхнюю шуфлядку сталінскага стала, узяў з яе нататнік.

- Гэта Іосіфа нататнік, ён запісаў тое, што Гамсун пра мяне сказаў. Зайздросціць, - пагартаў нататнік Гітлер. - Слухайце: "Англія хацела вайны, і Гітлер агаліў меч. Ён, крыжаносец і рэфарматар, хацеў стварыць новую эпоху і новае жыццё для ўсіх народаў, усталяваць непарушнае міжнароднае адзінства дзеля росквіту кожнай краіны. І высілкі ягоныя не сталі марнымі, народы і нацыі падтрымалі яго, сталі поплеч з ім, каб разам змагацца і перамагчы!.." І ведаеце, што, сказаўшы так, яшчэ зрабіў Гамсун? Аддаў свой нобелеўскі медаль майму "святапісцу" Гебельсу! Той жа таксама пнецца ў пісьменнікі... усе чамусьці ў пісьменнікі пнуцца... дык ачмурэў ад шчасця, падумаўшы, што гэтак Гамсун ацаніў ягоную пісаніну. Спытаў Гамсуна: "Чым я магу аддзячыць вам?" І пачуў: "Сустрэчай з Адольфам Гітлерам". І "святапісец" мой павесіў нос на квінту.