Выбрать главу

- Я не супраць, няхай Чорны выступіць з развітальным словам, - сказаў Лынькоў Панамарэнку. - Чаму я супраць павінен быць?..

"Бог пачуў, - з палёгкай выдыхнуў Купала. - І тут адно з двух: ці Ён беларус, ці я не такі ўжо грэшнік, як пра сябе думаю".

- А вы? - павітаўся Панамарэнка з Мяркулавым. - Скажаце слова ад органаў?

Панамарэнка быў прававерным бальшавіком, і якую-небудзь з гісторый пра тое, як ён ратаваў ад Сталіна беларускую нацыянальную інтэлігенцыю, гэтая інтэлігенцыя, можа быць, і пацвердзіла б, калі б магла. Калі б жывая засталася. Але ўсё ж іншым разам Панамарэнка, карыстаючыся прыхільнымі адносінамі правадыра, дазваляў сабе сякія-такія вольнасці. Гэтакія, якія нічым не пагражалі. Вось і цяпер сакратар беларускага партыйнага ЦК зразумеў, што Мяркулаў прыйшоў па Чорнага, але якая розніца, забярэ ён Кузьму да пахавання Купалы ці пасля? Калі б Панамарэнка ведаў, што камісар з’явіўся з асабістым даручэннем Сталіна, ён бы і не заікнуўся пра ягонае "слова ад органаў", але гэтага ён не ведаў, а Мяркулаў яму пра гэта не мог сказаць: Сталін нікога не караў.

- Хто-небудзь ад органаў што-небудзь скажа, - паціснуў камісар руку Панамарэнку, падумаўшы: "А ці не ўзяць гэтага Чорнага цяпер?.." - але тут на ганак выбегла ўскудлачаная жанчына, хутчэй за ўсё сакратарка некага з кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў: "Таварыш камісар, вас да тэлефона!" - і на пытанне Мяркулава: "Хто?.." - пажавала губамі і не змагла адказаць.

Мяркулаў скочыў на ганак.

- Можна мне перад тым, як у труну легчы, перадаць прывітанне вялікаму сыну братняга югаслаўскага народа таварышу Ёсіпу Броз Ціта? - заўпіраўся Купала, калі Кучар пацягнуў яго да ўваходу ў дом. І вырваўшыся ад Кучара, падышоў да Радуле Стыйенскага. - Вас не здзівіла, што я жывы?

- Я казачнік, - паціснуў руку беларускаму паэту югаслаўскі паэт. - Мяне б здзівіла, што вы мёртвы.

- Тады дапамажыце выжыць вунь таму чалавеку, - паказаў Купала на Чорнага. - Скажыце яму, каб схаваўся хоць у паволжскіх стэпах, хоць у беларускіх лясах, бо тут ён ненадоўга мяне перажыве.

Радуле зацягнуўся цыгарэтай, зірнуў у бок купкі начальства, дзе Мяркулаў нешта даводзіў Панамарэнку, і задуменна выдыхнуў дым.

- Мяркую, што ў стэпах і лясах яму таксама не выжыць. А вось у гарах... - сцішыўшы голас, нахіліўся ён да Купалы, але распавесці, як можна выжыць у гарах, не паспеў, бо Купалу павёў на прыступкі Кучар. "Опаздываем хорониться, товарищ Купала, опаздываем! Быстренько, быстренько!.." - нібы яны на цягнік, які на той свет адыходзіў, спазняліся.

Застаўленая вянкамі труна стаяла ў канфрэнц-зале Саюза пісьменнікаў, і ў ёй, склаўшы рукі на грудзях з ордэнам "Знак пашаны" і сумна гледзячы на жырандолю над галавой, ляжаў Качарыга. Па ягоным выглядзе не сказаць было, што ордэн, выдадзены яму Паскробышавым, ён лічыў дастатковай кампенсацыяй за тое, каб яго, Качарыгу, пахавалі замест Купалы. Вядома, гонар, пашана, але... Але невядома, як на тым свеце прымаюць савецкіх ордэнаносцаў, і Качарыга прыкідваў, якой можа быць дадатковая ўзнагарода, паабяцаная на развітанне Сталіным? Глядзеў на жырандолю над ім, думаў: "Можа, жырандоля?.." - і далей яму не думалася, бо жырандоля ў труну ўлезці магла хіба разабраная, а хто на тым свеце збіраць яе будзе? Дый не помніў ён, каб некага з жырандоляй хавалі. Са зброяй хавалі, з баявымі коньмі, нават з жонкамі, каб і на тым свеце каля мужыкоў круціліся. Але ж не з жырандолямі, навошта там жырандолі? Зрэшты, як і жонкі.

Ён успомніў жонку ў машыне. Як яна сядзела побач і як ганарылася, што ў яе гэтакі муж, у якога машына. Адна на ўвесь Саюз пісьменнікаў, калі не лічыць Купалы з Коласам. Хоць Купалу з Коласам можна і не лічыць, бо машыны яны за так займелі, а Качарыга на сваю зарабіў.

Ён шмат працаваў. Любы і кожны скажа, што не гультайнічаў. Пісаў, пісаў, пісаў.

А што яшчэ скажуць?

Цяпер - нічога. Пабаяцца.

А пасля?.. Калі яго не стане?..

Сёння, калі ён, самога сябе са страху не помнячы, выйшаў з кабінета Сталіна, дык першае, пра што падумаў, ачомаўшыся: "А мяне ж таксама баяцца! Лынькоў, Крапіва, Броўка, Глебка, Танк, Панчанка, Куляшоў - уся гэтая хеўра! Няхай не гэтак баяцца, як таварыша Сталіна, а на палову, на траціну, на чвэрць, але ж дрыжаць са страху! Дык якая розніца, што скажуць пасля? Калі цяпер калоцяцца!"

Ён здрыгануўся ў труне, страх з яго яшчэ не выйшаў, але гэта быў ужо не той густы, ліпучы страх, які цяжка заліваў яго, не даючы дыхаць, у кабінеце Сталіна, а нейкі іншы, як бы ўзнёслы. Дзяржаўны, сталінскі страх, які маглі адчуваць толькі дапушчаныя, набліжаныя - і сярод іх ён, Качарыга, якога будуць баяцца цяпер амаль гэтаксама, як.