Адна за адной пачалі падымацца рукі, і Куйбышаў, які ўсё ж быў старшынёй Камісіі савецкага кантроля, а не проста намеснікам старшыні Массавета, як ягоная другая жонка, якая пачала тут камандаваць, раптам (можа быць, праз рэўнасць) запярэчыў: "Чакайце! Яго ўжо выключылі з партыі перад расстрэлам. Каб другім разам выключыць, трэба нанава прыняць…" - і ў самым канцы залы, каля выхаду, дзе тоўпіліся тыя, каму не хапала месцаў, і дзе на лесвіцы, што вяла на першы паверх, стаяў палкоўнік Несцярэнка, чарнявы з сівізной нябожчык у кіцелі пракурора падтрымаў Куйбышава: "Правільна! Другім разам у партыю прыняць і другім разам расстраляць".
- Як гэта?.. - спытаў Купала Маякоўскага, і той сказаў ціха: "Вам трэба было застрэліцца, Іван Дамінікавіч. Тых, хто сам застрэліўся, яны не расстрэльваюць".
- І тых, хто павесіўся, не вешаюць, і тых, зарэзаўся, не рэжуць - весела дадаў Куйбышаў, і Купала падумаў, што нейкі ён завясёлы для нябожчыка.
Горкі згодна паківаў. Купалу здалося, што ён згодны з тым, што Куйбышаў для нябожчыка выглядае занадта вясёлым, але аказалася, што Горкі згодны з тым, што сказаў Маякоўскі, побач з якім Аляксей Максімавіч прысеў, крыўдліва зірнуўшы на прэзідыум.
- І ніхто б тады не вінаваціў вас у здрадзе паэзіі, - усё яшчэ нервуючыся праз нахабства старшыні прэзідыума, які асадзіў яго, як школьніка, пачаў і тут жа засумняваўся ў тым, што правільна падтрымаў Маякоўскага, Горкі. - Хоць наўрад ці… Вось Уладзімір Уладзіміравіч застрэліўся, а толку? Усё адно вінавацяць. Маўляў, бальшавікам прадаўся.
- Большасць за тое, каб прыняць і выключыць! - кінула лічыць паднятыя рукі і не стала пытаць, хто супраць, таварыш Коган. - Пытанне вырашанае.
3 крэсла ўперадзе Купалы ўзвіўся, як загарэўся, імпазантны мужчына.
- Добра. Выключылі. Але як выключэнне з партыі таварыша Несцярэнкі вырашае праблему? Як яно падымае прадуктыўнасць крэматорыя? - павярнуўся ён да залы, і Купала пазнаў "любімца партыі" Кірава, якога таварыш Коган, відаць, усё ж не надта любіла, бо замахала кулачком:
- Я б на вашым месцы такіх пытанняў не задавала, Сяргей Міронавіч! Бо мы можам спытаць, як падымалі прадуктыўнасць насельніцтва Ленінградскай вобласці, дзе вы былі першым сакратаром абкама партыі, вашы адносіны з Мільдай Драўле? І можам пацікавіцца: за што вас застрэліў муж гэтай дамы?
- Пры чым тут Мільда?.. - як загарэўся, гэтак патух Кіраў, а Маякоўскі ціха спытаў Купалу: "Яго праз Мільду, а вас праз каго?"
Купала не адказаў. Не таму, што не паважаў Маякоўскага, а проста не ведаў, праз каго яго…
"І гэтак мы жылі?.. - сціскаў і расціскаў ён кулак, у якім апякаў скуру рубінавы агеньчык. - Як я гэтага не заўважаў? Хоць чаму не?.. Заўважаў. Але неяк так незаўважна. Каб не заўважылі, што заўважаю…"
- Цяпер галасуем за другую частку прапановы таварыша... як ваша прозвішча?.. - паспрабавала дазнацца ў нябожчыка ў кіцелі пракурора ягонае прозвішча таварыш Коган, але той не назваўся, і яна махнула рукой. - ...галасуем за прапанову таварыша нябожчыка ў кіцелі пракурора: хто за тое, каб яшчэ раз расстраляць таварыша Несцярэнку?.. - уважліва паглядзела яна ў залу, дзе толькі нябожчык у кіцелі пракурора прагаласаваў "за", і тады дзядок у гімнасцёрцы перагаварыў пра нешта з вайскоўцам, старшынёй прэзідыума, які адразу ж празваніў званочкам: "Таварышы, таварышы, пытанні расстрэлаў сходамі не вырашаюцца, гэта прэрагатыва "тройкі"! А ў "тройку", як мы пастанавілі, уваходзіць прэзідыум. Я, таварыш Коган і таварыш Кашкадамаў. Вось мы зараз прылюдна і прагаласуем: хто за тое, каб яшчэ раз расстраляць дырэктара крэматорыя за невыкананне пастановы Массавета..." - падняў ён руку разам з дзядком Кашкадамавым, і яны ўдвух чакалі, калі падыме руку таварыш Коган, а тая ўсё не падымала, глядзела ў залу, дзе ніхто з нябожчыкаў не хацеў ніякіх расстрэлаў, бо ўсе ўжо былі расстраляныя, і таварыш Коган напружана пра нешта думала, а потым спытала гэтак разважліва: "А як расстрэл таварыша Несцярэнкі вырашае праблему?.. Як гэта падымае прадуктыўнасць крэматорыя?.." - і падняла руку, калі дзядок і вайсковец рукі апусцілі: "Я супраць!"
- Ай ды Коган! - пляснуў сябе па каленях Куйбышаў. - Дарма я кінуў яе ў Самары!
Дзядок з вайскоўцам пераглянуліся разгублена. "Тайную папулярнасць сабе зарабляеце, Яўгенія Саламонаўна..." - пачаў вайсковец, а дзядок, нібы раптам душна яму стала, каўнерык гімнасцёркі рвануў: "Вы болей не ў "тройцы"! І не ў прэзідыуме!" - ды таварыш Коган не стала іх слухаць.