Берыя часцяком, каб падкрэсліць сваё блізкае сяброўства са Сталіным, называў яго даўняй, яшчэ дзіцячай мянушкай Сасо. Хоць быў маладзейшы за яго на дзесяць гадоў і пазнаёміўся з ім ужо тады, калі ніхто Сталіна так не называў. Ніхто, апроч маці, якая пяць гадоў як памерла.
- Над кім публічны працэс?
- Над гэтым Луцкевічам. Каб паказаць, як мясцовы нацыяналізм зліваецца з фашызмам. Ясна?
Ясна было, што Берыя яго падстаўляе.
- Лаўрэнцій, ён жа мёртвы.
- Хто мёртвы?.. Фашызм?
- Луцкевіч.
- Сасо сказаў, што не. Разумееш?.. А калі таварыш Сталін, - з націскам прамовіў Берыя словы таварыш Сталін, - так сказаў, значыць, так і ёсць. Ці ў кожным разе мусіць так быць. І пакуль ты ў Куйбышаве быў, мы ўсялякіх біёлагаў з дактарамі і гэтых… як іх… якія каля Вавілава круціліся… генетыкаў у адну шарашкіну кантору сабралі - і яны нам 1-ю лабараторыю прыдумалі. Ажыўляльнік такі… Твой сябар Кабулаў свайго памочніка кіраваць там паставіў. Здольны аказаўся ягоны памочнік. Такі, ведаеш, вядзьмак… - І зірнуўшы ў недаўменныя вочы намесніка, Берыя дадаў спачувальна. - Так, Сева, гэта ўсё нялёгка зразумець. Але Сталін сказаў, што жывы, значыць, жывы.
Зразумець такое сапраўды было нялёгка. Калі толькі Берыя не вырашыў паздзеквацца. Ці яшчэ адзін анекдот пра сябе і Сталіна прыдумаць. Але не, на такі анекдот ён не асмеліўся б… Хоць дазваляў сабе іншым разам такое, чаго ніхто іншы дазволіць сабе не мог. Неяк Сталін спытаў яго: "Ты, Лаўрэнцій, можа быць, меціш на маё месца?.." - і Берыя зрабіў жартаўлівы выгляд: "А чаму не? Хіба благі той салдат, які марыць стаць генералам?"
Мяркулаў бачыў, якой усмешкай усміхнуўся Сталін. І падумаў, што салдацкага жарту гэтага ён Берыю не забудзе.
- Значыць, таварыш Сталін сказаў, што паэт Купала жывы? - пагартаў Мяркулаў цёмна-шэрую тэчку з дакументамі. - А з гэтых дакументаў вынікае, што мёртвы. Не супадае адно з адным, - падсунуў ён тэчку да Берыі, касавата на яго паглядзеўшы, а той адсунуў паперы назад: "Вось бачыш… А кажаш: любы лейтэнант. Каб лейтэнант мог мёртвага арыштаваць, генералам стаў бы…"
"Праз гэта генерал можа лейтэнантам стаць, - зноў пасунуў тэчку Мяркулаў. - Калі жывы застанецца. Дзе я арыштую яго? На тым свеце?" - а Берыя ўстаў і пад руку павёў яго з кабінета: "Чаму на тым? Яшчэ на гэтым паспееш. На пахаванні. Ён жа не можа на сваім пахаванні не быць… - І ў дзвярах, сунуўшы Мяркулаву тэчку пад паху, Берыя на хвіліну задумаўся. - Хоць не, на пахаванні няёмка. Мы ўсё ж не рускія, грузіны мы з табой. Значыць, трэба раней, бо потым позна будзе, - паглядзеў Берыя на свайго намесніка з той пранізлівасцю, якой працінае вецер, калі пасля бабінага лета замаразкі надыходзяць. - Пахаваюць".
4
На пахаванні хроснага Ганны, даўняга сябра яе бацькі, сабралася ў рытуальнай зале крэматорыя ці не палова партыйна-савецкага кіраўніцтва. Не было Генеральнага сакратара ЦК КПСС таварыша Леаніда Ільіча Брэжнева, якому не дазволілі на пахаванне пайсці дактары, але астатняга начальства, у тым ліку членаў і кандыдатаў у члены Палітбюро хапала. Адзін з іх, бацька Ганны, падышоў: "Ты як? Гатовы?.." - і калі Віктар кіўнуў: "Так, Васіль Дзям’янавіч, гатовы…" - той ціскануў ягонае плячо: "Глядзі, каб усё… - І палец падняў. - Каб усё!"
Яму было ўжо за семдзесят, але рука Васіля Дзям’янавіча Грачына была зусім не слабая. Моцная ў яго была рука.
Упершыню Віктар адчуў яе моц, калі сказаў, што збіраецца пакінуць і літінстытут, і Маскву.
- І Ганну? - перапыніў яго Васіль Дзям’янавіч. - Ты думаеш, я дазволю, каб ты вось так? Каб пакруціў і кінуў?!
- Не змусіце ж вы мяне!
- Змушу!
Віктар ужо ведаў, як і хто змусіў бацьку Ганны ажаніцца з яе маці, таму сказаў: "Але ж вы не Берыя. Тым больш не Сталін. І часы не тыя".
Грачын гэтак сціснуў яму плячо, што яно хрумснула.
- Не Берыя, але часы тыя самыя. Нават лепшыя. Мае.
Яны сядзелі на лецішчы, куды Васіль Дзям’янавіч прывёз Віктара і дзе ўжо быў накрыты стол: "Давай па-сапраўднаму, як мужыкі, пагаворым. Мне па-сапраўднаму і пагаварыць няма з кім. - І ён ледзь не адным глытком кульнуў шклянку каньяку. - А табе ёсць?.."