Каля прыступкаў пры ўваходзе ў дом выдзялялася купка начальства: сакратары беларускага партыйнага ЦК Панамарэнка, Гарбуноў, намеснік старшыні Саўнаркама Крупеня. На прыступках стаяла спявачка Ларыса Перапёлка, якая нешта даводзіла пісьменніку Кузьме Чорнаму. Той ківаў галавой і разгублена паглядаў то на яе, то на Панамарэнку.
- Ну что, товарищ Купала, будем хорониться? - спытаў маленькі, падобны да Качарыгі чалавек з прозвішчам Кучар. - Я за это мероприятие ответственный, так что прошу следовать за мной.
Нешта ў гучанні слоў, прамоўленых Кучарам, падалося нязвыклым, напружыла слых. Купала не адразу ўсвядоміў, што тут нязвыклага, і толькі калі Кучар дадаў: "Пожалуйста…" - да Купалы дайшло, што гэта першы чалавек, які пасля ягонай смерці загаварыў з ім па-руску. Апошнія тры дні ўсе, нават Сталін пасля таго, як верш купалаўскі прачытаў, па-беларуску з ім размаўлялі, але Купала гэтага не заўважаў: гавораць і гавораць - як яшчэ людзям гаварыць?
- Калі ласка, прашу за ім... - як бы перадаў яго з рук у рукі Мяркулаў і рушыў да ўваходу ў дом, дзе стаяў Кузьма Чорны.
"Можа, гэта мне чуецца па-беларуску?.." - падумалася Купалу, але задумвацца не было калі, бо Мяркулаў падыходзіў да Чорнага, і Купала ўзмаліўся: "Божа!.. Ты ведаеш: я не найпершы Твой вернік, але і не апошні грэшнік. Нікога не забіў, нічога не ўкраў. Можа, некаму й зрабіў шкоду, але хіба несвядома. Свядома - не. Нават калі мяне, як Горкага, пасылалі за мяжу агітаваць эмігрантаў, каб яны вярталіся, я нікога не агітаваў. Казаў на вуха: не вяртайцеся. Я не прадаваў сяброў, не пісаў даносаў, толькі вершы. Ты даў мне дар паэта, а чалавеку, да якога зараз ідзе пасланнік д’ябла, каб забраць яго ў Цябе, дар празаіка. Ці не найлепшага ў Беларусі. Дык зрабі што-небудзь, каб яго не знішчылі, Госпадзі!.."
- Кузьма, - павярнуўся да Чорнага і голасна сказаў Панамарэнка, павітаўшыся з Мяркулавым, які падышоў да прыступак. - А чаму б табе не выступіць, не сказаць развітальнае слова? - І спытаў Лынькова: - Вы не супраць, таварыш Лынькоў?..
Дзверы нумара старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Міхася Лынькова ў гатэлі "Масква" былі апошнімі дзвярыма, якія зачыніў за сабой у зямным жыцці Купала. І адбылася незразумелая, дзіўная рэч: да таго, як тыя дзверы зачыніліся, ён помніў усё, што было ў той вечар у гатэлі. А пасля - нічога.
Зусім не помніў, як ён, зачыніўшы дзверы на дзясятым паверсе, адразу апынуўся на першым. На доле. Нехта заўважыў, як з суседняга нумара выйшлі ўслед за ім двое мужчын, хуткім крокам дагналі яго і перакінулі цераз парэнчы, каля якіх чакаў яго трэці - але што гэта былі за мужчыны?.. Нехта распавядаў, што бачыў, як ён упіраўся, калі яго, як арыштанта, схапілі, пацягнулі ўніз - і паверхам ніжэй, на дзявятым, ён, вырваўшыся, кінуўся ў лесвічны пралёт.
Як яно насамрэч сталася?
Ён нічога не мог сказаць, бо нічога не памятаў.
Толькі сон.
У тым сне патэлефанавала жанчына. Ён ведаў яе, але забыўся імя. Яна папрасіла надпісаць кнігу. Ён спытаў, якую, і яна сказала, што тую, якая з вянком на вокладцы: "Ад сэрца". За якую сталінская прэмія. А каму надпісаць, калі імя не помніш? Не пытаць жа жанчыну, якую ведаеш, з якой, можа, нават блізкі быў, як цябе зваць? І ён не кнігу для яе ўзяў, а толькі вянок з вокладкі, бо яго можна было аддаць не надпісваючы. "Кнігу, - падумаў, - надпішу, калі імя ўспомню". Выйшаў з нумара ў калідор, падаў той жанчыне вянок, яна прытуліла яго да грудзей - і вянок у яе абдымках такі вялізны стаў, як надмагільны. "Калі такі вялікі вянок, дык якая ж тады кніга!" - усклікнула тая жанчына з забытым іменем і паляцела на вянку па калідоры. Ён пабег за ёй, каб падтрымаць, калі ўпадзе раптам, а яна перад лесвіцай спынілася: "Давай разам палятаем!" І ўсцягнула яго, хоць ён упіраўся, на вянок, які завіс над лесвічным пралётам. "Не помніш, хто я?" - абняўшыся з ім, спытала тая жанчына, і ён пачаў пазнаваць яе абдымкі, але не паспеў. "Ты нават забыўся маё імя!" - крыўдліва ўскрыкнула яна і, адхіснуўшыся, штурхнула ў грудзі…
І той сон, і ўсё, што было ў тым жыцці, засталося там, дзе засталося тое жыццё. За дзвярыма нумара старшыні Саюза беларускіх савецкіх пісьменнікаў Лынькова.