І тут ён дапяў: вось яна, узнагарода, пра якую казаў правадыр! Гэта не нейкі там ордэн - хоць ордэн Леніна! Ці нават прэмія! З такой узнагародай нельга паміраць, не скарыстаўшыся ёй, таму ён ускочыў, нібы спружынай падкінуты, убачыўшы ў дзвярах Купалу: "Іван Дамінікавіч! Як я рады бачыць вас, Іван Дамінікавіч!" - і ў Купалы не ўзнікла ніякага сумневу ў тым, што Качарыга ў сваіх пачуццях зараз гэтакі шчыры, як ніколі.
- Калі ласка, кладзіцеся, - разгладзіў прымятую падушачку і замітусіўся, выбраўшыся з труны, Качарыга. - Бліжэй во сюды, улева, бо справа нешта муляе. Я ўсё жыццё любіў вас, Іван Дамінікавіч, ніхто вас не любіў болей за мяне, - ладкаваў ён Купалу ў труне. - А тое, што напісаў нешта на вас, дык калі б яны не хацелі, маглі б не чытаць, але яны хацелі, таму я і напісаў, так бывае, гэта інтуіцыя, вы самі ведаеце, бо яна ў вас, як ні ў каго, таму не разумею, навошта вы з Казані прыехалі, там ніхто б вас не чапаў, каму і хто патрэбны ў Казані, а вы ў Маскву захацелі, каб справіць юбілей, так што самі вінаваты, Іван Дамінікавіч. - І, паправіўшы на вянку, што навісаў над галавой Купалы, стужку з надпісам "Мне сняцца сны аб Беларусі", падаў руку. - Усё. Адпачывайце!
Рука павісла ў паветры.
- Праз хвіліну пачынаем, так што будзьце, таварыш Купала, гатовы! - зірнуўшы на гадзіннік, падхапіў Качарыгу пад руку і павёў да дзвярэй Кучар. - У вас няма радні ў Прапойску? Мая жонка з Прапойска, вы так падобны да... - не паспеў ён сказаць, да каго ў Прапойску падобны Качарыга, бо ў канферэнц-залу хутка ўвайшоў Мяркулаў: "Не спяшайцеся, таварыш Качарыга, паляжыце ў труне. Вы ў ёй файна выглядаеце. А вас, Іван Дамінікавіч, прашу ў кабінет старшыні на паседжанне камісіі па святкаванні вашага юбілею".
Купала выбраўся з труны, у якую зноў лёг, склаўшы рукі і тужліва ўтаропіўшыся ў столь, Качарыга.
- Падобна, што мая смерць адмяняецца, цябе замест мяне жыўцом пахаваюць, - паправіў падушачку пад галавой "вершніка без галавы" Купала, які, успомніўшы словы Сталіна пра Юду, з задавальненнем убачыў, як звычайна вяртлявыя вочы Качарыгі застылі і напоўніліся жахам, што страсянуў труну.
16
- Грачын казаў, што машыну прышле, - выйшла з лазенкі, страсаючы мокрымі валасамі, Ганна. - Каб ты не з усімі.
Яна рэдка называла Грачына бацькам. Часцей па прозвішчы.
- Што значыць не з усімі?
- Каб асобна ехаў. Уяўляеш, як ты асобна ўязджаеш у Крэмль? Не сёння, гадоў праз… Няхай нават праз дваццаць. Сакратаром ЦК. Грачын кажа, што гэта рэальна. Калі рабіць будзеш тое, што трэба рабіць. Без выкрутасаў, - закінула яна валасы за спіну. - Уяўляеш, якая гэта ўлада? Якія магчымасці? Людзі за такое прадаюць, забіваюць… А тут... - І нечакана скончыла. - А тут адграбеш дзярма лапатай. Сам запахнеш. Але якія магчымасці!
Ганна села да люстэрка, пачала прыхарошвацца. Ён прытуліўся да яе са спіны, паклаў рукі на грудзі - і адразу запульсавала ў ім, соладка працякло жаданне.
Так заўсёды бывае, калі з табой твая жанчына. Але здараецца такое не часта. Куды часцей твая жанчына з іншым, а ты з іншай жанчынай.
- Ты спакушаеш мяне? - апусціў ён рукі ніжэй, а яна нахілілася да люстэрка, акуратна нафарбавала адно вейка, другое: "Цябе Грачын спакушае. Што б ты ні казаў…"
Так, што б ён ні казаў. Хоць не аднойчы ўжо даводзіў, што не. І неяк яна спытала: "Дзеля чаго ты тады вярнуўся ў Маскву? Дзеля мяне? Дзеля мяне ты б вярнуўся раней, чым я паклікала".
Ганна паківалася з боку ў бок, разглядаючы сябе ў люстэрку, і ў каторы раз Віктара здзівіла, як плаўна, гнутка рухаецца яе цела. Нібы ў змяі.
Жанчына і павінна быць змяёй. І змяя сказала, звіваючыся, нацягваючы на сябе бліскучую скуру атласнай сукенкі: "Збірайся. Пара".
А магла не нацягваць скуру, магла сказаць: "Мы нікуды не едзем".
Магла. Але што б ні казала.
Каля ўваходу ў гатэль стаялі мікрааўтобус і машына Грачына. У мікрааўтобусе ўжо сядзелі касманаўт Рыленка і актрыса Южкова. Сесці пад іх позіркамі ў машыну было б... Ну нельга было сесці пад іх позіркамі ў машыну Грачына - і Віктар скіраваўся да мікрааўтобуса. Ганна пайшла за ім, але яе спыніў, падбегшы ад гатэля, таварыш у цывільным: "Вас няма ў спісе, Ганна Васільеўна". Тая ад нечаканасці як укапалася. "Я дачка Грачына!" - "Так, але ў спісе вас няма".
Ганна рэзка павярнулася, рушыла да грачынскай машыны, з якой выскачыў кіроўца, расчыніў дзверцы. Яна села: "Паехалі!"
Ад гатэля "Масква" да Палаца з’ездаў не тое што ехаць, ісці было ўсяго нічога, так што ні для чаго былі ні машына, ні аўтобус. За пару хвілін даімчалі да Троіцкай брамы, праз якую штурмавала некалі Крэмль войска гетмана Хадкевіча, а пазней ступіў Напалеон. Войска ягонае пехатой, а ён на кані. Асобна. Як сакратар ЦК.