Выбрать главу

- Яно так, - кіўнуў Купала. - Але не ва ўсіх жанчыны, якія лятаюць. - І пацікавіўся. - Вы беларус?

- Чаму?

- Па-беларуску размаўляеце.

- Я?.. - не зразумеў таго, што пачуў, палкоўнік. - Па-беларуску?.. Па-якому беларуску?..

Пад’ёмнік плаўна рухаўся ўверх, і, падняўшыся, Купала апынуўся ў рытуальнай зале, дзе паўдня таму з ім развітваліся тыя, хто ў кабінеце старшыні Саюза савецкіх пісьменнікаў вырашаў, ды так і не вырашыў, жывы ён паэт ці мёртвы? Але на памінкі з крэматорыя ў рэстаран Дома літаратара паехалі ўсе.

Цяпер рытуальная зала выглядала хутчэй актавай: у ёй праходзіў сход. На дыване, пасцеленым у апсідзе ўсходняй сцяны, дзе ў хрысціянскіх храмах алтар, роўненька над печчу крэматорыя мясціўся невялікі, з трох чалавек прэзідыум, справа ад якога ўзвышалася вузкая, падобная да труны трыбуна, а ў нефе, раздзеленым калонамі, што падпіралі арачны звод, цясніліся хто седзячы, хто стоячы, бо ўсім не хапала месцаў, нябожчыкі. Купала адразу зразумеў, што гэта нябожчыкі, бо першым, каго ўбачыў, быў пралетарскі пісьменнік Горкі, які радасна падняўся яму насустрач: "А вось, нарэшце, наш дарагі госць!.. - і павёў Купалу да прэзідыума. - Прапаную адкласці абмерканне наступнага пытання, каб прывітаць як ганаровага госця нашага крэматорыя народнага паэта Беларусі, чарговую ахвяру…"

- Не даказана! - ускочыў у прэзідыуме сухенькі дзядок у глуха за-шпіленай гімнасцёрцы, падперазанай шырокай дзягай з меднай зоркай.

- Не даказана, што ахвяра! Што нябожчык - факт, а што ахвяра - не!

- Дый тое, што нябожчык, не факт! - крыкнуў нехта з залы. - Калі ён з 1-й лабараторыі!

- Таварышы! Таварышы! - празваніў званочкам вайсковец у цэнтры прэзідыума, пэўна, старшыня сходу. - Давайце не парушаць парадак! І вы, таварыш Горкі, не парушайце. Пастанавілі заслухаць і абмеркаваць пытанне пра крэматорый, значыць, заслухаем і абмяркуем. А пасля ўжо пытанне таварыша Купалы. - І вайсковец павярнуўся да круглатварай, смуглявай жанчыны ў сіняй блузцы і чырвонай касынцы, якая разам з ім і дзядком сядзела ў прэзідыуме. - Калі ласка, таварыш Коган.

Горкі, якога Купала звык бачыць выключна ў прэзідыумах, а тут ён чамусьці сядзеў разам з усімі, азірнуўся па баках, чакаючы, што вайскоўцу нехта запярэчыць: "Давайце госця ўважым!" - але ніхто не запярэчыў. "Прысядзьце пакуль, Іван Дамінікавіч", - ніякавата прапанаваў Горкі, уціснуўшы Купалу паміж Маякоўскім і Куйбышавым, аднаго з якіх Сталін назваў найлепшым паэтам савецкай эпохі, а іменем другога назваў горад, у які Берыя саслаў Мяркулава.

- Яшчэ ў мінулым годзе, 11 лістапада была прынятая пастанова №114 выканкама Массавета "Аб працы моргаў горада Масквы", дзе гэтая праца прызнаная цалкам нездавальняючай, - замахала кулачком з трыбуны таварыш Коган, і Куйбышаў з гонарам, як здалося Купалу, шапнуў яму на вуха: "Мая другая жонка. Грамадзянская. Як вайна". - І я хачу спытаць, - набірала звону ў голасе другая жонка Куйбышава, - куды глядзіць загадчыца гарадскога аддзела аховы здароўя таварыш Левант, якую Массавет абавязаў на працягу пяці дзён палепшыць працу моргаў? Больш за пяць месяцаў прамінула, куды яна глядзіць?

Таварыш Коган, сціснуўшы кулачок, паглядзела на Куйбышава, на Купалу, якому не надта спадабалася, як яна паглядзела, а сухенькі дзядок у гімнасцёрцы ўскочыў: "Ёсць таварыш Левант?" - і нехта з залы сказаў: "Сёння яе расстралялі, заўтра прывязуць".

- Нарэшце, - паправіла касынку, што на бровы з’ехала, таварыш Коган.

- Столькі часу расстраляць не маглі! А начальніка трэста пахавальных паслугаў таварыша Шорына прывезлі?..

Нябожчыкі закруцілі галовамі, каб паглядзець на начальніка трэста пахавальных паслугаў, бо ў кожнага, мусібыць, былі да яго свае прэтэнзіі, але ў зале ніхто не падняўся.

- Няма яго! - счакаўшы паўхвіліны, стукнула кулачком па трыбуне таварыш Коган. - Усе ёсць, а яго няма! Яму з дырэктарам крэматорыя таварышам Несцярэнкам даручана абсталяваць памяшканне для прыёмкі трупаў да 100 чалавек, запусціць другую і трэцюю печы, перавесці крэматорый на трохзменку, а яго няма! Дык, спадзяюся, хоць хто-небудзь з тых, хто за гэта адказны, прысутнічае? Таварыш Несцярэнка тут?..

- Несцярэнка расстраляны! - крыкнулі з залы. - Лебедзеў цяпер дырэктар.

Таварыш Коган ніколькі не збянтэжылася.

- Ну і што, што расстраляны? Я таксама расстраляная! Але гэта не здымае з мяне адказнасці за справу, якую даручыла мне партыя! І з таварыша Несцярэнкі не здымае! Павялічваецца інтэнсіўнасць расстрэлаў - і партыя даручыла яму павялічыць прадуктыўнасць крэматорыя! Калі ён не здольны выканаць адказнае даручэнне, яго трэба гнаць з партыі! Прапаную выключыць! Хто за?..