18
- Дэлегатаў і гасцей XXVI з’езда Камуністычнай партыі Савецкага Саюза вітае савецкая моладзь, ленінская піянерыя і ленінскі камсамол! - разнёсся пад дахам Палаца з’ездаў голас дыктара, і першым за супрацьпажарную заслону ступіў да трыбуны касманаўт Рыленка, за ім актрыса Южкова, за ёй Віктар… "Смела наперад! Спілуйце кайданкі! Скіньце скрываўлены царскі ланцуг!" - успомніўся юначы верш Брэжнева, які Віктар усё ж пераклаў (бо чаму не?), але Суслаў ідэю Посуха прачытаць верш па-беларуску не ўхваліў: "Вы на з’ездзе пісьменнікаў пераклады ягоных вершаў чытайце. А на з’ездзе партыі скажыце пра ягоныя партыйныя кнігі. Узнёсла скажыце, як песню праспявайце". І Посух праспяваў пра "Малую зямлю".
"Мы пройдем сквозь шторм и дым. Станет небо голубым. Не расстанусь с комсомолом, буду вечно молодым…" - з песняй і сцягамі пацяклі ручаінамі ва ўсе праходы залы Палаца з’ездаў піянеры і камсамольцы, лепшыя з лепшых, адабраныя на піянерскіх сходах, на камсамольскіх будоўлях, на заводах і фабрыках, у інстытутах і калгасах, у арміі і на флоце, і так доўга, як у тыя хвіліны, пакуль набліжаліся яны ад уваходаў у залу да сцэны, пакуль Віктар падыходзіў па сцэне да трыбуны, пакуль стаяў за ёй, чакаючы, калі ручаіны перастануць цячы, застынуць, зледзянеюць, - ніколі гэтак павольна, так доўга не цягнуўся час…
- Трэба ўстаць, Леанід Ільіч… Нашу змену прывітаць… - пачуў Віктар за спінай голас Суслава, а за голасам пачуўся хруст, з якім пачаў падымацца Брэжнеў: вось хруснулі ў локцях рукі, якімі абапёрся ён на стол, вось у плячах захрусцела, вось адно калена хруснула, другое: "Так, Міхаіл Андрэевіч, трэба падняцца…" - і ў скронях Віктара запульсавала: "Трэба падняцца! Так, трэба падняцца! Над самім сабой, над страхам! Трэба сказаць, трэба сказаць, трэба сказаць!.. Не можа чалавек, які ледзьве падымаецца, кіраваць краінай. Яму трэба сысці, пакуль ён сам гэта разумее. Калі перастане разумець, тады будзе… А што будзе? Тое самае, што ёсць. Бо ўжо не ён кіруе. Смірцюкоў сказаў Ганне, што на гэтым з’ездзе дарагі Леанід Ільіч хацеў заявіць пра адстаўку, але тыя, хто за ім, супраць. Бо надта дарагі… А раптам плюне і заявіць? Што тады?.. Тады выйдзе, што паэт Віктар Маргер прапанаваў генеральнаму сакратару ЦК КПСС сысці з пасады - і той сышоў!"
Віктару ніводнага разу не падумалася раней пра такую магчымасць. А тут падумаў - галава кружанулася. Так, што яго хіснула. І хоць рэжысёр Дворкін сто разоў казаў: "Калі сталі за трыбуну, ні ў якім разе не паварочвацца да прэзідыума! Толькі ў залу глядзець, толькі на дэлегатаў!" - Віктар павярнуўся да Брэжнева, які падняўся і пляскаў камсамольцам з піянерамі: "Сыдзі! Сыдзі! Сыдзі!.. "
Брэжнеў глядзеў паўз яго. У залу. На дэлегатаў. І так на іх глядзеў, што Віктар на заклад мог са Смерцю пабіцца: не сыдзе! Бо хто яго, калі сыдзе, гэтак вітаць будзе?..
Як цягнецца час! Здаецца, яны столькі на сцэне, колькі Брэжнеў ва ўладзе, а яшчэ нават касманаўт не выступіў… І Южкова ўсё калоціцца, дрыжыкі суняць не можа.
Віктара не калаціла. Ніякіх дрыжыкаў. Ён быў напружаны, але спакойны. Як заўсёды, калі трэба было сабрацца, каб прыняць рашэнне.
"Але ж ты прыняў яго. Напісаў тое, што вырашыў сказаць. Аддаў напісанае Кручу. Папрасіў перадаць замежным журналістам. Можа быць, Круча ўжо аддаў ім. І яны чакаюць, пакуль…"
Ён уявіў Кручу з журналістамі. Як ён нервуецца, а яны пытаюць: "Што?.. Выступіў?.. Сказаў?.."
Трэба сказаць. Бо калі не сказаць тут, дык што тады казаць там?..
Чакай, а для чаго трэба?
Дзеля каго?
Вось яно. Ключавое.
Для чаго і дзеля каго?
Дзеля народа? Для Радзімы? Дык калі з тым, што народ, яшчэ можна неяк мірыцца, дык з тым, што Радзіма, ну ніяк! Нездарма адзін з паэтаў-эмігрантаў ваўчыцай яе назваў.
Але праблема не ў ёй. Ваўчыца, не ваўчыца... Як каго карміла... Праблема ў ім. У тым праблема, што ўсё, што ён зрабіў, каб стаяць на гэтай сцэне за гэтай трыбунай, усё, для чаго і зараз стаіць ён тут, і збіраецца сказаць тое, што напісаў, - дзеля сябе. І калі не збярэцца сказаць, калі не скажа, дык дзеля сябе таксама. Нічога дзеля Брэжнева, Суслава, Андропава, для Палітбюро ЦК, нічога для дэлегатаў, нічога для журналістаў, нічога дзеля Кручы, Шкляра, Вышэнскага, Ружэвіча, Ахметавай, Бычыка, Пімена, Бура, Барады, нічога для Саюза пісьменнікаў, дзеля народа, савецкага ці нямецкага, нічога для Радзімы, дзеля Ганны нічога, усё - дзеля сябе.
Каб падняцца.
Успоміў, як на Шыпку падымаўся. Як цяжка было ісці ўверх па схілах гары, узыходзіць шляхам, якім узыходзілі ўсе. І як лёгка ўзляцеў ён у вышыню з Арлінага гнязда, з якога ўзлятаць, падымацца, здавалася, ужо не было куды.