Выбрать главу

- Таварышы, - пачаў Фадзееў, падняўшыся за сваім, з пісталетам у шуфлядцы, сталом, у адным тарцы якога сеў Мяркулаў, у другім - Панамарэнка, - мне патэлефанаваў таварыш Сталін… - усе ўсталі… - перадаў прывітанне савецкім пісьменнікам. Найперш тым, хто на фронце, на першай лініі змагання з фашызмам. Асобна таварыш Сталін прасіў прывітаць нашых беларускіх сяброў, франтавікоў і партызанаў. А потым. - узяў паперку са стала, нібы не давяраў памяці, старшыня Саюза пісьменнікаў… - а потым таварыш Сталін спытаў, як мы збіраемся адзначыць юбілей народнага паэта Беларусі Янкі Купалы? Як паэта жывога, - зірнуў Фадзееў на Мяркулава, - ці як паэта мёртвага?..

Не заўважыць на твары кіраўніка пісьменніцкага Саюза пакутлівае намаганне зразумець, што стаіць за пытаннем Сталіна, было немагчыма, і такое ж пакутлівае намаганне правільна зразумець пачутае праступіла на тварах усіх савецкіх пісьменнікаў, якія стаялі, перамінаючыся з нагі на нагу, і калі Фадзееў сказаў: "Сядайце…" - ніхто не сеў. Нават Талстой, які не выглядаў надта заклапочаным праз тое, што адбываецца, заняты размовай з чалавекам у пракурорскім кіцелі.

- А сёння мы хіба не яго хаваем?.. - няўпэўнена падаў голас старшыня камісіі абароннай мастацкай літаратуры Ліберман, на якога Фадзееў зірнуў так, нібы той не цяміць, што кажа, і Ліберман тут жа паправіўся. - Хоць гэта, вядома, нічога не значыць.

У Фадзеева і без таго твар быў такі, нібы яму зуб мудрасці зараз вырываць будуць, а тут яшчэ Ліберман… Навошта было ўсіх збіраць? Таго ж Лібермана, Стаўскага, Талстога, Маршака... 3 фронту забіраць, з эвакуацыі цягнуць... Ён сказаў Сталіну, калі той патэлефанаваў: "Амаль нікога з праўлення няма, дык, можа, мы вырашым гэтае пытанне ўдвух з таварышам Мяркулавым..." - а Сталін зрабіў выгляд, нібы нават не зразумеў, пра што ён? "Як гэта вы будзеце кулуарна вырашаць тое, што вырашаецца калегіяльна?" Потым паклікаў да тэлефона Мяркулава, і той, узяўшы слухаўку, кіўнуў Фадзееву на дзверы. Фадзееў і так бы выйшаў, але камісар кіўнуў раней, чым гаспадар кабінета зрабіў крок да дзвярэй.

Спрактыкаваны апаратчык, палітработнік, які ўжо ў дзевятнаццаць гадоў быў інструктарам палітаддзелу і чакаў прызначэння на месца камісара палка, Фадзееў інтуітыўна адчуваў, што званок Сталіна - гэта нейкая праверка, тэст, але не мог вызначыцца з тым, як гэты тэст, праверку гэтую прайсці, якое прыняць рашэнне, каб яно аказалася правільным? Як не памыліцца, зрабіць тое, чаго чакае Сталін, адносіны якога да старшыні Саюза пісьменнікаў былі прыдзірлівыя, чаму "паспрыяў" Горкі, напісаўшы Сталіну, што ён, Фадзееў, спыніўся ў сваім развіцці, але выстаўляе сябе літаратурным правадыром. Потым Сталін сказаў на прыёме, якраз на тым, які ладзіўся ў дзень уручэння Купалу Сталінскай прэміі: "Ты, Аляксандр, не правадыр, ты - Мечык, які ў сабе Мечыка ненавідзіць, а правадыром ты толькі тады зможаш стаць, калі ў сабе Мечыка палюбіш", - што значыла: "Калі палюбіш у сабе нягодніка", - і тым самым Сталін даў зразумець не толькі тое, што прачытаў "Разгром", фадзееўскі раман, але і тое, з каго пісаў аўтар галоўнага героя. - "І тады, - дагаварыў Сталін, - Мечык у табе не застрэліцца".

Не "ў цябе" сказаў, што значыла б "у тваім рамане", у якім Мечык, галоўны герой, спрабаваў скончыць самагубствам, а "ў табе", што азначала…

- Што значыць нічога не значыць? - спытаў Лібермана, сядаючы, Мяркулаў, і следам за ім, хто адразу, хто яшчэ трохі паперамінаўшыся, селі ўсе. - Што вы маеце на ўвазе, таварыш Ліберман?

У старшыні камісіі абароннай мастацкай літаратуры Саюза савецкіх пісьменнікаў стаў гэтакі выраз твару, з якога павінна было вынікаць, што "нічога не значыць" значыць толькі тое, што нічога не значыць, а болей ён, дальбог, нічога на ўвазе не меў.

- Якія будуць прапановы? - пачакаўшы, пакуль пад пісьменнікамі крэслы рыпець перастануць, спытаў Фадзееў. - Можа, паслухаем спачатку беларускіх таварышаў?..

"Так, так, так, - дружна заківалі старшыні творчых секцый і камісій. - Беларускіх таварышаў спачатку паслухаем", - і пад гэтыя ківанні сакратар пісьменніцкага саюза спытаў сакратара партыйнага ЦК: "Што вы па гэтым пытанні можаце сказаць, таварыш Панамарэнка?"

Панамарэнка адкінуўся на спінку крэсла.

- Нічога. Пытанне не да мяне. Старшыня камісіі па пахаванні таварыш Гарбуноў.

Усе заўважылі, як здзівіўся Мяркулаў. Ён ведаў: Панамарэнку было што сказаць. У справе Івана Луцкевіча-Луцэвіча камісар бачыў два дакументы, падпісаныя сакратаром ЦК. І былі яны даволі, калі не сказаць цалкам, супярэчлівыя. У адным Панамарэнка называў Купалу небяспечным для савецкай улады нацыяналістам, прафашысцкім пісьменнікам, якога трэба неадкладна арыштаваць і аддаць пад суд, што азначала знішчыць, а ў другім пісаў пра яго як пра савецкага паэта-патрыёта, які варты высокай узнагароды: ордэна Леніна. На дакументах былі рэзалюцыі, з якіх вынікала, што і папера "пад суд", і папера "да ордэна" напісаныя як адказы на запыты з Масквы. Якімі былі запыты - гэткімі былі і адказы. Арыштаваць - дык арыштаваць, узнагародзіць - дык узнагародзіць.