Выбрать главу

- Дзіцячы пісьменнік не па-дзіцячаму выступіў, - пачуўся чыйсьці нетаропкі, трохі хрыплаваты голас, і чамусьці Купала, яшчэ не ўбачыўшы, хто прамаўляе, падумаў пра чалавека ў кіцелі пракурора. І не памыліўся.

- Але калі таварыш Маршак мяркуе, што выступіў на карысць таварыша Купалы, - нетаропка доўжыў той, апрануты ў пракурорскі кіцель, чалавек, які сядзеў у самым канцы стала, і было відаць, што не толькі Купала, а ніхто, нават Талстой, які сеў побач з ім, не ведае, хто ён такі, - дык, па-мойму, у гэтым ён памыляецца. Але не памыляецца ў іншым: у інстынктах, або, калі заўгодна, у філасофіі. У такой, - пстрыкнуў пальцамі "пракурор", - жыццёва-пабытовай філасофіі, зыходзячы з якой прымаюць рашэнні людзі. Найперш слабыя. А паколькі, як сведчыць Святое пісанне, і гэта адзінае сведчанне ў ім, якому я веру, слабыя ўсе, дык можам лічыць, што ўсе мы, за рэдкімі выключэннямі, прымаем рашэнні, зыходзячы менавіта з гэтай самай жыццёва-пабытовай філасофіі. Нават тады, калі лічым, што выбар, які мы робім, - уважліва паглядзеў "пракурор" на Маршака, - прадыктаваны нам нейкай іншай, значна вышэйшай за нашу пабытовую філасофію ідэяй, усё адно любое наша рашэнне абумоўленае найперш тым, наколькі яно для нас бяспечнае ці небяспечнае. Няхай сабе яно як бы й не звязанае з бяспекай, з тым, пагражае нешта табе, твайму жыццю, - ну, скажам, у якую краму лепш па хлеб схадзіць, - ці не пагражае, падсвядома ў гэтым прысутнічае не толькі хлеб, але і асцярога за жыццё. - Тут ён, адчуваючы, што занадта ўдаўся ў філасофію, у якой не ўсе пісьменнікі падкаваныя, вырашыў выказацца прасцей. - Я ўсё, зразумела, спрошчваю, але чалавек падсвядома ўзважвае: колькі трэба вуліц перайсці, па якіх машыны імчаць, ці ёсць скрыжаванні па дарозе ў тую краму, ці ў гэтую… Дык вось уявіце чалавека, - гэтак жа ўважліва, як толькі што на Маршака, зірнуў "пракурор" на Купалу, - на скрыжаванні вайны. У горадзе, які вось-вось будзе заняты немцамі. І які мае досвед жыцця ў гэтым жа горадзе, некалі занятым палякамі. Што яму рабіць дзеля бяспекі? Адыходзіць з Чырвонай арміяй? Мінулым разам ён не адышоў - і застаўся жывы. Яго не расстралялі, не арыштавалі. Нават сімвалам сяброўства з акупантамі паспрабавалі зрабіць… Нешта ён праз тое страціў, але захаваў жыццё. А значыць, рашэнне, якое прыняў, выбар, які зрабіў, быў правільны. Вось і праз гады, калі ўжо не палякі, а немцы ўваходзілі ў Мінск, у якім не толькі ягоная маці, але і шмат хто з блізкіх яму людзей застаўся, ён падумаў… Вось пра што вы падумалі, таварыш Купала?.. Не тады, зараз?.. Пра тое, што калі б засталіся ў Мінску, былі б жывы?

Так, ён падумаў якраз пра гэта. Яшчэ падумаў: "Ды пайшлі вы з вашымі юбілеямі! Праз гэта таіцца, хавацца? Ды яшчэ па смерці, калі ўжо ведаеш усё, што наперадзе… Вунь Маршак, які хоць і не ведае, што наперадзе, і то не стаіўся". І Купала ціха, але выразна сказаў: "Так, падумаў, што калі б застаўся ў Мінску, быў бы жывым".

- Та-а-к… - пагрозліва ўстаючы, працягнуў Панамарэнка, і тут жа: "Так, так, так - говорит пулемётчик, так-так-так - говорит пулемёт…" - праспяваў нехта ў расчыненым акне, і ўсе, павярнуўшыся да вакна, убачылі дзіўнаватага чалавека ў лётным шлеме з чырвонай зоркай, які, адным, зялёным вокам падміргнуўшы Мяркулаву, а другім, карычневым, Панамарэнку, сказаў: "Кур’ер з Крамля. Узнагарода для таварыша Купалы", - і пакуль Мяркулаў намагаўся ўспомніць, дзе ён гэтага разнавокага бачыў, кур’ер з Крамля, паклаўшы на белае падваконне чырвоную пушачку, як ніадкуль з’явіўся, так у нікуды знік.

Пушачка была такой чырвонай, нібы распаленай, здавалася - вось-вось запалае. Яна нагадвала тыя футаральчыкі, у якія звычайна кладуць для ўручэння зоркі герояў. Фадзееў неяк няўпэўнена ўстаў, асцярожна, нібы апячыся баяўся, узяў пушачку, вярнуўся да стала, падняў вечка. Здрыгануўся, быццам напраўду апёкся, пушачка выпала з ягоных рук - і ён абамлела сеў. На стале перад ім ляжаў крыжык з раскрыжаваным Сталіным. У фрэнчы, у галіфэ і ў ботах.

- Стаяць! - схапіўшы крыжык, малпай скочыў у вакно Мяркулаў, Купала ніколі не падумаў бы, што такі грузны чалавек можа гэтак скочыць. - Стой!.. - яшчэ раз крыкнуў камісар, а потым з двара пачуўся стрэл, і нехта грузна ўпаў. Усе кінуліся да вокнаў: пасярод параднага двара дома Растовых курыўся пыл над паваленай на камісара, з рук якога выпаў пісталет, скульптурай мысляра, на патыліцы якога свяціўся чырвонай зоркай лётны шлем.