Паклаўшы на месца нататнік і зверху пісталет, Гітлер дастаў з шуфлядкі складзена аркуш паперы. Разгарнуў:
- А гэта што?.. "Даўно ведаю таварыша Луцэвіча Івана Дамінікавіча і рэкамендую прыцяць яго ў партыю вялікага правадыра савецкага народа таварыша Сталіна…" А вы, Іван Дамінікавіч, у партыю вялікага правадыра нямецкага народа не жадаеце ўступіць? Я напішу рэкамендацыю, - перавярнуў аркуш Гітлер і на звароце той жа паперы, на якой Купала быў рэкамендаваны ў партыю Сталіна, той жа самапіскай Гітлер напісаў яму рэкамендацыю ў Нацыянал-сацыялістычную нямецкую рабочую партыю. - Няхай будуць дзве, - хукнуў ён на свой подпіс і склаў паперу. - Ці мала як справа павернецца. Вунь у Гамсуна як павярнулася, калі ён са мной сустрэўся? Гвалт ва ўсім свеце ўсчаўся! Ангельцы, амерыканцы, французы, самі нарвежцы калабарантам яго, здраднікам назвалі. "Як можна, - крычалі, - паціскаць руку, якая ў крыві!.." Дык уся гісторыя - кроў! Праз Хрыста колькі крыві пралілося? Ён сам казаў: "Не думайце, што я прыйшоў, каб прынесці мір на зямлю. Не мір прыйшоў я прынесці, а меч!" Ні праз каго не пралілося болей крыві, чым праз яго, а вы яму не рукі, вы ногі яму цалуеце! Божы сын прыйшоў свет уратаваць! А каго ён уратаваў, што ён зрабіў сваім прышэсцем? Парушыў, у друз перамалоў антычны свет! Свет волатаў, свет герояў, які праз яго стаў светам убогіх! Дык вось я сваім прышэсцем сапраўды ўратую свет, вярну ў яго волатаў і герояў. У гэтым мая місія! І той жа Гамсун, у адрозненне ад многіх, гэта разумеў. Вось ён - герой! Ведаеце, дзеля чаго ён хацеў пабачыцца са мной, разумеючы, як яго за гэта будуць ганьбіць, зневажаць? Што прасіў пры сустрэчы? Бачу, што ведаеце. І ён гатовы быў дзеля гэтага паставіць сябе на скрыжаванне ганьбы і знявагі. А паставіць сябе дзеля Айчыны на скрыжаванне ганьбы і знявагі - гэта нават не грудзьмі на кулямёт кінуцца. Там імгненне, іскра, а тут... Тут насамрэч вялікі подзвіг. І вы маглі б паўтарыць яго. Шкада, што вы пра гэта не падумалі, перш чым ад нас з Мінска ў Маскву ўцякаць.
У дзверы асцярожна пастукалі. Гітлер хуценька сунуў паперку з рэкамендацыяй у шуфлядку, замкнуў яе, падняўся з-за стала: "Заходзьце!"
- Адольф Алаісавіч, ваш самалёт запраўлены, гатовы да вылету, - зазірнуў у кабінет сакратар Сталіна генерал Паскробышаў, пра якога Купала раптам успомніў, што Сталін жонку ягоную расстраляў, і, мусібыць, сакратар адпомсціць Сталіну хоча, таму Гітлера ў кабінет пускае і ключы яму ад сталінскага стала дае, дзе самыя сакрэтныя паперы ляжаць, а Гітлер сказаў, выходзячы ў дзверы, у якія ўваходзіў Сталін: "Зусім не таму… І зусім не пра тое вам, Іван Дамінікавіч, думаць трэба. Пра місію Гамсуна думайце, пра тое, што ён прасіў…" - і яны, Гітлер са Сталіным, прайшлі адзін скрозь аднаго, не размінаючыся, так, нібы абодва былі бесцялесныя, жывыя нябожчыкі…
"Во як выкруціў, - пачаў паціху ачомвацца Купала. - Ведаю я, пра што Гамсун прасіў. Прасіў Нарвегію пакінуць Нарвегіяй… Прасіў захаваць незалежнасць краіны, не рабіць з яе пратэктарат… Прасіў спыніць гвалт, расправы… Прасіў, прасіў, прасіў… А Гітлер адказваў: "Гэта пасля вайны, пасля вайны, пасля вайны…" І ўсё б нічога, можна было б лічыць гэта місіяй і нават вялікім подзвігам, калі б пасля вялікай вайны і вялікай крыві вялікі нарвежац не напісаў: "Мы, верныя прыхільнікі Гітлера, схіляем свае галовы перад тварам ягонай смерці".
- Прачнуліся? - прайшоў да свайго стала Сталін. - Зноў снілі вашы беларускія сны? Цуда нейкага ўсё чакаеце?.. А там, - кіўнуў ён на дзверы, - камісар чакае.
Купала падняўся, падышоў бліжэй, каб развітацца, а Сталін сеў, узяў фотаздымак, пакінуты Гітлерам.
- Дзе гэта мы з ім?.. - перавярнуў ён фота. - Што тут напісана?.. - І ўголас прачытаў: "Іосіф! Манштэйн хоча на поўдзень, але я пашлю яго на поўнач. На Ленінград. Твой Вектар".
Купалу, можа быць, і здзівіла б тое, што ён пачуў, калі б не ўразіла тое, што ён убачыў. На павернутым да яго здымку Сталін з Гітлерам сядзелі на лаўцы ў Горках. На той самай, на якой сядзеў некалі ў Горках Сталін з Леніным.