Выбрать главу

Што?..

XIX

Пра "кур’ера" з Крамля, пра мысляра ў шлеме, пра Сталіна на крыжы, пра тое, кім і для чаго быў гэты знак пададзены, думаць Купала не стаў. "Процьма часу, вечнасць наперадзе. Надумаюся яшчэ".

- Я ўсё ж вырашыў, што не па-беларуску яно будзе, калі цябе замест мяне пахаваюць, - вярнуўшыся ў канферэнц-залу, падаў ён, каб з труны дапамагчы выбрацца, руку Качарыгу, які схапіўся за яе так, што не вырваць, стаў цалаваць: "Дзякуй, Іван Дамінікавіч! Дзякуй, дзякуй, дзякуй!" - і, не знаходзячы іншых слоў, бо ўсё ж моцна, мусібыць, яго страсянула, стаў казаць тое самае, нібы яно на мазгах ягоных са страху запісалася, што казаў, калі першы раз з купалаўскай труны выбраўся: "Калі ласка, кладзіцеся, бліжэй во сюды, улева, бо справа нешта муляе… Я ўсё жыццё любіў вас, Іван Дамінікавіч, ніхто вас не любіў болей за мяне, а тое, што напісаў нешта на вас, дык калі б яны не хацелі, маглі б не чытаць, але яны хацелі, таму я і напісаў, так бывае, гэта інтуіцыя, вы самі ведаеце, бо яна ў вас, як ні ў каго, таму не разумею, навошта вы з Казані прыехалі, там ніхто б вас не чапаў, каму і хто патрэбны ў Казані, а вы ў Маскву захацелі, каб справіць юбілей, так што самі вінаваты, Іван Дамінікавіч, маглі б увогуле ні ў Казань, ні ў Маскву не ехаць, жывым бы засталіся, бо каму б я тады напісаў на вас?.. Немцам?.. Гітлеру?.. Дык я па-нямецку пісаць не ўмею…"

Купала ўспомніў, як Гітлер прапаноўваў яму стаць народным паэтам Рэйху, і спытаў, уладкаваўшыся ў труне.

- Паслухай, Качарыга, а што ты са сваім ордэнам рабіць будзеш?

- Як што?.. Насіць.

- А калі насіць не будзе на чым?

- Чаму не будзе на чым? Новы пінжак сабе я заўсёды куплю.

- А калі ўжо не зможаш купіць?

Па твары Качарыгі можна было беспамылкова ўгадаць, што ён не ўяўляе, як гэта ён не зможа купіць пінжак?

- Калі памру, ці што?.. Ну, паколькі з узнагародамі не хаваюць, недзе мой ордэн ляжаць будзе.

- Дзе?

- Дзе-небудзь.

- Для чаго і для каго?..

Прыадчыніліся дзверы, Качарыга азірнуўся на іх - яму відавочна хацелася пайсці.

- Ні для каго і для чаго, - нібы самому сабе адказваючы, доўжыў Купала. - Дык што ў такім разе ўзнагарода?..

Качарыга ўжо разумеў, пра што гаворка, і хоць яна не падабалася яму, бо падабаўся ордэн, сказаў:

- Сон на кургане. Так?..

Ён не дурны быў. Подлы, але не дурны, і гэткая, не дурная подласць, як пераканаўся, пажыўшы на свеце, Купала, самая подлая.

- Так. Ці "На Куццю", ці "Безназоўнае". Паэмы, вершы… Толькі тое, што напісаў. Што Бог напісаць даў. Вось што ўзнагарода. Астатняе, - тыцнуў ён пальцам у ордэн Качарыгі, - дзірачка ў пінжаку.

"Ну, дзірачкі ў мяне не відаць пакуль…" - зірнуўшы на лацкан пінжака Купалы, дзе віднеўся след ордэна, падумаў Качарыга, і хацеў спытаць: "А з Казані ў Маскву вы па ўзнагароду Бога прыехалі?.." - але ўляцеў, насцеж расчыніўшы дзверы, Кучар: "Таварышы, таварышы, па месцах, па месцах, паніхіда, паніхіда, ад труны, ад труны, калі ласка, вунь туды, за вянкі, далей, далей, таварыш Качарыга…"

У канферэнц-залу ўвайшоў, паціраючы пабітыя мармуровым мысляром бакі, Мяркулаў, следам за ім Панамарэнка з Гарбуновым, а за імі - адзін за адным - пацягнуліся савецкія і братнія пісьменнікі, чацвёра з якіх, Лынькоў, Крапіва і Глебка з Броўкам, аддзяліліся ад астатніх і сталі ў ганаровую варту.

Твары іх былі жалобнымі і ўрачыстымі. Такімі, якімі павінны быць твары людзей, якіх першымі паставілі ў ганаровую варту на пахаванні дзяржаўнага ўзроўню. Паперадзе ўсіх.

"Гэтаксама яны і на банкеце дзяржаўнага ўзроўню выглядалі б, - падумаў Купала. - У нас банкеты, як хаўтуры, і хаўтуры, як банкеты: адны і тыя людзі з аднымі і тымі ж тварамі адно і тое кажуць. На хаўтурах нават весялей, бо ніхто не зайздросціць нябожчыку".

- Таварышы, сябры нашы, - напусціўшы на твар жалобную ўрачыстасць і дастаўшы з той жа кішэні тую самую паперыну, якую прад’яўляў Фадзееву і ўсёй "камісіі па выкананні даручэння таварыша Сталіна" як характарыстыку на Купалу, пачаў паніхіду Гарбуноў. - Слаўных асілкаў-ваякаў, людзей вялікага розуму народжваў беларускі народ. Такім быў заснавальнік беларускага кнігадруку Георгі Скарына, такімі былі асветнікі-гуманісты Сімяон Полацкі, Васіль Цяпінскі, Багушэвіч, такімі сёння з’яўляюцца Якуб Колас і Янка Купала.

Як у свой час Пушкін у рускай літаратуры, Янка Купала ў беларускай з’явіўся роданачальнікам беларускай мовы, якой жыве цяпер уся беларуская культура, - усё вышэй, нібы спадзеючыся, што яго пачуе сам Усявышні, узносіў голас сакратар беларускага партыйнага ЦК, а Купала гадаў: "Вось калі б я не скрэмзаў, а прачытаў даклад, напісаны гэтым чалавекам для майго выступу ў Казані, ляжаў бы я цяпер у труне, ці не?.." - і нехта мяккім, спагадлівым голасам шапнуў над ім: "Не. Ты быў бы цяпер са мной".