Выбрать главу

- Ну як? Выспаліся?.. Можа, са свежымі сіламі на Кацельніцкую завернем? - весела прапанаваў ён Купалу, якога правёў да машыны генерал Паскробышаў, па дарозе яму нешта распавядаючы, а Купала сакратара Сталіна не слухаў, нават неяк гідліва, як здалося Мяркулаву, ад яго адварочваўся. - Там нам абодвум ёсць з кім і ёсць пра што пагаварыць.

Так, ёсць з кім і ёсць пра што. Але позна. Дый не гаварыць жа з каханай жанчынай пасля размовы з Гітлерам. Хоць ён у той размове, на чым злавіў сябе толькі тады, калі выйшаў з кабінета Сталіна ў прыёмную, нічога не сказаў.

Вось што гэта было? Смяротны сон?..

Над Краснай плошчай нізка праляцеў самалёт са свастыкай на адным і зоркай на другім крыле.

- Не, дзякуй, - сеў у машыну побач з камісарам Купала. - Я тут пагаварыў ужо, з кім хацеў і не хацеў. А на Кацельніцкай вы пагаварыце, калі ласка, без мяне.

Моўчкі праехалі Красную плошчу, выехалі на вуліцу Горкага.

Мяркулаву ў добрым настроі маўчаць не хацелася.

- А я заўважыў, як вы раўнавалі, калі таварыш Сталін пра яе казаў. Нават больш раўнавалі, чым тады, калі ён казаў пра Горкага. - І камісар пляснуў Купалу па плячы, так яму было хораша. - Дзіўная вы ўсё ж публіка! Каго толькі з вашай браціі ні бараніў я перад таварышам Сталіным! Пісьменнікаў, актораў… Думаеце, гэта ўсё проста давалася? Лёгка абыходзілася? Ды праз гэта ў Берыі ордэн Леніна, а ў мяне ордэн Рэспублікі Тува... - Мяркулаў залез у адну, у другую кішэню кіцеля, пашукаў… - Не, у Куйбышаве пакінуў… Шкада, вам было б цікава. На тувімскім ордэне амаль ваша "Пагоня", толькі вершнік не з мечам, а з кап’ём, - паказаў ён, як вершнік кап’ё трымае… - Дык вось і ў Маскве, і ў Туве, і паўсюль, дзе бываў, я ратаваў вашу брацію. Куляшова, не вашага паэта Куляшова, а то зноў прозвішчы зблытаем, а рэжысёра Куляшова, гэтую "вясёлую канарэйку", як яго называлі, яшчэ ў Тбілісі з турмы выцягнуў… І што? Ён чуткі распусціў, нібы ў падзяку за тое я змусіў яго кінасцэнар пад маім іменем напісаць. Дык цяпер я п’есу напісаў, а ўсе кажуць, што напісаў не я, а ён. Ну, не кажуць, баяцца казаць, але, сабакі, думаюць. А што вы, Іван Дамінікавіч, думаеце пра чалавека, які вас ад смерці ўратаваў?

- Вы мяне ўратавалі? - гэтак здзівіўся Купала, што нават кіроўца, які сядзеў наперадзе з каменным каркам, шыю павярнуў. - А куды мы ў такім разе едзем? Не на маё пахаванне?

Мяркулаў штурхнуў яго плячом у плячо.

- Гэта вы самі выбралі. Я вам толькі што прапанаваў стаць суаўтарам лепшай, весялейшай п’есы. Кшталту вашай "Паўлінкі". Дарэчы, як у вас з ёй? Ведаю, што сустракаліся, я не пра тое… Вы праз ўсё жыццё правялі жанчыну, якая столькі разоў вас… - раскінуў ён рукі, як чалавек, які нечага не разумее. - Вось я чаго не магу ўцяміць, хоць і п’есы пішу. Можа, хоць пра гэта скажыце?

- Я ўсё пра ўсё сказаў, - далей ад Мяркулава адсунуўся, да самых дзверцаў прытуліўся Купала. - Пэўна, вы не чулі.

Да Саюза пісьменнікаў даехалі моўчкі.

- Ну, Кучар, што тут у вас?.. - спытаў Мяркулаў маленькага, да Качарыгі падобнага чалавечка, які ў Саюзе савецкіх пісьменнікаў адказваў за пахаванні, і той за галаву схапіўся: "Кашмар! Прыйшоў нейкі карла, зусім не падобны да нябожчыка, лёг у труну і сказаў, што з яе не вылезе, бо таварыш Сталін загадаў пахаваць яго замест таварыша Купалы. І за гэта даў ордэн".

- Рэспублікі Тува? - спытаў Мяркулаў, і Кучар вачамі залыпаў: "Якой Тува?.. "

У двары Саюза савецкіх пісьменнікаў, рассыпаннымі вакол скульптуры Сяргея Мяркурава "Думка", відавочна перадранай з радэнаўскага "Мысляра", стаялі савецкія пісьменнікі. Рускіх савецкіх было мала: драматург Трэнёў, якому, мусібыць, даручылі развітальнае слова сказаць; побач з ім вусаты, падобны да казака марыніст Новікаў-Прыбой, якога называлі Прабоем; публіцыстка Караваева, знакамітая не столькі тым, што яна напісала, колькі тым, што з Мікалаем Астроўскім, які "Як гартавалася сталь" напісаў, сябравала - і, пэўна, пра тое сяброўства распавядала кіраўніку габрэйскай секцыі Саюза пісьменнікаў Перацу Маркішу, які, быццам прадчуваючы, што Сталін яго расстраляе, глядзеў на Караваеву так, нібы яна разам з Мікалаем Астроўскім можа дапамагчы яму ўратавацца.

Асобнай купкай стаялі літаратары з братніх савецкіх рэспублік: татарын Ерыкееў, з якім не так даўно сустракаўся Купала ў Казані, летувіс Пятрас Цвірка, украінец Пятро Панч… Каля іх, як таксама "братні", пакурваў югаслаўскі паэт Радуле Стыйенскі. Чамусьці ён адзін з усіх убачыў Купалу, узняў руку з цыгарэтай, памахаў яму - і над галавой мармуровага мысляра німбам праплыў лятучы дымок.

Злева, пад круглай сцяной флігеля "дома Растовых", як называлі сядзібу Саюза пісьменнікаў, бо дом гэты апісаў у сваім рамане Леў Талстой, стаялі беларусы. Амаль усе былі ў вайсковай форме: старшыня Саюза беларускіх савецкіх пісьменнікаў Лынькоў, драматург Крапіва, паэты Глебка, Броўка, Танк. Не ў форме былі, ды ўвогуле былі як бы ні ў чым толькі трое расплывістых, як дым, як німб над галавой мяркураўскага мысляра, маладзёнаў. Нават не маладзёнаў, а хутчэй пераросткаў, дзяцей, якія спрабавалі выдаць сябе за дарослых, а на іх усе глядзелі і не верылі, што яны дарослыя, і яны праз тое злаваліся - гэткі ў іх быў выгляд. Хто былі гэтыя трое, Купала ці не ведаў, ці па смерці сваёй іх не пазнаваў.