Выбрать главу

Гэтую вуліцу ягоным іменем збіраліся назваць яшчэ да вайны. Бальшавікі, не немцы. Але чамусьці перадумалі. І вось цяпер…

Можа, яго прывезлі, каб пакаяўся?..

У Казані ўжо змушалі пакаяцца. Нават напісалі тэкст пакаяння. "Немцы, гэтыя крывавыя дзяблы яшчэ прабуюць прыкідвацца нявіннымі авечкамі і спекуляваць сумленнымі і чыстымі імёнамі! Кажуць нават, што яны вуліцу, па якой я жыў у Мінску, назвалі маім імем."

Ён не стаў гэты тэкст зачытваць. Тады яму сказалі, што трэба ехаць у Маскву. Для чаго?.. Каб ён тупаў з кута ў кут у гэтым нумары і думаў: калі свае не захацелі вуліцу ягоным іменем назваць, а ворагі назвалі, дык хто ён цяпер для сваіх? У час, калі вайна, калі Мінск пад немцамі, а немцы пад Масквой? І невядома, колькі вайна працягнецца, калі і чым скончыцца?..

Навошта яго выклікалі ў Маскву з Казані?!.

Ніхто ж нічога не кажа! Ніхто нічога!.. Робяць выгляд, нібыта ўсё так і павінна быць. Нібы так і трэба: выклікаць з Казані, пасяліць у гатэлі і забыцца, дзеля чаго выклікалі…

І так з дня ў дзень. З ночы ў ноч. Нехта стукне ў дзверы - ён сцінаецца, баіцца спытаць: хто?.. Бо як да вайны, гэтак і ў вайну ў Маскве арышты, арышты, арышты… Шпіёны, здраднікі, ворагі народа…

У дзверы нумара пастукалі, Ганна ўскінула галаву: "Хто?.." Віктар падышоў да дзвярэй: "Хто там?.." - "Пакаёўка. Вы прасілі кашулю на сёння папрасаваць". - "Прасіў. Але ж не ўночы". - "Дык у вас святло. Падумала: можа, збіраецеся…"

Ён адчыніў дзверы - за імі, адсунуўшы ўбок пакаёўку, паўсталі двое міліцыянтаў. Адзін прайшоў у нумар: "У вашым нумары ў начны час староннія. - І ступіў да Ганны, якая як ляжала, гэтак і засталася голай ляжаць на падлозе. - Дакументы!"

Міліцыянт стаў пры таршэры каля тумбачкі, на якой ляжала чырвонае, з фотакарткай і пячаткай пасведчанне дэлегата XXVI з’езда КПСС. Зірнуўшы на фотакартку, на Віктара, міліцыянт казырнуў: "Выбачайце!" - і спінай выйшаў з нумару, акуратна зачыніўшы дзверы, з-за якіх пачулася: "Ты што!.. Падставіць нас?.. "

- Гэта простым савецкім грамадзянам простую савецкую прастытутку нельга мець, - ускінулася на ложак Ганна. - А дэлегату XXVI з’езда КПСС можна мець прастытутку з тэлескопам! - І ўхапіла яго за руку, пацягнула да сябе. - Уф!.. Ну ты й пахнеш… Як цырульнік…

Яна была нястомная ў любові… Неспатольная… А пасля балбатала абы што. Напрыклад, што яе маці ў ложку Леніна кахалася. Не з Леніным, гэтага яна не казала, але ў ягоным ложку. З Купалам. "Магчыма, што ў тым ложку я і была зачатая".

Ленінка.

У іх тут, у Маскве, не толькі ў кожнай акторкі, а ў кожнай гандляркі і цырульніцы была свая тэатральна-літаратурная гісторыя. Абавязкова амурная.

Учора Ганна завяла яго ў цырульню на плошчы Маякоўскага. Цырульня называлася "Агні Масквы", і там школьная сяброўка Ганны шчабятала, нажніцамі чыкаючы: "У гэтай цырульні яшчэ бабуля мая стрыгла, яна каханкай Маякоўскага была, ён у яе пастрыгся, потым пайшоў і застрэліўся… вы бачылі фота, на якім ён у труне… о, як пастрыжаны!.. ніхто б яго так не пастрыг, як мая бабуля… а маці стрыгла Талстога… не таго, які "Вайна і мір", а які… забылася, як кніга называецца… кіно яшчэ па ёй глядзела… але таксама, як называецца, забылася… ну, вось і ўсё… глянь, Ганна, які ў цябе прыгажун… хоць у кіно здымай… спадзяюся, не застрэліцца… зараз мы яго яшчэ й асвяжым… "Одеколон "Огни Москвы", чтобы Москвою пахли вы!.." - гэта Маякоўскі напісаў, пасля яму помнік каля нашай цырульні паставілі…" - і калі Ганна спытала: "За рэкламу адэкалона?" - сяброўка не пачула ў тым ніякага жарту. "Магчыма. А што?.." - "Нічога. Ты выпадкова не помніш, што ён яшчэ напісаў?.." - і яе знаёмая цырульніца Соня сур’ёзна адказала: "Як што?.. Паэму пра Леніна… І нешта там пра савецкі пашпарт…""

Пра Леніна паэму. І пра савецкі пашпарт нешта.

З цырульні Ганна павезла яго на пахаванне даўняга сябра яе бацькі. "Паехалі. На пахаванні будуць людзі, якія не бываюць нідзе".

Ён зразумеў, пра што яна сказала, але перапытаў: "Нідзе, апроч пахаванняў?.."

"Ён яшчэ і мой хросны, - як бы не расчула яна не надта ўдалы жарт. - Ніхто пра гэта не ведае, маці ўпотай мяне хрысціла. У Малым саборы Данского манастыра. Назвала Ганнай, бо ў нашым родзе ўсе жанчыны Ганны".