Выбрать главу

Бо нічога смешнага. Бо чаму ты, Герой Савецкага Саюза, касманаўт, палкоўнік Рыленка, чалавека, якога гэтак не любіш, так горача вітаеш? Актрыса Южкова дык хоць любіць - ажно калоціцца. У гэтай зале, можа быць, адна яна і любіць усімі любімага Леаніда Ільіча.

Актрыса Южкова калацілася і тады, калі ў гатэлі завяла Віктара ў свой нумар. Не пытаючыся, ці хоча ён заходзіць, узяла пад руку і завяла. Яны вярнуліся з Дома мод, дзе яму прымяралі касцюм, які шылі на выступ, а ёй сукенку. Такую строга-шэрую, якая толькі і можа пасаваць ідэйнай камсамолцы. Там безліч вісела сукенак, адна шыкоўна-шаўковая, святочная, і актрыса Южкова спытала: "А можна мне гэтую?" Ёй хуценька, яе ведалі і любілі, падалі тую сукенку: "Калі ласка! Прымерайце!" - і калі яна выйшла з прымяральні, дырэктарка Дома мод прыцмокнула: "Шык! Галівуд! Можаце не здымаць. Толькі гэта не для выступу".

Актрыса Южкова зняла сукенку, як толькі яны ўвайшлі ў нумар. І ўся ў дрыжыках, пацягнула яго ў ложак… Потым, калі перастала дрыжаць, паднялася, зноў сукенку прымерала. "Я прыгожая? Не горшая за Ганну?.."

Так, яна была прыгожая. Гэтакая маскоўская Мэрылін Манро. Але... Але яна дрыжэла, а ў ім - ніякіх дрыжыкаў. Такіх, як з Ганнай…

Потым яна папракала яго ў няшчырасці. "Ты не шчыры быў са мной. Навошта, калі не шчыра? Ты і вершы пішаш так, як кахаеш? Чытаеш ва ўсякім разе так. Як ледакол пра лёд. Я гэта заўважыла, Веры Леанардаўне сказала. Яна згадзілася. "Толькі што я, - спытала, - магу зрабіць? Нельга навучыць шчыра прамовіць тое, што напісана не шчыра". А ты ж сам пісаў… Тады скажы мне: навошта табе ўсё гэта? Дзеля чаго?.."

"Шаноўныя таварышы дэпутаты! Дарагі і любімы Леанід Ільіч! Дазвольце мне ад імя работнікаў кіно і тэатра, ад імя мастакоў, музыкаў, ад імя ўсіх дзеячаў савецкай культуры прывітаць вас і пажадаць плённай працы XXVI з’езду нашай роднай камуністычнай партыі!.." - выпіраючы грудзямі Мэрылін Манро са строга-шэрай, якая толькі і можа пасаваць ідэйнай камсамолцы, пашытай у маскоўскім Доме мод сукенкі, шаўкова-шыкоўным голасам пачала прамаўляць актрыса Южкова, адвярнуўшыся ад залы да прэзідыума, да Леаніда Ільіча, чым адразу парушыла ўсе рэжысёрскія ўстаноўкі Дворкіна, але да канца вытрымала ўсе ўстаноўкі былой актрысы МХАТа, старой курвы Веры Леанардаўны, якая за сваё жыццё гэтак высахла, што ў яе не было ніякіх грудзей, калі толькі яна не паклала ў ліфік пару гранат.

"Ведалі б вы, - казала Вера Леанардаўна, калі Віктар пасля адной з рэпетыцый праводзіў яе дахаты, і яна запрасіла яго на каву, - колькі ўва мне нянавісці да гэтай улады, гэтай партыі, гэтай краіны! Мне тры гады было, мы жылі ў сваім доме на Палянцы, калі яны сваю рэвалюцыю прыдумалі, і з таго часу я столькі ператрывала! Бацьку забралі, расстралялі, маці саслалі ў Казахстан, яна там памерла. Мяне Маркелаў, не Мяркулаў, а Маркелаў, генерал, ведаеце такога? - замуж узяў, таму не чапалі, а пасля і яго арыштавалі. Я ўжо ў тэатры была, дык уявіце!.. Жонка ворага народа ў тэатры, у які Сталін ходзіць! Хацелі выгнаць, за мяне Якаў Баярскі заступіўся. Дырэктар МХАТа, ведаеце такога? Ён з Беларусі, з вашых мясцін. Я ў яго на дачы жыла, бо жыць не было дзе, дом у нас забралі. Ён разам з Яжовым, такога вы мусіце ведаць, дачу наймаў, дык там у гасцях хто толькі ні бываў! А пасля галоўнага энкэвэдыста Яжова звінавацілі ў гомасексуалізме, і ён назваў Баярскага… ну, сваім каханкам, дык Якава, як і Яжова, расстралялі, яшчэ й Мейерхольда разам з ім, а мяне як толькі ні цкавалі, ні прыніжалі - лесбіянка, маўляў, сука, калі ў кампаніі з гомасексуаламі, ды яшчэ з ворагамі... І вось мне за семдзесят, я старая і нікому не патрэбная, як наш касманаўт кажа, курва, а тут мне прапануюць - бо школа, такой школы цяпер няма! - узяць групу, падрыхтаваць да выступу на з’ездзе. Дык я і ўзяла. Вазьму, думаю, пару гранат, пранясу як-небудзь на рэпетыцыю, схаваю, а на з’ездзе ці кіну, ці разам з сабой падарву…"

- Павярніся! Павярніся! - шаптаў з-за кулісы і пальцам актрысе Южковай гразіў рэжысёр Дворкін, які праз дзень пасля таго, як таварыш у шэрым паліто запрасіў яго праехаць з ім на Лубянку, сядзеў у гатэлі ў нумары Віктара і даводзіў, што СССР - гэта адна срань ад Хабараўска да Брэста, і што наваляла гэтай срані ад Брэста да Хабараўска сраная КПСС, у з’ездзе якой, у стварэнні антуражу сходкі старых засранцаў яны з Віктарам маюць сраны гонар браць сраны ўдзел. І вось гэты рэжысёр з ягонай трупай, у якой адна актрыса Южкова шчырая на сцэне, як у ложку, гэтыя людзі, якія не баяцца выходзіць у адкрыты космас, але баяцца сказаць тое, што думаюць, бо адкрытая праўда страшней за адкрыты космас, таму яны хаваюцца ад яе за анекдотамі і, ведаючы праўду пра срань ад Брэста да Хабараўска, узнёсла вітаюць тых, хто гэтай срані наваляў. І так не толькі тут, так паўсюль: на заводах і фабрыках, у інстытутах і калгасах, у арміі і на флоце, на камсамольскіх будоўлях, на ўсіх будоўлях камунізму, у ЦК камсамола і ЦК КПСС, у ЦК ленінскай піянерыі - скрозь і ўсюды фальш, як пусты фанцік на каляднай ёлцы, з якога даўно нехта дастаў і ўпотай з’еў цукерку.