Выбрать главу

Вось чаму трэба прамовіць тое, што ён напісаў. І не памыліцца ні ў слове, ні ў руху. Асабліва напрыканцы. Сказаць, павярнуўшыся да прэзідыума: "Час зірнуць у вочы праўдзе: не можа выконваць абавязкі кіраўніка краіны чалавек, які проста не мае на тое фізічных сіл", - і павярнуцца да залы…

Не раз і не два прамаўляў ён свой выступ перад люстэркам, шукаючы дакладную інтанацыю, вывяраючы кожны рух і ўяўляючы залу, людзей, якія будуць яго слухаць. Так, яны дэлегаты партыйнага з’езду, большасць з іх яшчэ тыя морды, але ж людзі. І трэба звярнуцца да іх даверліва. Гэтак даверліва, каб хто-небудзь з іх не стрымаўся, пляснуў - яны ж усе будуць сядзець і думаць пра тое ж! Пра што ім яшчэ думаць? Пра народ, пра краіну? Наўрад ці. На з’езд яны прыпруцца не дзеля народа, не дзеля краіны, а дзеля сябе.

Зрэшты, як і ён.

Апошняя думка была зараз лішняй. Дэструктыўнай, як сказаў бы камсамольскі сакратар Посух, і Віктар адкінуў яе. Ён не дзеля сябе. Ён падае руку інвалідам.

"Вунь яны…" - уважліва паглядзеў ён у залу. І ў ёй убачыў, у зале ўба-чыў, а не дома ў люстэрку, што не: ніхто не плясне. Ні камуністы ў крэслах дэлегатаў, ні камсамольцы, што замёрлі ў праходах паміж крэсламі. А калі й запляскаюць, дык каб спыніць яго, не даць дагаварыць. Каб утапіўся ён разам з санкамі, на якіх, разагнаўшыся, скочыў з высокага берага, як з трампліна, на тонкі лёд.

Яму сем гадоў было. Сем з паловай. Ён праваліўся ў палонку, рака разам з санкамі, вяроўка на якіх блытанула ногі, цягнула пад лёд, сябры, што каталіся на каньках, кінуліся ўрассыпную, нехта з берага крычаў: "Не падыходзьце да яго, ён вас з сабой пацягне!.." - а ён тануў і думаў: "Ну чаго я з санкамі прыпёрся? Усе з канькамі, а я з санкамі…"

Дзякуй Богу, бацька якраз з працы йшоў. Звычайна ён пазней дахаты вяртаўся, а тут, як пасля казаў, нібы нехта штурхануў яго: "Напрацаваўся, досыць на сёння. Ідзі, цябе дома чакаюць". І бацька ланцуг нёс, каб Цэзара навязваць. Усе вяроўкі Цэзар, напалову аўчарка, напалову воўк, перагрызаў, дык бацька выкаваў ланцуг. Не надта доўгі, але яго хапіла, каб, лёгшы на лёд, кінуць канец ланцуга ў палонку.

"Ну, не ведаю, - казаў бацька, які ўсё цвеліў маці, што тая ходзіць да царквы, дома па тры разы на дзень моліцца. - Можа быць, і ёсць ён, Бог. Ці нешта такое. Колькі разоў збіраўся ланцуг выкаваць! А сёння не збіраўся - і скаваў. Ёсць нешта такое…"

З бацькамі таксама праблема. Калі бацька, які сам з характарам, нікому ні ў чым і ніколі не спусціць, сына-ворага як-небудзь перажыве, дык маці… Хоць яна і казала, як Бычык: "Вырашай, сыне, сам. Табе жыць". Але казаць - адно, жыць - іншае. Вось яна ідзе да суседзяў, ці прыходзіць на працу ў сваю бухгалтэрыю, а ад яе адварочваюцца, як у тэатры ад Веры Леанардаўны. І цкуюць, прыніжаюць, нехта кідае ў спіну, калі яна выходзіць: "Во, сука, нарадзіла!.. "

Думаць пра гэта, уяўляць такое было невыносна, але яно ўяўлялася, пра гэта думалася і думалася. Бо ён ведаў, што будзе менавіта так, а не інакш. І ён нічым і ніяк не здолее бацькам дапамагчы.

Яму таксама чакаць дапамогі няма ад каго. Ён будзе, як у палонцы. "Не падыходзьце да яго, ён вас з сабой пацягне!.." Хіба Грачын кіне ланцуг. А, можа, і не, бо ён каваў яго, каб навязваць, а не ратаваць.

Думка пра Грачына прыйшла разам з адчуваннем, нібы пра нешта ён забыўся. І не мог успомніць, пра што?.. Тэкст помніў. Не забыўся, што пасля выступу трэба павярнуцца і пайсці. Абавязкова адразу павярнуцца і пайсці са сцэны. Роўненька паўз прэзідыум… А дзе Грачын? І Віктар павярнуўся, бо не мог успомніць, ці бачыў Грачына ў прэзідыуме? Няма яго, ці ён яго не заўважыў? Але як мог не заўважыць? Той звычайна сядзеў у першым шэрагу. З левага боку, - крутнуў Віктар галаву ўлева: Грачына не было! На ягоным месцы ў першым шэрагу бліжэй да левага краю сядзеў дырэктар антыкварнай крамы.

Не можа такога быць! Што ж сталася?.. Таму і Ганну ў Крэмль не пусцілі, што Грачына ў Крамлі няма? Няма на з’ездзе, ці ўжо няма ў ЦК? Суслаў нездарма пытаўся, ці бывае Андропаў на лецішчы Грачына, і што яны там за размовы вядуць?..

Але ж Андропаў тут.

У кулісе з левага боку, за некалькі крокаў ад крэсла сакратара ЦК КПСС, на якім сядзеў дырэктар антыкварнай крамы, стаяў рэжысёр Дворкін і гразіў кулакамі. Спачатку левым, пасля правым, потым абодвума. Выгляд у Віктара быў, мусіць, такі, што старая чарапаха ў акулярах, якая сядзела ў прэзідыуме наўпрост перад ім, адсунула ўбок нейкія паперы і запытліва тузанула, гледзячы на яго, галавой: маўляў, нешта здарылася?