Выбрать главу

Суслава так і называлі: "чалавек у галёшах". Яшчэ "бухгалтар". Але гэты нехлямяжны з выгляду "бухгалтар у галёшах" быў хітрым, крутлявым палітыкам і жорсткім чалавекам. Той жа Грачын распавядаў, як Суслаў дапамог Хрушчову скінуць маршала Жукава з пасады міністра абароны. "Дарэчы, мала хто, - казаў Грачын, - ведае, за што? А за тое, што Жукаў таемна, не сказаўшы ні слова Хрушчову, вырашыў стварыць школу дыверсантаў, сваю асабістую, можна сказаць, армію, у якую набраў дзве з паловай тысячы галаварэзаў, якім немалую зарплату збіраўся плаціць. Як некалі Берыя гэта зрабіў. І ўсе баяліся з Жукавым звязвацца, Хрушчоў саюзнікаў не мог знайсці. А "бухгалтар" пралічыў сітуацыю і стаў на бок Хрушчова. Абвінаваціў Жукава ў падрыхтоўцы ваеннага перавароту. Рызыкаваў, але выйграў. А пазней выступіў ужо супраць Хрушчова, свайго дабрадзея, дапамогшы заняць ягонае месца Брэжневу і стаўшы другім чалавекам ва ўладзе. Цяпер, калі галёшы не згубіць, можа і першым стаць".

Андропаву тэлефанаваць Суслаў не стаў, падсунуў бліжэй да сябе і разгарнуў зялёную тэчку.

- У ЦК камсамола вам прапанавалі напісаць некалькі радкоў, прысвечаных таварышу Леаніду Ільічу Брэжневу. Вы адмовіліся. І мы маглі б знайсці іншага паэта, які палічыў бы гэта за найвялікшы гонар. Так, пэўна, і зробім. Толькі перад тым… - замоўк на некалькі секунд гаспадар кабінета… - перад тым таварыш Грачын, да якога я даўно стаўлюся з вялікай павагай, папрасіў мяне пагаварыць з вамі. Сказаў, што вы савецкі чалавек, патрыёт, а ўсё, што тут, - пальцам пастукаў па зялёнай тэчцы сакратар ЦК, і Віктар успомніў, што Суслаў на пасадзе сакратара ЦК ужо амаль трыццаць пяць гадоў, што ён прасядзеў у гэтым крэсле даўжэй, чым Віктар жыве на свеце, - усё гэта нагаворы і паклёпы ворагаў і зайздроснікаў. Што ж, у нас, на жаль, такое пакуль бывае, і я гатовы паверыць, але... Але глядзіце: вы яшчэ хлапчук - і ўжо ў антысавецкай групоўцы. Групоўка ў Мінску, а справай яе займаецца Лубянка. І як вы мне дакажаце.. - падумаў пра нешта і трохі змяніў інтанацыю, сцішыў пракурорскія ноткі Суслаў. - хоць мне, можа, і дакажаце, але як вы пераканаеце таварыша Андропава, што маскоўскія чэкісты займаліся ў Мінску абы-чым? Прыдуманай справай. Ці вось... Вы ўжо ў Маскве, студэнт літінстытута. Антысавецкі спектакль на фабрыцы "Дукат". Як тут напісана: "У падвальным памяшканні. Са здзекам са сцяга СССР". Вас пасадзілі б, калі б таварыш Грачын не заступіўся. - паглядзеў Суслаў нейкую паперку і адклаў яе ўбок. - Дарэчы, апошнім часам вы бываеце ў таварыша Грачына дома, на дачы. А таварыш Андропаў у гасцях у таварыша Грачына апошнім часам бывае?..

Віктар часта ўспамінаў гэтае пытанне Суслава, калі таго не стала, і калі папаўзлі па Маскве чуткі, што ён не сам, што сысці на той свет яму дапамаглі. Хто дапамог? Вядома, КГБ. Хто ж яшчэ, калі месца Брэжнева заняў старшыня КГБ Андропаў? Хоць мусіў заняць, як другі чалавек ва ўладзе, Суслаў. Калі б раней за Брэжнева не памёр.

"Брэжнеў ледзь целяпаецца, - казаў Віктару, дамовіўшыся пра ягоную сустрэчу з Суславым, Грачын. - Суслаў хоць і старэйшы за яго, але здаравейшы. Так што ён яшчэ паспее генсекам стаць. Таму я і хачу, каб ён пагаварыў з табой зараз. Іншага выпадку не будзе.

Гэта адно.

Другое. Калі ты ўвойдзеш у дзверы кабінета Суслава, ты бокам абыдзеш дзверы кабінета Андропава. Ніхто з камітэта пасля тваёй сустрэчы з Суславым чапляцца да цябе не стане. Да кожнай, нават самай дробязнай справы, да любой сустрэчы Суслаў рыхтуецца сур’ёзна, таму абавязкова запатрабуе ад камітэтчыкаў тое, што ў іх на цябе ёсць. Юначыя твае забаўкі - такой бяды, а вось тое, што Посух напісаў… Суслаў, каб ты ведаў, быў першы ў Палітбюро, хто прагаласаваў за ўвод нашых войскаў у Афганістан. І настойваў на тым. Але сказаць, што нехта напісаў кепскі сцэнар фільма пра Афганістан, не азначае быць супраць нашай дапамогі Афганістану. Ты ж не супраць?.. Вось я Суславу так і патлумачыў. Ён, дарэчы, прызначаны старшынёй камісіі ЦК КПСС па польскім пытанні. Таксама прапаноўваў войскі ўвесці, калі ў Польшчы "Салідарнасць" вэрхал усчала. Але ў гэтым яго не падтрымалі. Ваяваць на поўдні, ваяваць на захадзе - гэта занадта. І цяпер ён шукае іншыя варыянты. Кажа: "Не штыком, дык пяром". Калі раптам пра Польшчу з табой загаворыць, будзь асабліва ўважлівы. З’явіцца талковая ідэя - выкажы. Але - калі талковая. Калі не - лепш памаўчы.

І трэцяе. Ты павінен спадабацца Суславу. Найперш дзеля гэтага я і ўгаварыў яго прыняць цябе. Калі спадабаешся, ніхто з пісанінай Посуха не будзе разбірацца. Кар’ера твая можа пачацца ў абыход камсамола. Рыўком. Зразумеў?.. "