Фадзееў не ведаў, хто такі таварыш Гарбуноў, таму паглядзеў на беларускіх таварышаў неяк касавата - і на ўсіх адразу: "Вы маглі б, таварыш Гарбуноў, ахарактарызаваць таварыша Купалу?"
- Спачатку трэба стварыць камісію па выкананні даручэння таварыша Сталіна! - выгукнуў, пакуль Фадзееў вылічваў, хто з беларусаў Гарбуноў, старшыня секцыі гісторыка-рэвалюцыйных пісьменнікаў Злічэнка, у адной пісьменніцкай групе з якім Купала ездзіў некалі ў Кіеў на экскурсію, і ў справаздачы пра тую паездку кіраўнік групы Злічэнка напісаў, што Купала дэманстратыўна не захацеў разам з усімі слухаць оперу "Запарожац за Дунаем", а пайшоў з украінскімі нацыяналістамі выпіваць і купацца ў Дняпры. - Потым ужо будзем слухаць характарыстыкі! - рашуча рассякаў рукой паветра старшыня секцыі гісторыка-рэвалюцыйных пісьменнікаў.
- І не тыя, якія сваімі напісаныя. Бо вядома, што свае напішуць. Святога намалююць. А вось я не разумею, чаму таварыш Купала, калі памёр, дык паводзіць сябе так, нібы ўжо ні за што не адказвае?
"Знайшоў сваіх…" - падумаў Купала, а Фадзееў паёрзаў на крэсле: "Мы і ёсць камісія, таварыш Злічэнка", - і тады Гарбуноў дастаў з кішэні складзены аркуш паперы, зірнуў на Панамарэнку, які згодна кіўнуў, і перадаў паперу Фадзееву.
- Таварышы, сябры нашы! Сёння мы сабраліся, каб развітацца з адным з найслаўных сыноў Беларусі, - разгарнуўшы паперу, стаў чытаць Фадзееў, і Купалу прыемна здзівіла, што ў Фадзеева, які нарадзіўся ў Кімрах і ніколі не жыў у Беларусі, такое файнае, не горшае, чым у Сталіна і Гітлера, беларускае вымаўленне. - Нямала магутных асілкаў-ваякаў, людзей вялікага розуму народжваў беларускі народ. Такім быў заснавальнік беларускага кнігадруку Георгі Скарына, такімі былі асветнікі-гуманісты Сімяон Полацкі, Васіль Цяпінскі, Багушэвіч, але нават сярод іх Янка Купала, з якім са слязьмі на вачах і болем у сэрцы мы назаўсёды развітваемся… - пакруціў над сталом паперыну Фадзееў. - Пачакайце… Гэта ж развітальнае слова. На пахаванні.
- Ну так, - сказаў Гарбуноў. - Характарыстыка.
Пра абсурднасць сітуацыі падумалі ўсе. Але адно - падумаць, іншае - сказаць. Сталін, дарэчы, ніколі не пытаў: "Што вы думаеце, таварыш..." Ну, там, таварыш Жукаў, ці таварыш Берыя. Бо ведаў, што яны думаюць. "Каб ды здох!" - думаюць яны. Таму пытаў: "Што вы скажаце, таварыш?.." Ну, там, таварыш Фадзееў, ці таварыш Панамарэнка.
- Гэта характарыстыка ЦК партыі? - палічыў не лішнім удакладніць Фадзееў у Панамарэнкі, які, таксама разумеючы, што гульню ў "жывога і мёртвага" Сталін прыдумаў не проста так, вырашыў адмаўчацца, але паколькі ён, седзячы побач з Фадзеевым, бачыў, што "характарыстыка" надрукаваная на бланку ЦК, яму нічога не заставалася рабіць, як сказаць: "Так". І тут жа старшыня камісіі абароннай мастацкай літаратуры Ліберман, палічыўшы, што гэта зручны момант, каб выправіць сваю памылку, падняўся з урачыстым тварам: "У такім разе таварыш Купала, безумоўна, жывы! І менавіта ў гэтым аспекце нам трэба падумаць пра юбілей, прадставіць юбіляра да ўзнагароды. Можа быць, да прэміі, да ордэна, да..."
То Гітлер прапаноўвае, то Ліберман.
Панамарэнка, адзіны з усіх прысутных, хто ведаў, чаму і як не стала Купалы, а таму вельмі сумняваўся, што Сталін захацеў раптам забітага ажывіць, каб юбілей ягоны справіць, усё ж вырашыў не выяўляць пакуль свайго сумневу, але і з юбілейнымі ўзнагародамі не спяшацца.
- Ды ўсё ў яго ёсць! - перапыніў ён Лібермана. І ордэн, і прэмія. І званне… Народны паэт! Што яшчэ можа быць?
- А двойчы! - сказаў, нават не перапыніўшыся, Ліберман.
Панамарэнка не зразумеў.
- Што двойчы?
- Двойчы народны! - з тварам, асветленым новай і, як яму, мусіць, здалося, вельмі ўдалай ідэяй, не перапыняўся Ліберман. - Двойчы народны паэт. Беларусі і Расіі. Як жывы сімвал вечнага братэрства.
Усе паглядзелі на Мяркулава, той сядзеў з індыферэнтным тварам: маўляў, вам вырашаць. "Ну, не зусім... - усё ж заўважыўшы нешта не надта жывое на індыферэнтным твары камісара. - не зусім жывы", - хацеў, мусібыць, сказаць драматург Трэнёў, які напісаў п’есу пра тое, як бальшавічка-жонка выдала на смерць белагвардзейца-мужа, спектаклі па якой трыумфальна прайшлі пад расстрэльныя залпы па ўсім СССР, але тут сярод беларускіх паэтаў, якія, сеўшы цеснай купкай, дасюль маўчалі, заўважылася ажыўленне, пра нешта яны перашапталіся, падняўся Пятрусь Броўка: "Мы, беларускія паэты, падтрымліваем прапанову таварыша Лібермана".