Выбрать главу

- Прызначаны?

- Так! Прызначаны!.. Мы пра гэта хіба не гаварылі, пра дзённік Мяркулава я вам не казаў?..

Такога ўсплёску эмоцый ад палкоўніка КГБ, хай сабе ён трохі нападпітку, Віктар не чакаў. Радзіма, абавязак… Калі за выпіўкай гэтак узнёсла прамаўляюцца такія словы, дык той, хто іх прамаўляе, ці кончаны нягоднік, ці шчыры ідыёт…

На ідыёта зямляк ягоны не выглядаў. Але і на нягодніка таксама. Ва ўсякім разе на кончанага.

- Добра, - адсунуў кілішкі Рутневіч. - Больш пакуль не выпіваем. Можна было б яшчэ пагаварыць, але вас, пэўна, дачка Грачына чакае. Дарэчы, ведаеце, чаму бацькі яе падчас вашага выступу не было, толькі пад канец з’явіўся? Адзін дэлегат з Навасібірску вырашыў смеласць выявіць, прапанаваць Генеральнаму сакратару партыі пайсці на пенсію. Якраз перад вашым выступам рваўся ды трыбуны. А ён даўні сябрук Грачына, - ва ўпор глянуў, проста стрэліў позіркам Рутневіч. - Дык Леанід Ільіч і папрасіў Грачына сябрука супакоіць. Так што не ўсё ў нашым чалавечым свеце, Віктар Паўлавіч, так трывала, як часам здаецца. Але пакуль, калі ласка, - палез ён у кішэню пінжака, дзе чаго толькі ні было, можа, быў і пісталет бясшумны, - запрашэнне на банкет. На дзве асобы. - І спытаў весела, нешта ўсё ж у ім праглядвалася такое, што калі й дазваляла прыняць яго за нягодніка, дык не за кончанага: - Можа быць, земляка свайго возьмеце? Не запрасілі мяне, Віктар Паўлавіч, на банкет з нагоды закрыцця з’езда. Служу верай і праўдай, а не запрасілі. Вы бывалі, дарэчы, на крамлёўскіх банкетах? Сотні людзей - і ва ўсіх вочы лопаюцца ад нянавісці ды зайздрасці адно да аднаго. Калі праўду казаць, дык са сваёй буфетчыцай у буфеце лепш.

XXI

- Бачыце: спачатку лопаюцца вочы, потым праз вачніцы, праз рот, праз вушы пачынае выкіпаць кроў, галава адкідваецца назад, шво чэрапа разыходзіцца і запальваюцца мазгі, бачыце зеленаватае полымя? - не гледзячы ў круглую адтуліну печы, перад якой пасадзіў Купалу, падрабязна распавядаў пра тое, што ў печы адбывалася, дырэктар крэматорыя, які, знаёмячыся, назваўся палкоўнікам Несцярэнкам, а Спагада прасіла, за спінай стоячы: "Не глядзі, Янка, не глядзі…" - і далонькай спрабавала засланіць яму вочы. - Такім зеленаватым полымем толькі мазгі гараць, усё астатняе звычайна, як дровы, - голасам экскурсавода казаў палкоўнік Несцярэнка, і Купала адводзіў руку Спагады, не мог адарвацца ад жахлівага відовішча, якое магнетычна прыцягвала. - Верхняя частка тулава прыпадымаецца, скрыжаваныя рукі раскідваюцца… Во, вы ажно адхіснуліся. Сапраўды, здаецца, нібы жывы згарае… У геене вогненнай… Нас палохаюць, што па смерці ў ёй гарэць будзем, а мы пры жыцці ў ёй гарым… Прагарае грудная клетка, пачынае гарэць сэрца. Шкілет дагарае, але захоўвае форму, пакуль не дагараць вантробы… Лёгкія, страўнік, ныркі, печань… Чамусьці печань апошняя спапяляецца. Прычым, і ў цвярэзнікаў, і ў п’янтосаў, хоць у апошніх мусіла б раней згараць, праспіртаваная… Вы як, дарэчы, да гэтага? Можам у маім кабінеце вас памянуць.

На прапанову палкоўніка Купала ніяк не адрэагаваў. Маўчаў. Сядзеў і глядзеў на прах. На попел. На тое, што засталося ад жыцця.

- Што ж, пасядзіце, - сказаў палкоўнік. - Гэта ўражвае, я вас разумею.

Купалу ўспомнілася, як у Сеніцы, куды пераехалі ягоныя бацькі, калі яму гадоў сем было, захварэў іхні сабака. Дні тры праскавытаў, бедны, і як Янка з маці ні даглядалі яго, чым і як ні лекавалі, спруцянеў. А ў суседа якраз гусі задралі лапы ад нейкай заразы - і ён павёз іх пад вечар за вёску, каб спаліць. Кінулі на воз і спруцянелага сабаку. Выкапалі яміну, наклалі дроў, і калі ўзялося полымя - сабака ўскочыў і пабег. На ім гарэла поўсць, з яго кавалкамі злятала спаленая скура, а вогненны сабака бег, бег і бег, пакуль не ўпаў клубам агню на сваім падворку.

- Ты глянь, - выдыхнула маці. - Мёртвы, спалены, а вярнуўся…

Пазней Янку і малому, і даросламу не аднойчы снілася, што і гусі ўскрылілі - і ляцелі, вогненныя, рассыпаючы іскры, у вечаровых нябёсах.

"Мусіць, я не памру, пакуль не вярнуся на свой падворак", - падумаў Купала, гледзячы ў печ, дзе, астываючы, сівеў ягоны попел, які ўскідваўся раз-пораз, нібы намагаўся ўзляцець, і ападаў бяссільна. "Рассыпаючы іскры ў вечаровых нябёсах…"

Падняўшыся, ён адчуў, што хістка стаіць на нагах. Вогненнае відовішча моцна ўразіла яго.

- Трэба неяк на свой падворак вяртацца, - сказаў ён дырэктару, які не зразумеў: "Што?.."