Ганну ў Крэмль не прапусцілі. "На вас няма пропуску". - "Я да бацькі. Да Грачына!" - "Пропуску няма".
Віктар ніколі не бачыў на твары Ганны гэтакай разгубленасці. Ні раней, ні потым.
Потым казалі, што ў час з’езда на Генеральнага сакратара Камуністычнай партыі Савецкага Саюза рыхтаваўся замах і што Камітэт дзяржаўнай бяспекі яго прадухіліў. Усе разумелі, што замах, каб прадухіліць яго, прыдумаў Андропаў, і ўсе віншавалі яго з узнагародай, якую атрымаў ён пасля з’езда з рук Брэжнева.
"Каб ты ведаў, - сказаў Віктару ўчора Грачын. - Суслаў адсунуў убок тэчку з кампраматам на цябе, бо я за цябе паручыўся. І ў Польшчу з дэлегацый паехаць ён табе прапанаваў, бо я папрасіў, а яму патрэбны саюзнік. Я, а не ты. Так што не падвядзі ні сябе, ні мяне. А заўтра на з’ездзе будзь гатовы да таго, што тваім выступам у любы момант могуць дзірку заткнуць, калі нешта не так пойдзе. У Леаніда Ільіча фантазіі…" - "Якія?" - "Розныя".
Грачын не сказаў, якія? Але сказала Ганна. "Нібыта сысці Брэжнеў хоча. Заявіць на з’ездзе пра адстаўку. У Палітбюро згоды прасіў. Ды хто яго адпусціць? Калі кожны з іх сам сабе Брэжнеў за ягонай спінай". - "Выдумляеш". - "Не выдумляю. Што чула, тое кажу". - "Ад каго чула? Ад бацькі?" - "Не. Ад Смерці". - "Ад Смірцюкова?" - "Так. А Смерць выдумляць не стане".
"А што можа пайсці не так?" - спытаў Віктар Грачына пасля размовы з Ганнай. - "Ды што заўгодна. Усе разумеюць, што час Брэжнева злічаны, і нехта можа паспрабаваць…" - "Што паспрабаваць?" - "Паспрабаваць выявіць смеласць".
І Грачын уважліва на яго паглядзеў. Доўгім такім позіркам.
Сёння ці ў Грачына, ці ў Брэжнева нешта не так можа пайсці, а ў яго пайшло не так не сёння і не ўчора. Ад пачатку. Ад таго дня, калі ён вітальны верш напісаў, калі згадзіўся сам яго прачытаць, калі…
Калі вырашыў паспрабаваць выявіць смеласць.
Гэта ён дарэшты зразумеў у студыі на Шабалаўцы, дзе запісалі фанаграму выступу.
У той дзень, прыехаўшы з касманаўтам Рыленкам і актрысай Южковай (Посух хоць і не зусім, але ўсё ж прыслухаўся да ягонай парады) у Палац з’ездаў на чарговую рэпетыцыю, яны ўбачылі ў зале празрыстыя калоны. Пластыкавыя цыліндры, якія былі такімі чыста-празрыстымі, што калі б не каляровыя стужкі на іх, дык былі б незаўважнымі. Паміж імі бегаў, ускудлачваючы і без таго кудлатую галаву, узнерваваны каратканогі чалавечак, які адказваў за пастаноўку палітычнага спектакля пад назвай "Прывітанне савецкай моладзі XXVI з’езду КПСС", рэжысёр масавых прадстаўленняў Артур Дворкін.
- Хто прыдумаў галаграфію? Дэнеш Габар прыдумаў галаграфію! Ён савецкі фізік? Не савецкі! І што?.. Мне праз гэта адмяняць рэпетыцыю? Адмяняць галаграфію! Адмяняць з’езд?.. - падбег ён да Рыленкі, тыцнуўшы пальцам у бок сцэны. - Ідзі туды! Ты адзін у форме! Ды не сюды ідзі, туды! На авансцэнцу. Стань там!.. Дзе крыжыкам пазначана, стань. Бачыш крыжык? На ім і стой… Лазер давайце!.. Ну, бачыце? - павярнуўся ён да цэкоўскіх чыноўнікаў у сярэдзіне залы, калі ў цэнтральным праходзе паміж крэсламі ўзнік яшчэ адзін касманаўт Рыленка. - Два касманаўты Рыленкі вітаюць з’езд КПСС! І так ва ўсіх сямі праходах і па баках партэру. Дзевяць касманаўтаў, дзевяць паэтаў, дзевяць актрыс! У адным вобразе, у адным камсамольскім парыве! Гэта ідэя! І гэта відовішча, якое дэлегаты ніколі не забудуць! Усё забудуць, а гэта - не! Я ўбачыў такое шоў на Брадвэі - ашалеў! Мне там сказалі, што гэта самы якасны метад стварэння галаграм, які на сёння ёсць! Хто вінаваты, што ён амерыканскі? Я вінаваты, што ён амерыканскі? Скуль я ведаў, што ёсць савецкі, калі мяне толькі ўчора выклікалі?.. Дзе вы былі, таварыш… - падскочыў Дворкін да цэкоўца, які быў інструктарам аддзела навукі і якога Віктар не аднойчы за дні рэпетыцый бачыў, але прозвішча ягонага, як і Дворкін, не помніў… - дзе вы, таварыш, былі раней? Чаму толькі цяпер, калі ўсё гатова для рэпетыцыі з галаграмамі, вы мне заяўляеце, што нічога амерыканскага, нават нябачнага, - адбег Дворкін да празрыстага, якога без стужкі на ім і не відаць было б, пластыкавага цыліндра, у якім стаяў у сваёй форме з усімі сваімі ордэнамі і медалямі "другі", галаграфічны касманаўт Рыленка, гледзячы на якога Віктар успомніў "лётчыка", падумаўшы: "Можа быць, у антыкварнай краме тое самае было? А ніякае не трызненне, не сіла нячыстая?.." - нічога нават нябачнага, калі яно не савецкае, - вярнуўся Дворкін да інструктара, - на з’ездзе Камуністычнай партыі Савецкага Саюза быць не можа! Чаму да сёння магло быць, а ад сёння - не?
Інструктара, жыватастага чалавека ў глухім гарнітуры эмоцыі рэжысёра ніяк не закранулі. Ён не стаў яму адказваць, чаму тое, што да сёння можна было рабіць, ад сёння рабіць нельга, прагаварыў вяла: "Хочаце гэта паказаць, мяняйце ўсё амерыканскае на савецкае. Таварышы з інстытута оптыкі вам дапамогуць. Іх метад, між іншым, не патрабуе цыліндраў, так што дэлегаты не будуць галовамі аб пластык біцца. Паспееце падрыхтавацца, дык паспееце, не - без вашых фокусаў абыдземся. Тут Палац з’ездаў на Краснай плошчы, а не вар’етэ на Брадвэі. І каб увогуле ніякіх фокусаў не было, едзьце на Шабалаўку, запішыце фанаграмы выступаў. На тым усё".