Выбрать главу

- А што да прапановы таварыша Горкага... - не сышла. яна з трыбуны, хоць дзядок з прозвішчам Кашкадамаў, раззлаваўшыся, цягнуў яе за блузку, - ...што да прапановы вітаць таварыша Купалу як ганаровага госця нашага крэматорыя, дык я "за"! Бо чаму не? Таварыш Купала паэт. У мяне муж быў паэтам, пакуль не кінуў мяне ў Самары.

Вайсковец не вытрываў:

- Пры чым ваш муж? Пры чым Самара? Пытанне трэба разгледзець! Зачытаць характарыстыку!.. У вас характарыстыка, таварыш Купала, ёсць?

- У мяне ёсць, - падняўся Горкі. - У мяне, таварыш Тухачэўскі, ёсць характарыстыка на нашага ганаровага госця, - дастаў ён паперу з кішэні мешкаватага пінжака. - Магу зачытаць.

Купалу няёмка стала: як гэта ён не пазнаў у вайскоўцы аднаго з першых чырвоных маршалаў?

Маршал павярнуўся да Кашкадамава: "Паслухаем?.."

Кашкадамаў, не здолеўшы адцягнуць ад трыбуны другую жонку Куйбышава, вырашыў праблему іначай: адцягнуў ад яе трыбуну, якую тут жа заняў.

- Не трэба, таварыш Горкі! Сядзьце з вашай характарыстыкай! Ведаем мы вашы характарыстыкі: "Ёсць у Беларусі два паэты, Колас і Купала, вельмі цікавыя хлопцы". Ну і што?..

Горкі сеў.

- У нас тут усе цікавыя, нецікавых тут няма, яны там засталіся, - паказаў пальцам спачатку ў адзін бок, пасля, падумаўшы, у другі, Кашкадамаў.

- Я, да вашага ведама, першае таварыства аматараў крэмацыі стварыў, першым старшынёй ягоным быў, мяне тут адным з першых расстралялі і спалілі - вось гэта характарыстыка! Ці вось гэта... - дастаў старшыня таварыства аматараў крэмацыі паперыну з кішэні гімнасцёркі. - Мне толькі што адтуль, - падняў ён палец уверх, - перадалі. І што тут напісана?.. "Можна быць у жыцці падонкам і пісаць знакамітыя кнігі! Пісьменніку можна выбачыць здраду калегаў і таварышаў, можна выбачыць здраду ідэалаў, але нельга выбачыць здрады літаратуры. А Янка Купала здрадзіў літаратуры!…" Вось што тут напісана, - страсянуў паперынай Кашкадамаў, старшыня таварыства аматараў крэмацыі. - І напісана адмыслоўцам! Я не хачу сказаць, што таварыш Горкі не адмысловец, але таварыш Горкі адмысловец старарэжымны, а гэтая характарыстыка сучасным адмыслоўцам складзеная. Нават звышсучасным! Чалавекам з нашай светлай будучыні, дзеля якой нас расстралялі. І гэта гонар, таварыш Горкі, - склаў паперыну Кашкадамаў, - быць расстраляным па волі таварыша Сталіна дзеля нашай светлай будучыні! Па партыйнай лініі! А то з’яўляюцца тут некаторыя! Скончаць жыццё праз усялякія амуры і ў ахвяры лезуць! Ды яшчэ ёсць таварышы, - азірнуўся Кашкадамаў на другую жонку Куйбышава, якая як стаяла, гэтак і засталася стаяць на тым месцы, дзе ў яе трыбуну забралі, - якія ў ганаровыя сябры нашага крэматорыя прыняць іх прапаноўваюць! Гэта ўжо, ведаеце… - развёў ён рукамі, паказваючы, што такія прапановы ў галаве ягонай не месцяцца, і, сышоўшы з трыбуны, важна сеў у прэзідыум побач з Тухачэўскім.

Таварыш Коган адразу заняла пакінутую непрыяцелем пазіцыю.

- Таварышы! Паслухала я таварыша Кашкадамава і вось што хачу сказаць, таварышы… Таварыш Кашкадамаў - гэта...

3 залы засвісталі.

- Досыць пра Кашкадамава! Увогуле досыць! Вы ўсё сказалі! Таварышу Горкаму слова!..

- Таварышу Горкаму дык таварышу Горкаму, - на дзіва лёгка сышла гэтым разам з трыбуны "грамадзянская вайна", другая жонка Куйбышава, і Горкі, які, пакуль прамаўляў Кашкадамаў, сядзеў унураны, цяпер з цяжкасцю, як здалося, Купалу, падняўся. Да трыбуны не пайшоў, стаў каля Маякоўскага.

- Маякоўскі стрэліў сабе ў сэрца. Я таксама страляў сабе ў сэрца. Купала спрабаваў зарэзацца. Як вы думаеце, чаму?

- Праз амуры! - падскочыў Кашкадамаў. - Ведаем мы!..

Горкі не стаў спрачацца.

- Няхай праз амуры. А вось вы, таварыш Кашкадамаў, спрабавалі зарэзацца? Думалі стрэліць сабе ў сэрца? Ну хоць праз што-небудзь? Калі яно невыносна баліць?

- Што ён нам тут... - павярнуўся Кашкадамаў да Тухачэўскага, - літаратуру разводзіць?.. - І ўбачыўшы, што Тухачэўскі гатовы слухаць Горкага, крыкнуў: - Здаровае ў мяне сэрца! Не балела і не баліць! Калі расстрэльвалі, у патыліцу стрэлілі! У галаву!

Нехта крыкнуў: "Яно й відаць!" - і ў зале засмяяліся. Кашкадамаў хацеў нешта адказаць, але Горкі так зірнуў на яго, што ён сеў, а смех у зале абарваўся.

- Слухаў я некалі таварыша Кашкадамава на сходзе таварыства аматараў крэмацыі. Цяпер вось на сходзе нябожчыкаў… - Горкі гаварыў так, нібы не хацеў гаварыць, бо ўсё адно без толку, але трэба. Памаўчаў і памкнуўся да залы. - Ведаеце, чаму я ў крэматорыі спаліўся?.. Не таму, што ў таварыстве аматараў крэмацыі мяне з’агітавалі. Я сам сябе з’агітаваў. Я падумаў, што ў агні перайначыцца тое, з чаго мы створаныя. Склад рэчываў зменіцца. Але, як бачыце, не. Мы і ў попеле тыя самыя. Нас хоць праз агонь, хоць праз зямлю ці ваду, праз землятрус, патоп, вайну, хоць праз што - усё тое самае. Кашкадамаў ва ўсім Кашкадамаў…