Але так ён не скажа.
І ўсё ж, дапусцім, сказаў бы… А калі яно не так? Калі яна любіць бацьку - і начхаць ёй на Крэмль. На 300-ю секцыю. Скуль ён ведае? Ні скуль. Але думае, што так, і кажа, што думае. Бо гэта, ён думае, праўда. Такі праўдадумец.
А якую праўдадумцы думаюць праўду? Не пра сябе - пра іншых. Што ім дарагія бацькі, а не кватэры? Не. Яны думаюць, што ім дарагія кватэры, а не бацькі. І тыя, пра каго яны так думаюць, гэтаксама думаюць пра іх.
Чаму ён ніколі не размаўляў з Ганнай пра тое, што ёй даражэй? Бацька ці 300-я секцыя? Як яна пачуваецца дачкой ЦК КПСС?.. Пра што толькі ні гаварылі, абы пра што, а пра гэта - не. Дык якую ён можа ведаць пра яе праўду?.. Ці яна пра яго.
Нешта ведае пра яго, сына свайго Віктара, хіба ягоны бацька. "Ты больш за мяне любіш дзеда, які зрабіў цябе вернікам, - казаў той, калі Віктар счапіўся з ім праз веру, праз Бога, існавання якога, прайшоўшы праз вайну, бацька проста не дапускаў. - Дзед зляпіў з цябе чалавека, які не можа ні слова сказаць, ні кроку ступіць, не падумаўшы пра Госпада. Павер мне: ты будзеш мець праз гэта праблемы. Бо ў табе няма веры ў сябе. А без веры ў сябе вера ў Бога - слабасць чалавечая, а не сіла. Бог любіць моцных. Так, ён шкадуе слабых, але любіць моцных. Бо на іх трымаецца вера ў Яго. Моцныя змушаюць слабых верыць, бо ім гэта выгадна. Бо тады і на гербе імперыі, і на спражцы дзягі, якой падпярэзваецца жаўнер, пасланы імператарам ваяваць, забіваць, можна напісаць: "Gott mit uns". З намі Бог. А калі жаўнер загіне, пахаваць яго з Богам".
У тым, што бацька казаў, таксама не было ўсёй праўды. Толькі частка. Пра Віктара. І не было праўды пра Бога. Бо выходзіла, што вера ў Бога трымаецца на тых, хто ў яго не верыць. На такіх моцных, як бацька. Ці як Грачын.
- Калі я выступаў, твайго бацькі ў прэзідыуме не было…
- Ён быў.
- Пад канец з’явіўся…
- Ад пачатку быў! Я глядзела па тэлевізары ў тваім нумары.
Глядзела яна… Дык і ён глядзеў. І не па тэлевізары.
- Магчыма, - згадзіўся ён, каб не распавядаць, каго бачыў на месцы Грачына, бо тады трэба распавядаць і пра ўсё астатняе - так яно адно за адно і пацягне. - Магчыма, я не заўважыў…
- Як не заўважыў? Ты ж павярнуўшыся да прэзідыума стаяў.
- Да Брэжнева…
- І нікога, апроч Брэжнева, не бачыў?
Тут можна было б сказаць: бачыў. Дырэктара цырка. Але Віктар гэтага не сказаў.
- Бацьку твайго ўбачыў, калі выходзіў. Ён абняў, павіншаваў. Не відаць было па ім, што ёсць нейкая праблема. А Рутневіч намякнуў, калі ўжо запрашэнне даваў, што праблема ёсць.
Ганна кінула на яго хуткі позірк… такі, нібы ён не сказаў пра праблему, а стварыў яе.
- Якая праблема? І якое запрашэнне?
- На дзве асобы, - палез Віктар у кішэнь, дзе, прыціснутае пляшкай гарэлкі, ляжала запрашэнне. - На заўтрашні банкет па завяршэнні з’езда. А праблема…
Ганна перапыніла.
- А палкоўнік гэты не сказаў, чаму запрашэнні ад ЦК раздае ЧК? Калі ўсё маё жыццё гэтым займаўся Смірцюкоў!
Для яе жыццё з запрашэннямі ад Смірцюкова - усё яе жыццё.
- Палкоўнік гэты сказаў, што сёння дэлегат з Новасібірска, блізкі сябар твайго бацькі, рваўся да трыбуны, каб прапанаваць Брэжневу падаць у адстаўку. Каб параіць яму тое, што, калі верыць Смерці, Брэжнеў сам хацеў зрабіць, - нагадаў ён Ганне пачутае ёй ад Смірцюкова, а тая забрала ў яго запрашэнне, парвала, кінула ў Вечны агонь і спытала: "Тое самае, што ты хацеў прапанаваць?.."
Гэтага ён зусім не чакаў. Не таго, што запрашэнне парве, а што так спытае.
Ведаць пра выступ яна не магла. Наўздагад спытала? Ён паводзіў сябе, выглядаў так, што можна было ўгадаць? Ці таму ўгадала, што ён толькі пра тое і думаў - і неяк яно перадалося?..
Віктар не аднойчы заўважаў, што людзі кантактуюць не толькі звыклым: адзін бачыць, што іншы робіць, і чуе, што іншы кажа, - але і незвычайным, таямнічым нейкім спосабам, пра які мы нават не здагадваемся, што ён ёсць, і здзіўляемся, калі ў сабе яго знаходзім. І калі тое, што нехта заспявае сам у сабе нейкую песню, а той, хто побач, тут жа пачынае спяваць яе ўголас, зразумець яшчэ можна, дык тое, як падуманае табой адразу становіцца тэмай размовы людзей, у кампаніі якіх ты пра гэта падумаў, прычым не толькі тых, хто цябе ведае і можа ўгадаць, пра што ты думаеш, але і людзей незнаёмых, выпадковых спадарожнікаў у цягніку, немагчыма зразумець.
Мы зусім мала пра сябе ведаем. Амаль нічога. Пра космас ведаем болей, чым пра сябе. Дык як мы можам ведаць пра сябе праўду? Якім веданнем - і якую? Ці тое, што сёння ты змаладушнічаў, пабаяўся заспяваць уголас тую песню, якую ў сабе спяваў, і ёсць уся праўда? І калі Ганна менавіта яе дамагаецца, і калі ўжо дамагаецца не звыклымі спосабамі, а тым таямнічым, пра які мы не здагадваемся, што ён ёсць… калі так… калі такім спосабам… калі такая сувязь паміж намі… - замітусілася ў ягоных мазгах, і ён, ужо наважыўшыся сказаць усё, як было: няхай сорам… няхай нават яны разы-дуцца… што заўгодна няхай, - спытаў… нібы не ён, а нехта іншы… хтосьці за яго спытаў, ці гукарэжысёр Дэблікаў фанаграму ўключыў: