Выбрать главу

Праз тое ўзляцеў, што арол?

Не. Праз выпадак.

Але чаму той выпадак менавіта яму Бог паслаў? У Вірсава забраў і яму аддаў. Бо Вірсаў не гэтакі гнуткі, на вузкай лесвіцы ветэрана з мыліцамі не падхапіў бы? Не скарыстаўся б выпадкам?..

Скарыстаўся б. Вірсаў казаў: "Я магу ўсё, што могуць усе".

Стоп. Недзе тут тое, што ён шукае… Ён ветэрана падтрымаў для сябе? Ну, не для Брэжнева ж, не для Жыўкава, не для Палітбюро. Савецкага ці балгарскага… Але і не для сябе. Хіба ён думаў, што калі не дасць ветэрану ўпасці, дык ветэран яго падыме вышэй за Арлінае гняздо? Што выйдзе так, як выйшла? Не. Ён не даў ветэрану ўпасці, каб ветэран не ўпаў. Ён зрабіў гэта дзеля ветэрана - больш ні для каго і ні для чаго.

Не дзеля сябе. І тое, што ён зрабіў не дзеля сябе, дзеля іншага, вярнулася яму з лішкам.

Але гэта банальна. Біблейшчына.

А што не банальна? Што не біблейшчына? Хрыстос хіба ўзважваў, вагаўся, сказаць ісціну, якая Яму адкрылася, ці не сказаць?..

Во куды яго занесла! На з’ездзе антыхрыстаў да Хрыста.

"Паважаныя дэлегаты з’езда, дарагі і любімы Леанід Ільіч! - пачаў прамаўляць напісаны яму тэкст касманаўт Рыленка. - Ад атрада савецкіх касманаўтаў, ад стваральнікаў нашай касмічнай тэхнікі, якая ўзняла Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік вышэй за ўсе краіны ўсяго свету, прыміце прывітанне XXVI з’езду КПСС… з космаса!.." - выгукнуў Рыленка так, як навучылі яго рэжысёр Дворкін з колішняй акторкай МХАТа Верай Леанардаўнай, і ўсе дэлегаты з’езда гэтак узвіліся з крэслаў, нібы ў космас узляцелі, каб вітаць адтуль дарагога Леаніда Ільіча, і ўсе піянеры, усе камсамольцы разам з іх заводамі, калгасамі, фабрыкамі, інстытутамі, разам з арміяй і флотам, разам з камсамольскімі будоўлямі грымнулі "ура!.."

"Задралі! - казаў яму, калі выпівалі пасля адной з рэпетыцый, Рыленка. - Я Герой Савецкага Саюза, касманаўт, палкоўнік, а нейкі сутэнёр са старой курвай мяне шыхтуюць, як навабранца! Стань тут, павярніся гэтак, разяўся так! Ты ведаеш, чыёй яна палюбоўніцай была, Леанардаўна? Яжоўскай! Сталінскага падручнага палюбоўніцай! Ты бачыў, што ў яе грудзей няма? Ён выразаў! Прыраўнаваў і адрэзаў! Ці, можа, гэтую страшылку пра Яжова прыдумалі, проста высахлі грудзі ў курвы. А яе ў Крэмль! Таксама, відаць, нейкі былы палюбоўнік па старой памяці прыцягнуў… Я што: не мог прыйсці і прачытаць тое, што ты мне напісаў, сам? Без курвы Леанардаўны, без дэбіла Дворкіна? Ці гэта я дэбіл? Я касманаўт! Герой Савецкага Саюза!.."

- Твой выступ не я пісаў, - перапыніў яго Віктар, і Рыленка здзівіўся:

- Хіба?.. А ўсе кажуць, што ты. І мне, і Южковай… Усім. Нават Леаніду Ільічу.

- Што Леаніду Ільічу?

- Ягоныя ўспаміны пісаў. Таму цябе і ўзялі на з’езд. А потым паставяць на камсамол. У Палітбюро адны дзяды, дык яны вырашылі ў камсамоле амаладзіць кадры. - І Рыленка засмяяўся. - Во логіка.

- Хто так кажа?

- Усе. Апроч цябе.

Героем Савецкага Саюза Рыленка стаў яшчэ да таго, як стаў касманаўтам. Выпрабоўваў нейкі найсакрэтны самалёт, той пачаў падаць, але Рыленка яго не кінуў. Не катапультаваўся. Віктар спытаў: "Чаму? Стаць героем хацеў?" - і Рыленка сказаў, наліваючы каньяк: "Не думаў пра гэта. Палётнае заданне было: падняць і пасадзіць самалёт. Я падняў і пасадзіў".

Гэта з ім, з Рыленкам, падумаўшы, што калі герой і ў касманаўты запісалі, дык здароўе ў яго такое, што народзіцца дзіця, пажыла пару гадоў Ганна. І гэта яна, мусібыць, прыцягнула яго ў Крэмль. Па старой памяці.

"А заўтра смерць цябе спаткае, ніхто не ведае, якая…" - спяваў, наліваючы каньяк, Рыленка, і калі Віктар спытаў: "Чаму ты выбраў працу такую, на якой рызыкуеш жыццём?" - пацепнуў плячыма: "А хто ў мяне пытаўся? Паклікалі, праверылі, сказалі: "Падыходзіш!" І што мне адказаць на гэта было? Што не? Калі ўсе рваліся ў касманаўты. Калі ўсіх у нашым палку адсеялі, а мяне паклікалі. Заўважылі. Вось і цябе заўважылі ў тваім палку. Паклікалі, праверылі, сказалі: "Падыходзіш". Гэтак з усімі, хто падыходзіць. А з тымі, хто не падыходзіць, інакш. Так што давай вып’ем за тое, што падышлі. І за рызыку. Я люблю рызыкаваць. Для мяне жыць - гэта ў адкрыты космас выходзіць. Таму я і падышоў. А чаму ты падышоў, не ведаю. У адкрыты космас не выходзіш. Чым ты рызыкуеш?.. Тым, што старому пердуну Брэжневу не спадабацца можаш? Кашчэю Суславу? Палітбюро?.. Анекдот пра гэтых мухамораў ведаеш? Што такое чатыры нагі на сорак зубоў? Кракадзіл. А сорак ног на чатыры зубы? Палітбюро. Чаму не смяешся?.. А, чуў… Тады пра генсека. Наш, касмічны анекдот, ты не мог чуць. Паляцеў Брэжнеў у космас. І забыўся вярнуцца… Ты чаму не смяешся?.."