У сапраўднай мужчынскай размове высветлілася, што Ганна нічога не прыдумляла. Ну, амаль. "Яна, можа быць, усё ж мая дачка, - казаў, закусваючы, Грачын. - І я без прымусу гатовы быў з яе маці ажаніцца. Ды тая ў рожкі. Яна ж не толькі ў Малым тэатры, але і ў іншым грала. У большым за Вялікі, можна сказаць, мела ролю. І не мела ніякага жадання сысці з той сцэны, выйсці з той ролі на кухню. Так што прымусілі хутчэй яе, чым мяне. І ў ёй гэта сядзела. Свідравала. Яна ў адным ложку са мной спаць не хацела. Клалася каля ложка. "Табе навязалі мяне, як суку. Вось я і буду, як сука." Між іншым, так і памерла, - поўна наліў другую шклянку і адставіў пустую бутэльку Грачын. - Сталін... Берыя... - Раптам усхліпнуў. - За яе!.. - І спытаў, выпіўшы. Жорстка, нібы і не ўсхліпваў. - Ты чаму ў ЦК камсамола не пайшоў? Я ж дамовіўся, што цябе туды бяруць. І Ганна за цябе Аляксандра Анісімавіча прасіла. Ты хоць разумееш, які гэта трамплін? На якую ты з такога трампліна скочыш сцэну, у якую ролю?..
Віктар разумеў. Таму і вырашыў з’ехаць з Масквы ў Мінск. Але пасля размовы з Грачыным ён усё ж схадзіў у ЦК камсамола, дзе яму прапанавалі месца намесніка загадчыка аддзела. І калі ён сказаў, што падумае, папстрыкалі пальцамі: "Думайце, толькі хутчэй. Бо на гэтае месца..."
Віктар не думаў доўга. У той жа дзень забраў у камсамольскім выдавецтве, дзе галоўны рэдактар назваў яго прыдуркам, падрыхтаваны да друку рукапіс сваёй кнігі, зайшоў у інстытут і напісаў заяву рэктару: "Прашу адлічыць мяне, прыдурка..."
- Ты можаш патлумачыць прычыну? - пытаў рэктар. - У цябе ўсё складваецца, як мала ў каго. Ды ні ў каго болей так не складваецца! Я дзесяць гадоў упіраўся, каб займець тое, што ты займеў за год. Можаш ты патлумачыць?..
- Не.
- Чаму?
- Бо не магу. Цяпер не магу.
- А калі зможаш?
- Калі сам зразумею.
- А зараз не разумееш?
- Не. Проста адчуваю.
- Што?
- Што Енісей не для мяне.
- Пры чым тут Енісей?
- Тры гады таму я з Краснаярска да Ігаркі па Енісеі плыў. Лета, прыгожа. Велічная рака. Тайга, скалы па берагах. Груваздзяцца адна на адну. І дзіўна так: як бы й наглядзецца не магу - і не па сабе мне. Цісне. Гэткая веліч, моц прыроды, што наш цеплаходзік з баржай. Ну, цацкі, у якія гуляе Енісей. І я таксама цацка. Пагаварыў пра гэта з капітанам, той сказаў: "Енісей не вінаваты, што ён не для цябе".
Рэктар не падпісаў заяву. Парваў, буркнуўшы: "Енісей не для яго. У Маскве рака Масква."
Але гэта нічога не мяняла. Віктар купіў квіток на цягнік у Мінск.
На вакзале яго праводзіў Алег Шкляр, якому ён таксама распавёў пра Енісей. Шкляр быў старэйшы за яго, з’ехаў з Мінска ў Маскву раней. Пісаў па-руску і здолеў воўкам угрызціся ў маскоўскае мяса. Дапамог талент, але і сіла, каб угрызціся, патрэбная была немалая - і Шкляр яе меў. Таму і стаў магілёўскі паваенны падшыванец адным з лепшых рускіх паэтаў. Цяпер ён бегаў па пероне, размахваў шведскім спінінгам, купленым за рубель у нейкага мужыка, якому не хапала таго рубля на гарэлку, і крычаў: "Ты ідыёт! Паэтаў ствараюць імперыі! Іх сталіцы, а не правінцыі! Усе пруцца адтуль сюды! А ты назад?!. - І маленькі, пругкі, як тэнісны мячык, Алег падскокваў да пасажыраў. - Ну скажыце вы яму, што ён ідыёт!.."
Нейкая жанчына пазнала Шкляра: "Для вас - што заўгодна!" - і падышла да Віктара: "Вы - ідыёт!"
"Я не хачу ўгрызацца ў маскоўскае мяса. Яно з крывёй", - казаў Віктар на развітанне Шкляру. Гэта была фраза, і Шкляр разумеў, што гэта проста прыдуманая фраза, але ўхапіўся за яе: "Паэт і павінен рваць жывое мяса і піць жывую кроў! А не жэрці дзярмо і піць сцулі, размазваючы прывінцыйныя соплі! Як Купала размазваў! Жыў у Піцеры, у Маскве! Мог стаць." - "Кім?.. З Купалы мог Купаловым стаць? Што б ён рабіў, стаўшы Купаловым?.." - "А ты што робіш?.. Што ты робіш, калі, кідаючы Маскву, яшчэ і рукапіс кнігі з выдавецтва забіраеш, надумаўшы, што твая першая кніга не можа быць рускай! Ды хоць якой яна можа быць, калі цябе выдаюць адразу, а ўсе астатнія па дзесяць гадоў у чарзе стаяць! І не чакай, што ў Мінску цябе па-беларуску адразу выдадуць! Думаеш, там табе ўзрадуюцца?.. Адпіхваць пачнуць! Прыпёрся з Масквы - у Маскву і вяртайся! Там і выдавайся, маскаль!.. Я праз гэта праходзіў і кажу табе: не едзь! Плюхнешся ў тое балота - не выберашся!.. - І ўжо калі Віктар скочыў у тамбур, Шкляр бег за вагонам, махаў спінінгам: "Ты не ад Масквы адмаўляешся! Ты адмаўляешся ад велічы Енісея! Ад лёсу! Ад сапраўднага жыцця! Ну ў каго ты ў Мінску сапраўдны спінінг за рубель купіш? Ні ў каго! І за сто рублёў, і за тысячу! Там і няма нікога, у каго сапраўдны шведскі спінінг ёсць! Там толькі вуды самаробныя з паплаўкамі з коркаў!.."
Шкляр ведаў, што крычаў. Ні з кнігай, у выдавецкай рэцэнзіі на якую яго звінавацілі ў веры ў Бога, ні з працай у Мінску нічога не выходзіла. Год, другі, трэці. І аднойчы Віктар купіў квіток на маскоўскі цягнік. Але па дарозе на вакзал яму сустрэўся яшчэ адзін старэйшы сябар, Рыгор Барада. Ён не стаў угаворваць яго не ехаць. "Пайшлі, - сказаў, - хоць развітаемся па-людску". Яны селі ў рэстаране, каб развітацца - і прапілі Маскву.