Выбрать главу

Святы Серафім загарнуў сваю кнігу, паклаў на яе руку. Зірнуў на дырэктара крэматорыя пранізліва:

- Вас чакае пекла. Вунь там, у Данскім манастыры, - кіўнуў ён за спіну, - канаў патрыярх Ціхан. Вернікі хавалі яго ў сутарэннях, каб вы яго не забілі. Ён памёр уночы, выдыхнуўшы: "Ноч будзе цёмная, доўгая, доў-га-я." І нікому з тых, хто ноч гэтую, цём-ну-ю, доў-гу-ю ноч наслаў, Бог не даруе. Не даруе, не даруе, не даруе!..

Палкоўнік Несцярэнка ў пранізлівыя вочы святога Серафіма глядзеў спакойна.

- Можа быць. Калі Ён ёсць. Але мяркуючы па тым, чаго я тут, у бо-о-жым храме наглядзеўся, наўрад ці. Да таго ж... Да таго ж часам мне здаецца, што я ў пекле і нарадзіўся. У геене вогненнай. Больш і не жыў нідзе. Так што... - рушыў ён да дзвярэй. - Так што, Іван Дамінікавіч, чакаюць нас.

"Медальён ад Ганны, - хуценька падсунулася да Купалы княгіня. - Развітацца з вамі цар яе не пускае. Гэтак злуе, што звесці са свету можа, уратуй яе Божа…"

Купала сцінуў руку ў кулак, запякло яшчэ мацней.

"Яна сказала, што гатовая за вас. не, гатовая з вамі жывой у агні згарэць".

Ён не стаў удакладняць: з ім, ці за яго?..

Манах зірнуў на княгіню незадаволена. Відаць было, што яны не ў простых адносінах, святая Ганна Кашынская і святы Серафім Сароўскі. Зрэшты, як кожны мужчына і кожная жанчына. Хоць грэшнікі, хоць святыя, калі такія бываюць.

- А чаму Царства Усеславянскае, якое вы прарочыце, будзе Усерасій-скае, - падняўшыся і пацалаваўшы руку святой Ганне, спытаў Купала святога Серафіма, які проста не зразумеў, пра што ў яго спыталіся: "А якое яшчэ?" І дырэктар крэматорыя палкоўнік Несцярэнка, расчыняючы дзверы, паглядзеў няўцямна:

- Праўда што…

Вось у гэтым яны згодныя. Поп з палкоўнікам.

"Відаць, - падумаў Купала, выходзячы, - і ў Бога не ўсё, як у Бога".

22

Віктар патэлефанаваў Ганне на выхадзе з Палаца з’ездаў. Ніхто не адказаў ні ў яе дома, ні на лецішчы. Маўчаў тэлефон і ў ягоным нумары гатэля.

Пайсці ў гатэль і аднаму напіцца?.. Ці з буфетчыцай, у яго была ў гатэлі знаёмая буфетчыца.

Ішоў па марознай вуліцы расхрыстаны, яму было горача. Наўрад ці ад трох кілішкаў каньяку.

"Ну, добра. Няхай Грачына ад пачатку выступу ў прэзідыуме не было, прыйшоў толькі пад канец. З гэтым як бы ўсё нармальна. Не было - не бачыў, прыйшоў - убачыў. Але ж бачыў і дырэктара крамы. Ці дырэктара цырка. На месцы Грачына. Гэта таксама нармальна?.."

Ён шыбаваў наўскасяк па Манежнай плошчы да вуліцы Горкага, на тым баку якой быў гастраном: нават з буфетчыцай у буфеце напівацца яму не хацелася. Хацелася аднаму.

Перайшоў вуліцу на чырвонае святло - засвістаў міліцыянт. Віктар тыцнуў яму пад свісток пасведчанне дэлегата, міліцыянт казырнуў. Угледзеўся: "Гэта вы на з’ездзе выступалі?.." І тут пачулася: "Віця! Я толькі што бачыла, толькі што бачыла! Гэта геніяльна, Віця! Супер! Ты даўно ў Маскве? Чаму не званіў? Мне кажуць: Маргер у Маскве! А я кажу: не можа быць! Пазваніў бы! Ты куды ідзеш? Давай да мяне! Ты ж ведаеш, я тут побач! Каго-небудзь з нашых паклічам! Адзначым! Як Леанід Ільіч расцалаваў цябе! Як расчуліўся! Гэта геніяльна, Віця! Супер!.. "

Люся Бурсіна, аднакурсніца ягоная па літінстытуце павісла на шыі, кінуўшы пад ногі гаспадарчую сумку, і вішчала ў вушы, цмокаючы ў адну шчаку, у другую, цмокала і вішчала - у яе была шырокая задніца і вузенькі галасок. Таленту не было ніякага, але яна і без яго не сумавала, прабаўляючыся ў "Піянерскай праўдзе" вершыкамі пра піянерскія горны, барабаны, гальштукі, піянерскія кастры.

Лахудра.

Вось яна, слава. Сярод міліцыянтаў і лахудраў.

Ён ледзьве адчапіўся ад Бурсіной, якая стала сунуць яму свае кнігі: "На, пачытай… Мне важна, вельмі важна тваё меркаванне…" - і ўбачыўшы, што ён ні чытаць яе вершы, ні казаць нешта пра іх не мае асаблівага жадання, дастала з сумкі бутэльку: "Табе, Віця! Толькі для цябе! Замежная. Ад майго знаёмага астролага…" - "Ад каго знаёмага?.." - "Астролага. У мяне знаёмы астролаг ёсць, пра мінулае ўсё ведае і будучыню прадказвае. Калі хочаш, і табе. Хоць што табе прадказваць? Ты сам сабе сёння ўсё прадказаў. Геніяльна, Віця, геніяльна!.."

Узяўшы ў Бурсіной, бо не адчаплялася, бутэльку астролага, ён купіў у гастраноме яшчэ пляшку гарэлкі. "Маскоўскай". Ніякай закускі не браў. Напіваўся ён, што зрэдку здаралася, не закусваючы. Чысты алкаголь.