Выбрать главу

Віктара ўжо спрабавалі вербаваць. Адразу пасля таго, як ён стаў лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола. "Не думайце, што без нас вы лаўрэатам сталі. Без нас у вас нічога б не было. А з намі будзе ўсё. Прэміі, званні, пасады. Адмовіцеся - згубіце тое, што маеце. Згубіце ўсё".

Ён тады выстаяў. Што ні абяцалі, як ні ціснулі, ні палохалі - не спакусіўся на абяцанкі, не паддаўся ціску, страху. І ад яго адчапіліся. Але, відаць, не назаўсёды.

У буфеце, дзе буфетчыца "па знаёмстве" наліла ім грузінскага каньяку 25-гадовай вытрымкі, чалавек у шэрым паліто, распрануўшыся, паказаў чырвонае пасведчанне Камітэта дзяржаўнай бяспекі. "Я раней не прадстаўляўся, бо не ведаў, як у нас з вамі далей усё пойдзе… Палкоўнік Рутневіч Алег Дзмітрыевіч… Так, па прозвішчы відаць, што ваш зямляк. І хачу перад вамі прабачыцца за маіх мінскіх калегаў. Яны проста не разумелі, якога ўзроўню вы паэт. Якога маштабу. Цяпер зразумеюць, - схаваў ён пасведчанне ў кішэню пінжака і падняў кілішак. - Віншую, Віктар Паўлавіч! Сёння вы сталі першым паэтам краіны!"

Сказаў бы ён гэта пры Кручы, які зараз глядзіць на замежных журналістаў, а яны глядзяць на яго…

Пра гэта нават думаць не хацелася!.. Віктар выпіў, каньяк мякка аблізаў губы, цёпла працёк па горле. Файны каньяк. Вось што б і дзе ён зараз піў, калі б…

- Тое, што я сёння прадэкламаваў, адносінаў да паэзіі не мае, - паставіў ён кілішак. - А за выпіўку дзякуй. Па знаёмстве тут наліваюць файны каньяк.

- Без знаёмства тут не наліваюць ніякага, - паставіў свой кілішак Рутневіч. - І вось што я хачу вам сказаць па знаёмстве. Неяк у нашым архіве я знайшоў дзённік Усевалада Мікалаевіча Мяркулава - быў такі, калі памятаеце, намеснік наркама дзяржаўнай бяспекі СССР Выпадкова знайшоў, шукаў іншае. Пачаў чытаць і зачытаўся. Цікава. І што цікава для вас? Ён піша, як прысутнічаў пры размове Сталіна з адным паэтам. Народным. З якім?.. Ну, дапусцім, з Купалам. І загаварылі яны пра іншага паэта, пра якога Мяркулаў, які не толькі прысутнічаў, але і ўдзельнічаў у размове, пажартаваў, што той не Пушкін. І ведаеце, што Сталін на гэты банальны жарт сказаў? Што не Пушкін, бо яго не прызначылі Пушкіным. А прызначылі б, быў бы Пушкін. І калі народны паэт, ну, дапусцім, Купала запярэчыў: маўляў, можна міністра прызначыць міністрам, а Пушкіна прызначыць Пушкіным нельга, ён нарадзіўся паэтам, Сталін згадзіўся, што так. Нарадзіўся паэтам. Але не Пушкіным. Пушкіным ён быў прызначаны. Хоць замест яго мог быць прызначаны нехта іншы. Напрыклад, Дзяржавін, сказаў Сталін. Прозвішча нават больш падыходзіць, чым Пушкін… Ці вы мяркуеце, - спытаў таварыш Сталін народнага паэта, - што Купалам вы сталі, бо нарадзіліся Купалам? Гэта мы вас Купалам зрабілі. Мы вас ім прызначылі, хоць маглі прызначыць іншага, - узяў Рутневіч кілішак, які па знаёмству зноў напоўніла буфетчыца. - Разумееце, Віктар Паўлавіч?..

Віктар зразумеў. Чаго тут было неразумець? І сказаў, выпіўшы, бо ўсё яшчэ хацелася выпіць: "Але, каб прызначылі Пушкіным, трэба ўсё ж напісаць хоць бы маленькія трагедыі", - на што новы ягоны знаёмец, зямляк з Камітэта дзяржаўнай бяспекі раптам засмяяўся. "Гэта пры цары. А пры таварышы Брэжневе, як і пры таварышы Сталіне, не абавязкова. Дрындушкамі абысціся можна. А трагедыі без вас прыдумаюць. Хоць маленькія, хоць вялікія".

Апошнія словы ён прагаварыў ужо не смеючыся. Падсунуўся з крэслам да Віктара: "Мы ведаем пра вашу размову з Суславым. Ён сказаў таварышу Андропаву пра тое даручэнне, якое хоча вам даць". - "Пра якое?" - "Пра польскае. Менавіта таму мы, а не праз вашыя грахі юнацтва, як, можа быць, вы падумалі, і вырашылі пазнаёміцца з вамі бліжэй. Уважлівей прыглядзецца. Гэта ж нармальна?.." - "Ну, не ведаю. Ніякага даручэння я пакуль не маю". - "Калі будзеце мець, позна будзе. Ці мала што можаце выкінуць у Варшаве. - І раптам гэтак проста, як пытаюць, ці ёсць запалкі, каб прыкурыць, палкоўнік Рутневіч спытаў: - Вы ж і на з’ездзе збіраліся нешта такое выкінуць? Прызнайцеся, што хацелі. Але ці перадумалі, ці не змаглі".

Наўрад ці ён проста ўгадаў. Аднекуль яны гэта ведаюць. Ад Кручы?.. Можа, нездарма жонка Стругавога кажа, што Круча з КГБ не вылазіць? Але калі так, калі б Круча перадаў ім тое, што абяцаў перадаць журналістам, Рутневіч зараз гаварыў бы з ім не пра Польшчу.

Выбачай, Круча.

Палкоўнік гэты - панцяршчык. На панты бярэ. Паглядзець на рэакцыю хоча. Ну, глядзі…

- Мне таварыш Суслаў сказаў, што дасье маё ў таварыша Андропава, і што ў таварыша Андропава ніякіх заўваг і ніякіх пярэчэнняў… - пачаў ён, і Рутневіч рукі ўскінуў.

- А я хіба пра заўвагі? Пра пярэчанні? Калі б былі заўвагі і пярэчанні, выступалі б вы на з’ездзе? Паручыўся б за вас таварыш Грачын перад таварышам Суславым, а таварыш Суслаў перад таварышам Андропавым? Так што ніякіх пярэчанняў. Я так... як з паэтам, з вамі. Здагадкі ўсялякія, фантазіі... Люблю маленькія трагедыі… Але я не Пушкін, - зноў замяяўся ён, выводзячы размову з той напружанасці, якая ў ёй узнікла. - Сябар Міцкевіча... У вас жа таксама сябры ў Варшаве. Для нас вельмі важна, Віктар Паўлавіч, якой выйдзе Польшча з палітычнага крызісу. У любым выпадку яна застаецца нашай, але якой? Гэта будзе залежаць ад таго, што мы зробім, каб яна засталася нашай. Ад нашых дзеянняў. І перш чым пайсці на рашучыя. ну, скажам, на такія, як у Чэхаславакіі... я вам кажу гэта, каб вы зразумелі сур’ёзнасць сітуацыі і вашай місіі, мы вырашылі зрабіць некалькі папярэдніх крокаў. У тык ліку і вось такі крок… ці, як назваў яго таварыш Андропаў, ход мастацкай дыпламатыі. І нам трэба ўяўляць, дакладна ведаць, што нам чакаць ад нашых мастацкіх дыпламатаў? У гэтым спісе вашых калегаў, рэкамендаваных нашымі калегамі, - ледзь заўважна ўсміхнуўшыся свайму выпадковаму жарту, дастаў ён з кішэні пінжака, з іншай, не з той, з якой даставаў пасведчанне, складзеную ў чатыры столкі паперыну, - ёсць людзі, цесна звязаныя з Польшчай. Напрыклад, - разгарнуў ён паперыну, - Танкевіч… Ці Брылец…