Паехалі ў Данскі манастыр. Віктара здзівіла, што там, у Першым маскоўкім крэматорыі, яшчэ гараць печы. Ён чуў, што працуе новы, Мікола-Архангельскі крэматорый, а крэматорый у Данскім манастыры зачынены. "Для ўсіх, - сказала Ганна. - Але не для тых людзей, якія там будуць. Яны могуць, калі захочуць, хоць усе ў тым крэматорыі спаліцца. - І нібы пажартала ў адказ на ягоны няўдалы жарт. - А ты не хочаш?.. У той жа печы, у якой Купалу спалілі".
Вось праз гэта, мусібыць, і ўбачыўся сон. Праз тое, што яна так сказала…
Прыснілася, нібы ён прыйшоў у крэматорый і сам лёг у печ, у якой спалілі Купалу, і сам жа, неяк аддзяліўшыся ад сябе самога, глядзеў, як ён, паэт Віктар Маргер, а не паэт Янка Купала, згарае. Як спачатку лопнулі вочы, потым праз вачніцы, праз рот, праз вушы пачала выкіпаць кроў, галава адкінулася назад, шво чэрапа разышлося і зеленаватым полымем запаліліся мазгі, і тут нейкая жанчына, не Ганна, іншая нейкая, пачала прасіць, за ягонай спінай стоячы і чамусьці Янкам яго называючы: "Не глядзі, Янка не глядзі…" - і далонькай спрабавала засланіць яму вочы, а ён адводзіў яе руку, не мог адарвацца ад жахлівага, якое магнетычна прыцягвала, відовішча, адхіснуўшыся толькі тады, калі тулава ў печы прыпаднялося, скрыжаваныя рукі раскінуліся, абнялі яго полымем, у якім ён згараў. "Гэй бэн гіном", - пачуўся аднекуль чыйсьці голас, і з гэтымі словамі ў тым полымі ён прачнуўся…
Пякельна балела ў грудзях, у якіх толькі што згарэла, попелам рассыпалася ягонае сэрца.
- Гэй бэн гіном, - прытуліў ён да грудзей Ганну. - Ты чула такое? Што гэта?
- Чула… У Ерусаліме нешта.
- Скуль ты ведаеш, што ў Ерусаліме?
- Была там. Здаецца, гэта гатэль. Ці…
- Ці што?
- Не помню. Якая розніца, што?
Калі б не сон, не голас, дык ніякай.
- Нейкі ты ўскаламучаны з ранку, - на цырлах прайшла Ганна ў прыбіральню. - А табе сёння, як ніколі, спакойным трэба быць. Як па смерці.
Нібы яна ведае, як яно там - па смерці - бывае.
III
Усевалад Мяркулаў паліў папяросу за папяросай, у попельніцы ўжо месца не было, попел сыпаўся на стол, на падлогу, а ён паліў і паліў.
Іван Луцэвіч любіў чысціню. Неахайнасць Мяркулава яго раздражняла, але ён не мог сказаць пра тое камісару 2-га ранга, 1-му намесніку наркама дзяржаўнай бяспекі СССР. Калі б ведаў, што ўжо амаль год Мяркулаў - намеснік наркама толькі фармальна, дык, можа, сказаў бы. Але ён не ведаў.
Не мог ён ведаць і пра тое, што амаль год таму наркам Берыя камандзіраваў свайго намесніка Мяркулава ў Куйбышаў. Фармальна - кіраваць эвакуяванай часткай наркамату дзяржбяспекі і кантраляваць працу эвакуяваных заводаў, а насамрэч - саслаў. І Мяркулаў са страхам здагадваўся, за што…
Увосень сорак першага Берыя сказаў яму, што Маскву, хутчэй за ўсё, давядзецца здаць немцам. Як некалі здалі французам. І прапанаваў застацца ў сталіцы, каб стварыць падполле. Мяркулаў адмовіўся. Сказаў, што таварыш Сталін нікому Маскву не здасць, і адмовіўся. А з Куйбышава, узважыўшы тое, што можа быць з ім далей, напісаў таварышу Сталіну ліст. Распавёў пра размову з Берыем увосень 1941 года. І вось учора Берыя выклікаў яго ў Маскву. Доўга размаўляў з ім, распытваў, як яму там, у Куйбышаве, жывецца… "Куеш зброю перамогі? Ну й добра. А то запанікаваў… Помніш, як ты запанікаваў, калі немцы да Масквы падышлі?.."
Так і спытаў: "Помніш, як ты запанікаваў?" Не ён, Берыя, запанікаваў, а Мяркулаў.
Пасля анекдот расказаў. "Выдумляюць, ведаеш, пра мяне і Сталіна анекдоты. Нібы ў Сталіна любімая люлька прапала. І ён пытае: "Лаўрэнцій, хто маю любімую люльку ўкраў? Ніхто не прызнаецца… Разумееш, якая гульня?.. Дык я дзесяць чалавек знайшоў, якія прызналіся. А Сталін знайшоў люльку за канапай. Смешна?.."
Мяркулаў разумеў, якая пачалася гульня, і Берыя бачыў, што Мяркулаў гэта разумее, таму трэба было прыдумаць нейкую важную прычыну, па якой ён свайго намесніка выклікаў. І Берыя сказаў: "Ты ж працаваў перад вайной з беларусамі і палякамі? Таму й адказнае даручэнне табе, Усевалад: арыштаваць Луцкевіча". - "Якога Луцкевіча?" - "Івана Луцкевіча. Купалу, паэта іхняга". - "Дык гэта любы лейтэнант зрабіць можа. Чаму я?.."
Берыя ўсміхнуўся.
- Ну, Купала - паэт, ты - драматург. Каму ж яшчэ?.. - А ўбачыўшы, што намеснік ягоны ўспрыняў усмешку як насмешку, пстрыкнуў пальцамі. - Эх, помніш, як мы ў Грузіі!.. "Шенма сурвілма дамліа…" - заспяваў ён, павёўшы, нібы танцуючы, плячыма, і паклаў руку на цёмна-шэрую, якая адна ляжала пасярод стала, тэчку. - Тут сфера тонкая, Усевалад. Гэты Луцкевіч ужо тры дні ў нябожчыках. Вось дакументы, пачытай. Мы і раней вырашыць гэтую праблему спрабавалі, але неяк… Я б сказаў: неяк нерашуча. А цяпер немцы сімвал барацьбы беларусаў з бальшавікамі зрабіць з яго надумалі. 3 намі, - падміргнуў грузін Берыя грузіну Мяркулаву, - маскалямі. Ягоным іменем вуліцу ў Мінску назвалі. Нават маюць намер, калі верыць нашай агентуры, вывезці яго з Масквы. Дык чаго яшчэ чакаць? Няма чалавека - няма праблемы. І тры дні таму ў гатэлі, дзе Луцкевіч жыў, ён зляцеў з дзясятага паверху… А пасля ўсяго Сасо раптам сказаў, што патрэбны публічны працэс.