Выбрать главу

Гарбуноў, заступіўшы яму дарогу, зірнуў на Панамарэнку, які, мяркуючы, што гэта нехта з людзей Мяркулава, кіўнуў: "Няхай скажа…" - і Гарбуноў саступіў. "Слова мае таварыш… - нахіліўся ён да расплывістага, які сказаў нешта яму на вуха, на што Гарбуноў, зноў на Панамарэнку зірнуўшы, здзіўлена плячамі пацепнуў… - Слова мае таварыш Расплывісты.

- Хто?.. - даволі гучна спытаў Мяркулаў, і Панамарэнка падумаў, што, можа, дапусціў памылку, дазволіўшы Гарбунову даць слова невядома каму, але таварыша Расплывістага было ўжо не спыніць.

- Вось мы тут робім жалобныя твары, кажам кранальныя прамовы, - пачаў ён такім голасам, якім кажуць не на хаўтурах, а на сходах ці ў судах. - Думаем, што хаваем Янку Купалу. А хаваем мы сёння не яго. - І выгукнуў. - Хаваем мы сёння Каяна Лупаку!..

Сярод першых асобаў узнікла лёгкае замяшанне.

- Каго мы сёння хаваем?.. - разгублена паглядзеў на Купалу ў труне Гарбуноў, які меркаваў, што развітальнае слова прамаўляе чалавек ад органаў, а таму не ведаў, як на пачутае рэагаваць, і ягонай разгубленасцю скарыстаўся яшчэ адзін з расплывістых.

- Можна быць у жыцці падонкам і пісаць знакамітыя кнігі? - падскочыў ён да Кузьмы Чорнага, нібы той і ёсць падонак, які піша знакамітыя кнігі. - Безумоўна, так. Але тут, - кіўнуў ён на нябожчыка, - яшчэ і іншае. Пісьменніку можна выбачыць здраду калегаў і таварышаў, можна выбачыць здраду ідэалаў, але нельга выбачыць здрады літаратуры. Бо здрада літаратуры аўтаматычна стаўляе аўтара па-за літаратурай. Пісьменнік тады знікае, а з’яўляецца ідэолаг, агітатар, голем, Каян Лупака.

Ці быў у Купалы іншы выбар? Канечне, быў. Ён мог падацца ў эміграцыю, ён мог пакончыць самагубствам, ён мог сказаць "не" бальшавікам і ўпасці ў дол у Курапатах. Нічога такога Купала не зрабіў. Ён здрадзіў не толькі ідэалам сваёй маладосці і сваім маладым калегам, якія падалі з кулямі ў патыліцы ў ямы ў Курапатах, але і здрадзіў літаратуры. Ён перастаў быць паэтам, а стаў агітатарам або яшчэ кімсьці значна горшым… [2]

- Што ён сказаў?.. Кім стаў Купала?.. - спытала Чорнага спявачка Перапёлка. - Каінам? Чаму Каінам?..

"Каян! Каян! Лупака! Лупака!.." - закрычаў, прабіраючыся наперад, трэці расплывісты, які, крутнуўшыся вакол вянка, на якім калыхалася Спагада, паўстаў над труной.

- Так! Зваць гэтага чалавека Каян Лупака. Той, ранейшы, з іншым імем, хацеў памерці; Каян Лупака хацеў жыць. Каян Лупака прыняў правілы гульні без агаворак ці хаця б унутранага супраціву - бо не мог інакш, для таго ён і быў створаны замест таго, ранейшага, іншага. Гэта быў зусім новы чалавек, злеплены іншымі людзьмі са смалы і дзёгцю, скалочаны з драўляных страхаў, склеены са старых газецін… Калі ён ішоў, чулася, як шалясціць на ветры папера, што вылезла з-пад шва, і пранізліва паскрыпваюць яшчэ не прыгнаныя добра адна да адной часткі. А калі ён пачаў пісаць вершы - яны таксама рыпелі: "ну-у" і вохалі: "вох-вох" [2].

Купала слухаў прамовы расплывістых, стараючыся спакойна трымаць складзеныя на грудзях рукі. Ён не ведаў гэтых людзей, калі гэта ўвогуле былі людзі, калі былі яны жывыя, і яму павінна было быць усё адно, што яны пра яго кажуць. Каян дык Каян, Лупака дык Лупака… Тым больш, што па смерці ён нічога не мог ім адказаць.

Так ён думаў. Але нават са складзенымі на грудзях рукамі адчуваў ён сябе інакш… Гэтак, як пачуваўся ў кабінеце Сталіна, калі той казаў яму пра салаўёў, якія кніг панапісваюць, за мяжой атабарацца, вучэльні ўсялякія там пасканчаюць, на розных мовах рулады выдаваць навучацца - "…і ведаеце, як вас назавуць? Каян Лупака!"

Думанне і адчуванне не супадалі. У адчуванні была крыўда. І яна пе-рамагала думанне. "Во яно як. Калі б застрэліўся, зарэзаўся, было б ім добра. Быў бы для іх паэтам. А застаўся жыць, дык не. Застаўся жыць, дык нейкі Каян."

- І ніводзін з іх ні праз гэта, ні праз што заўгодна іншае не застрэліцца, жывот сабе не ўзрэжа, - пачуўся чыйсьці Голас з высокага, разнасцежанага вакна, у якім над дахам суседняга дома віднеўся краёк неба з нізкай, што на даху, захінаючы комін, ляжала, ружовай аблачынкай, з якой, здавалася, і гучаў Голас. - І не таму, што грэх. Проста час, які ў іх жыве, іншы. Не такі, які жыў у табе.