- Дык як часта ў Грачына гасцюе Андропаў? - пачакаў трохі Суслаў адказу Віктара, але паўза гэтая цягнулася не даўжэй за іншыя. - Зрэшты, можаце не адказваць. Я ведаю, што бывае - і часта. І ведаю вашы адносіны да Васіля Дзям’янавіча. Дый таварыш Андропаў ведае. Таму дзіўна, што ён патэлефанаваў і сказаў... - узяў Суслаў з тэчкі яшчэ адну паперку.- сказаў, што яму даклалі пра вас... даклалі, нібы вы маеце нейкае дачыненне да замаху на жыццё таварыша Грачына. Я разумею, што лухта, што не можа такога быць, я нават Васілю Дзям’янавічу, які пра гэта не ведае, нічога не казаў і казаць не збіраюся, - убачыўшы, як у Віктара, які ў гэты момант узяў шклянку з гарбатай, здрыгануліся рукі, з ціхай даверлівасцю прагаварыў і тут жа дастаў чарговую паперку з тэчкі Суслаў. - Але на Лубянцы нехта можа паспрабаваць з гэтага лайна цукерку зрабіць, бо ёсць паказанні дырэктаркі 300-й секцыі, у якой вы былі з дачкой Васіля Дзям’янавіча перад самай аварыяй, і дырэктарка гэтая сведчыць, што вы настойвалі, каб. як тут напісана, "каб таварыш Васіль Дзям’янавіч Грачын не толькі прыслаў машыну, як дачка прасіла, а прыехаў сам".
Віктар паставіў на паднос шклянку з пралітай гарбатай і, хоць ногі слаба трымалі, устаў.
- Ды вы не ўскоквайце, сядзіце, - кіўнуў сваёй сухой далонькай, якая, пэўна, шмат на каго паківала, таварыш Суслаў. - Ніхто сюды не ўвойдзе і нікуды вас не павядзе. Я нават не буду пытацца, што вы можаце на гэта сказаць, бо цікавіць яно не мяне, цікавіць таварыша Андропава, але... Але як зразумець усё астатняе? Адкуль яно ў вас? У маладым чалавеку, выхаваным савецкай школай, камсамолам. - І раптам ён змяніў тэму, у яго, мусібыць, быў такі адпрацаваны прыём у размове: раптам тэму мяняць. - Тут напісана, што вы польскую мову ведаеце. Ведаеце?.. - І калі Віктар кіўнуў, спытаў. - Тады, пэўна, вам вядома, што ў Польшчы ваенны стан? Вельмі напружаная сітуацыя. Трэба вяртаць яе да нармальнай, мабілізаваць дзеля гэтага ўсе магчымасці і сродкі. Польскім пытаннем займаецца адмысловая камісія ЦК КПСС, на апошнім паседжанні якой вырашана паслаць у Польшчу дэлегацыю работнікаў культуры. Яны там баяцца, што мы войска пашлём, а мы ім - паэтаў, музыкаў, спевакоў. Як вам такая ідэя?.. - І не паспеў Віктар нічога адказаць, як Суслаў, які, здавалася, і не чакаў адказаў на свае пытанні, бо загадзя іх ведаў, працягнуў. - Да рускіх у палякаў адносіны не найлепшыя, таму прынятае рашэнне паслаць беларусаў. Ну, вы там бліжэй, адзін аднаго лепей ведаеце… Між іншым, чаму вы запісаны беларусам, калі ў вас бацька рускі? Па маці?.. Дык у нас так не прынята… Але гэта добра, што вы рускі і беларус. Беларус і рускі. Мы ўсе да гэтага прыйдзем. Грузін і рускі, літовец і рускі… Але беларусы, вядома, найбліжэй… Прымаць дэлегацыю будуць таварышы з польскай рабочай партыі. Ні з кім больш, на жаль, пакуль не ўдалося дамовіцца. Кантакты з тымі, хто за нас, зразумела, важныя, але значна важней - нефармальныя кантакты з тымі, хто супраць. Найперш з інтэлігенцыяй. З вашымі знаёмцамі, - зазірнуў Суслаў у зялёную папку, у якой, пэўна, было нешта і пра замежныя паездкі Віктара. - Гэта яны ўсё прыдумалі. "Салідарнасць" і ўсякае такое. Яны. Рабочыя - толькі інструмент, матэрыял… - І ўжо зусім нечакана, гэтак нечакана, што Віктар ледзьве не сеў, хоць гэтым разам сесці яму не прапаноўвалі, гаспадар кабінета сказаў, падняўшыся з-за стала. - Можаце перадаць Грачыну, што я не супраць, каб вы былі ў дэлегацыі. Падрыхтуйце вашы прапановы. Калі паездка дасць плён, калі будзе выніковай, тады вернемся да нашай размовы без гэтага, - адсунуў Суслаў зялёную папку ўбок, бліжэй да краю стала… І калі Віктар павярнуўся, каб пайсці, бо яму відавочна давалі зразумець, што аўдыенцыя скончаная, таварыш Суслаў спытаў. - А чаму вы цукеркі не елі?..
Выйшаўшы з кабінета і спусціўшыся на Старую плошчу, Віктар завярнуў у пельменную на вуліцы Горкага, выпіў, не закусваючы, шклянку гарэлкі і толькі тады ўсвядоміў, што ён не толькі ніводнай цукеркі не з’еў, але й ніводнага слова не сказаў. За паўгадзіны размовы - ніводнага.
XV
Камісар Усевалад Мяркулаў выйшаў з кабінета Сталіна ў добрым настроі. Нават у вясёлым. Ён рызыкнуў - і выйграў. Перажыў некалькі нязручных, небяспечных момантаў, але ўрэшце тое, што задумаў, дзеля чаго прыцягнуў Купалу да Сталіна, удалося.
Сталін сёння дзіўны быў. Такі, якім Мяркулаў раней яго не бачыў. Нешта за гэтым стаяла, штосьці ён задумаў, але зараз не да таго было, каб гадаць: што? Галоўнае, што Сталін даў яму асабістае даручэнне. А значыць, вярнуў давер. Тым, каму не давярае, таварыш Сталін асабістых даручэнняў не дае. І няхай цяпер таварыш Берыя застрэліцца. Ці павесіцца - на выбар.