Выбрать главу

- На Ленінград, - кінуў Сталін здымак на стол. - А сёння яны ўзялі Севастопаль. - І спытаў, тэлефонную трубку заклапочана падымаючы: - Як вы думаеце, Іван Дамінікавіч: нам вяртаць Крым?.. Мне дык болей Каўказ даспадобы.

14

Кабінет члена Палітбюро ЦК КПСС, сакратара ЦК КПСС таварыша Miхаіла Андрэевіча Суслава, які адказваў у СССР за правільную ідэалогію, быў такі вялізны, што чалавека, які сядзеў за сталом у канцы кабінета пад партрэтам Леніна разглядзець можна было хіба ў тэлескоп. "Праходзьце, таварыш Маргер..." - зачыніў за Віктарам дзверы памочнік таварыша Суслава, і Віктар доўга, нават вельмі, як яму здалося, доўга йшоў па кілімавай дарожцы спачатку да стала, які стаяў, абстаўлены крэсламі, уздоўж кабінета, пасля ад стала, які стаяў уздоўж, да стала, які стаяў упоперак, з-за якога сухі, як Кашчэй, гаспадар кабінета кіўнуў вузенькай даланёй: "Сядайце там…"

Вярнуўшыся да стала, што стаяў уздоўж, Віктар стаў каля апошняга крэсла, чакаючы, калі таварыш Суслаў падымецца і перасядзе з-за аднаго стала за другі стол, а той не падымаўся, адной рукой гартаючы, бо другую трымаў так, як яна застыла, калі ён кіўнуў далонню Віктару, нейкія паперы, а потым падняў той рукой тэлефонную трубку. адну, другую, трэцюю, нібы хацеў паказаць, колькі ў яго тут усялякіх тэлефонаў, нарэшце сказаўшы ў нейкую: "Праз паўгадзіны Смірцюкова да мяне..." - з чаго вынікала, што на аўдыенцыю Віктару адпушчана паўгадзіны і, мусібыць, Суслаў выклікаў Смірцюкова, каб разабрацца, як гэта паэт, ды яшчэ беспартыйны, якому проста даручана вершык прачытаць, дэлегатам партыйнага з’езда стаў, на што Віктар быў гатовы адказаць, а Суслаў усё гартаў, перакладваў паперыну за паперынай, пакуль у дзверы за ягонай спінай не ўвайшла пухленькая, уся ў кудзерках жанчына ў белым хвартушку з падносам, на якім стаялі крышталёвая цукерніца, сподак з нарэзаным лімонам і шклянка ў бліскучым падшклянніку. Шклянка на падносе была адна, праз што жанчына, убачыўшы, што ў кабінеце двое, нерашуча спынілася, а таварыш Міхаіл Андрэевіч Суслаў паківаў ёй даланёй у бок Віктара: маўляў, гэта яму, - і калі афіцыянтка, ці як тут такія жанчыны называюцца, паставіўшы каля таго крэсла, дзе стаяў Віктар, цукерніцу, сподак і шклянку, выйшла, таварыш Суслаў перастаў перакладваць паперы: "Знайшоў. А то таварыш Андропаў пакрыўдзіўся б..."

Чамусьці Віктар падумаў, што імя таварыша Андропава, старшыні КГБ СССР, таварыш Суслаў у самым пачатку размовы назваў не выпадкова.

- Ён вершы піша, - падняў знойдзеную паперу таварыш Суслаў. - У нас амаль усе, ведаеце, пішуць вершы. Вось паслухайце. "Сбрехнул какой-то лиходей, как будто портит власть людей. О том все умники твердят с тех пор уж много лет подряд, не замечая (вот напасть!), что чаще люди портят власть". - І гаспадар кабінета адклаў паперку. - Як вам?..

Віктар не ведаў, што сказаць. Дакладней, ведаў, але ж не скажаш такое пра вершы старшыні КГБ СССР члену Палітбюро ЦК КПСС.

- Не ведаеце, што сказаць? - разгадаў, што не цяжка было, ягонае маўчанне Суслаў. - Вось і я не ведаю. Думаю... - паклаў ён на месца паперку з вершамі таварыша Андропава, якому, пэўна, нехта ва ўладзе не падабаўся, інакш для чаго б таварыш Суслаў гэтыя вершы чытаў, а ён прачытаў іх вельмі выразна і ўзяў з зялёнай тэчкі, якая ляжала справа ад яго, іншую паперку. - Калі ласка, растлумачце мне, чаму з’езд партыі можна вітаць: "Плыви, страна, эпохи ледокол!.." - між іншым, не кепска, зусім не кепска… а Генеральнага сакратара партыі - не? У чым тут праблема?.. Не разумею. І таварыш Андропаў не разумее. Дарэчы, я патэлефаную зараз яму, скажу, што вы ў мяне. Ды вы не стойце, сядайце. Піце гарбату, ешце цукеркі. Крамлёўскія. Такіх смачных вы ніколі не елі. Дый я не еў. Я ўвогуле не ем цукеркі, а мне прыносяць.

Віктар сеў. Пачуваў ён сябе скавана, няўтульна, тым больш, што яго адразу "канторай" палохаць сталі, але ўсё ж з цікаўнасцю глядзеў на чалавека, які, па словах Грачына, нічым і ніяк, калі не лічыць таго, што быў худзейшы за ўсіх, не вылучаўся сярод членаў Палітбюро, а вось жа больш за іншых патрэбны быў і Сталіну, і Хрушчову, і Брэжневу, якія набліжалі яго да сябе, даручаючы тое, што мала каму маглі даручыць. "Давяралі, - казаў Грачын. - У ягоных руках даўно ўжо, яшчэ ад часоў Сталіна, партыйная валютная каса - усе сродкі на фінансаванне братніх замежных партый. Гэтыя грошы практычна немагчыма кантраляваць, а ён капейкі сабе ў кішэню не паклаў - ды яшчэ двойчы ў год пералічвае ў партыйную касу частку сваёй зарплаты. Трыццаць гадоў адно і тое паліто з каракулевым каўняром носіць. Неяк Брэжнеў на Палітбюро прапанаваў скінуцца на паліто Суславу, дык ён сам нарэшце новае купіў. У яго дома нават мэбля не свая, казённая з цэтлікамі "Упраўленне справамі ЦК КПСС". Свае ў яго хіба толькі галёшы, якія ён ні зімой, ні летам не здымае".