Выбрать главу

Дзядок зноў ускочыў.

- Я папрасіў бы выбіраць словы! Што значыць - Кашкадамаў ва ўсім Кашкадамаў?

- А тое й значыць, што значыць... - безнадзейна сказаў Горкі, і тут нябожчык у кіцелі пракурора падняў руку: "А можна мне сказаць? Па партыйнай лініі. Па даручэнні таварыша Сталіна..."

24

У маўзалеі побач з саркафагам, у якім ляжаў Ленін, стаяў стол, за якім сядзелі дзядок з бабуляй, камендант Крамля, ён жа начальнік 9-га ўпраўлення КГБ СССР генерал-лейтэнант Шырокаў ва ўсёй форме з ордэнам Леніна, і сам Ленін, якому сядзець за сталом побач з генералам насупраць дзядка з бабуляй ніяк не замінала тое, што ў саркафагу, у труне з празрыстымі бакавінамі ён ляжаў забальзамаваны.

- Калі ласка, сядайце, - запрасіў Ленін, і задыханыя Віктар з Ганнай прыселі на зэдлікі ў тарцах труны: ён у нагах, яна ў галаве.

Генерала Шырокава, які не раз прыходзіў у Палац з’ездаў на рэпетыцыі, апошні месяц увогуле не вылазіў з Крамля, Віктар ведаў. А дзядок з бабуляй, мусібыць, хадакі?

- Дык якая ў вас праблема, таварышы? - спытаў хадакоў Ленін, і па тым, як спытаў, відаць было, што нечага ён не можа ўцяміць. - Чым я магу дапамагчы?

- Мы святыя. Святая Ганна Кашынская і святы Серафім Сароўскі, - сказаў дзядок, і на тварах жыхара маўзалея і каменданта Крамля няўцямнасць змянілася на заклапочанасць: так, гэта праблема - і трэба яе вырашаць.

Ленін падсунуў да сябе дзве паперкі, што ляжалі бліжэй да каменданта Крамля.

- У вашых пропусках…

- Гэта ў свеце мы Машнін і Цвярская. А ў схіме Ганна і Серафім. Я з 1754 года, яна…

Святы Серафім наморшчыў лоб, забыўшыся, пэўна, у якім веку святая Ганна? Паглядзеў на Леніна, той узяў адзін пропуск, другі:

- Тут не напісана. З якога вы, Ганна Дзмітрыеўна, года?

Ганна Дзмітрыеўна пакасілася на Уладзіміра Ільіча: маўляў, выхаваныя людзі не пытаюць пра ўзрост жанчын.

- Яна зусім старая, - не стаў разводзіць цырымоніі святы Серафім. - Старэйшая за мяне гадоў на пяцьсот. А някепска выглядае, бо, як я ўжо сказаў, святая. У нас з ёй нават царква свая да рэвалюцыі была, у якой таварыш Сталін крэматорый зрабіў. Уяўляеце: у царкве крэматорый! - раскінуў рукі да Леніна святы Серафім, на што правадыр сусветнага пралетарыяту неяк так паківаў, што не зразумець было, як ён сабе гэта ўяўляе, і тады шорхатным, за стагоддзі высушаным голасам загаварыла, павярнуўшыся да каменданта Крамля, нібы менавіта яму распавесці хацела пра ўсё, што было далей, святая Ганна Кашынская.

- Мы ў тым крэматорыі і жывём, бо дзе нам яшчэ жыць? Ціха жывём, таемна. Ніхто, апроч каменданта крэматорыя таварыша палкоўніка Несцярэнкі, пра тое не ведае. І аднойчы ён прыходзіць да нас і кажа, што ў крэматорыі будзе суд. Што будуць масавыя расстрэлы нябожчыкаў, і нас расстраляюць разам з імі як сяброў "Саюза вызвалення Беларусі". Контррэвалюцыянераў і польскіх шпегаў. Адказваем яму, што ні да таго саюза, ні да Беларусі, ні тым больш да яе вызвалення мы ні сном, ні духам, а ён: "Вы з кіраўніком таго Саюза сустракаліся!" - "З кім?" - "З Купалам!" - "Дык вы ж самі, - кажам, - яго да нас прывялі! Хто ж ведаў, што ён контррэвалюцыянер і польскі шпег?" А таварыш палкоўнік Несцярэнка нам: "Вось і дакажыце суду, што не ведалі, дакажыце таварышу Сталіну, што вы не контррэвалюцыянеры і не шпегі!" - "Як даказаць"? - "Дакументамі". - "Якімі?" - "Напрыклад, такімі, якія засведчаць, што вы найстарэйшыя члены партыі. Найстарэйшых членаў партыі, можа быць, не расстраляюць". Я спытала, хто нам такія дакументы можа даць, і ён сказаў, што толькі Ленін. Дык мы і прыйшлі да вас.

- Цікава, - прыжмураным левым вокам, пра якое адны казалі, што яно сляпое, а іншыя, што бачыць усё наскрозь, зірнуў Ленін на каменданта Крамля. - Праваслаўныя святыя хочуць стаць членамі бальшавіцкай партыі. Гэта вельмі цікава! Сімвалічна! Гэта важна, таварыш Шырокаў, бо можа стаць канцом рэлігіі з яе біблейскімі казкамі! - І раптам, тыцнуўшы пальцам у бутэльку з віном, што на стале стаяла, спытаў: - А опіум навошта прынеслі? Хабар? Таварышу Леніну, правадыру сусветнага пралетарыяту - хабар?

Святая Ганна разгубілася, не знайшла, што адказаць, а святы Серафім прамармытаў: "Гэта не опіум, кагор… Царкоўнае віно… Кроў Хрыста…"

- Вось! - падскочыў Ленін. - Вы бывалі ў царкве, таварыш Шырокаў? Я ведаю, што бывалі. Памаліцца на ўсялякі выпадак, бо раптам на тым свеце ёсць той свет. Вы бачылі, як у царкве ядуць цела Хрыста, п’юць ягоную кроў? Канібалы! А пасля прыходзяць да нас і кажуць, што святыя! І каб мы іх, святых канібалаў, прынялі ў бальшавіцкую партыю. Вам не здаецца, што гэта нонсэнс?