Выбрать главу

Потым ён чытаў у публікацыях па праблемах зроку, што такое можа быць, што на нешта можаш глядзець і гэтае нешта, ці кнігу на стале, ці чалавека за сталом нейкія імгненні не бачыць, што здараецца гэтак у хвіліны моцнага псіхалагічнага напружання і найчасцей тады, калі ўпэўнены, што ўбачыш тое, што чакаеш убачыць, і што прычына тут не ў вачах, а ў мазгах, бо вочы - гэта вынесеная за чэрап частка мазгоў, з якімі ў цябе нейкая праблема, але хто ў такое паверыць?..

З мазгамі праблема?.. Магчыма. Але пасля ўсяго, што сталася, хто паверыць, што праблема з мазгамі, з тым, што, не ўбачыўшы Грачына, яны, вынесеныя наперад, запанікавалі, і што калі б не гэтае панічнае імгненне, не зацямненне зроку, ён сказаў бы тое, што напісаў і пакінуў Кручу? Хто потым будзе такое слухаць, калі цяпер, ідучы ўздоўж стала прэзідыума, за якім пляскалі яму сакратары ЦК, члены Палітбюро, з-за якога выйшаў і за кулісай паціснуў руку, абняў яго Грачын: "Малайчына! Без выкрутасаў!.." - ён сам не ведаў, ці стаў бы на край сцэны? Ці хапіла б яго на гэта, калі б нават былі ў яго заступнікі і абаронцы?..

Адбылося тое, што адбылося: стаў выпрабоўваць самалёт - і не выканаў палётнае заданне.

Не касманаўт Рыленка. Не Герой Савецкага Саюза.

Ён упадаў у адчай. Трэба было выйсці з гэтага стану, з некім пагаварыць, але з кім? З Кручам? Вось з кім менш за ўсё ён хацеў бы зараз сустрэцца, дык гэта з ім. Тады да каго пайсці, каму паспавядацца? З кім пасядзець за чаркай - яму захацелася, моцна захацелася выпіць. Не з Рыленкам жа, які, адсунуўшы ўбок Дворкіна: "Ты чаго да яго прычапіўся?" - павёў Віктара з грымёркі актрысы Южынай, дзе Дворкін адразу, як толькі сышлі са сцэны, пачаў разбор палётаў. І не таму з Рыленкам быць не хацелася, што ён з космасу вітаў тых, каго не любіць, Віктар сёння таксама іх павітаў, а таму, што не той ён чалавек, якому можна паспавядацца.

Тады каму?

Не было каму. Ці ні ўпершыню ў жыцці Віктар ясна зразумеў, адчуў, балюча, пранізліва ўсвядоміў, што няма ў яго нікога, апроч яго самога. З касманаўтам Рыленкам можна было б пасядзець за чаркай і пагаварыць пра многае, нават пра Ганну, і шмат з кім яшчэ можна было б пагаварыць пра многае, але пра тое, у чым сорамна было прызнацца сабе самому, пагаварыць не было з кім.

Хіба што з Ганнай?

Так, з Ганнай.

Трэба яе знайсці. Зараз жа, адразу… Дзе яна? У гатэлі? Дома? На лецішчы?..

Ён успомніў, што каля пульта за сцэнай вісіць тэлефон, падбег, стаў нервова круціць дыск, але нумар не набіраўся, пасля першай жа лічбы доўгі гудок зрываўся ў гудкі кароткія, нібы занята… - чым яна ў такі дзень можа быць занятая?.. - і нехта сказаў за ягонай спінай: "Гэта ўнутраны тэлефон, у горад праз дзявятку". Віктар азірнуўся: у кулісе каля пульта стаяў чалавек у шэрым паліто. Нібы чакаў яго, нібы ведаў, што ён падыдзе да тэлефона.

"Давайце ў буфет зойдзем, там у мяне буфетчыцы знаёмая, - прапанаваў ён Віктару. - Чаго-небудзь па знаёмстве нам накапае. - І спытаў Рыленку, які чакаў іх каля дзвярэй грымёркі актрысы Южковай. - Вы не супраць, калі я забяру вашага сябра?"

- Супраць, - нечакана сказаў Рыленка. - Але што з таго, што я супраць? Нічога. Проста супраць і ўсё, - махнуў ён рукой і пайшоў.