Дзіўна… Яна распавядала гісторыю, якую Віктар ведаў. Яму не помнілася, адкуль, але ў памяці ягонай была хаціна ў Вавуках з дзвюма лесвіцамі. І жанчына з іменем Ганна ў той хаціне. Больш за тое: ён сам быў там, падымаўся па лесвіцы ўверх, якая гэтак хісталася, што на ёй было не ўстаяць. І вось тут у памяці быў прагал. Ці ўстаяў ён, ці зрынуўся, чым усё скончылася, Віктар не помніў. Не падаўся ж ён у манахі…
- Гэта ваша біяграфія для ўступлення ў партыю? - з’едліва, бо святая Ганна звінаваціла яго ў тым, што ён прысвоіў скрадзеную ў яе рэч, спытаў Ленін. - Без біяграфіі вы лепш выглядалі. Спадзяюся, - нервова прастукаў ён пальцамі па бутэльцы з кагорам, - таварыш Машнін раскажа нам біяграфію, а не меладраму.
Святы Серафім паківаўся над сталом, узяў з-пад рук Леніна бутэльку, адкаркаваў, разліў кагор па шклянках:
- Давайце вып’ем.
Выпілі. У Леніна рукі ўздрыгвалі, шклянка ледзь не ўпала, калі ён, выпіўшы, на стол яе ставіў.
- Я, калі малы быў, гадоў сямі… - выцер святы Серафім рубінавыя, як каменьчык на медальёне, вусны, - са званіцы зрынуўся. З самага верху. І хоць бы што. Рос я цікаўным хлапчуком, таму спытаў: "Госпадзі, чаму Ты не даў мне забіцца?" І пачуў: "Каб ты з маленства ведаў, што Бог ёсць, і каб любіў Бога".
Святы Серафім перахрысціўся.
- Дык вось ёсць людзі, якія не паглыбляюцца ў веданне Бога, а толькі любяць яго. І я таксама яго толькі любіў, калі на камені жыў.
- Як жыў на камені? - спытаў камендант Крамля, на якога, у адрозненне ад Леніна, аповеды святых не наганялі суму. - Хата на камені стаяла?
- Ніякай хаты. Проста камень - і я на ім. Так Бог жыць сказаў, каб я яго ўведаў. І было ў мяне толькі тое, што на сабе меў. Болей анічога мне і не трэба было. Але аднойчы падыходзіць да каменя Ганна. Не гэтая! - махнуў святы Серафім у бок святой Ганны. - Дачка званара, якая нарадзілася ў той дзень, калі я са званіцы зваліўся. Кажа: "Бог не даў табе забіцца, каб ты мог са мной злучыцца". Нібы яна гэта ведае. І падае руку: "Пайшлі на званарню!" А мне голас: "Калі пакінеш камень, цябе, як камень, пакіне Бог!" Я Ганне: "Будзь са мной тут", - дык яна: "Не! Толькі на званарні! Каб кахаліся мы з табой высока, каб пад самымі званамі!" І прыспешвае, няўсцерп ёй, калоціцца ўся: "Хутчэй! Хутчэй! Хутчэй!" Мне таксама няўсцерп, але як камень пакінуць, Бога аслухацца? І я ўзваліў камень на плечы, панёс на званіцу! Яго і тузін такіх, як я, не паднялі б, калі б не каханне, а тут я адзін - во якую сілу каханне дае! Іду я, прыступкі пад нагамі трашчаць, праз адну ламаюцца, лесвіцы канца няма, званы недзе ў нябёсах гойдаюцца, і нарэшце я пад імі - і мы з Ганнай на камені. І нам мякчэй, чым на пярыне…
Кахаць - гэта камень жыцця твайго ў неба ўзносіць. Не кожнаму яго падняць.
Не помню, колькі мы на званіцы прабылі, але ж не пражывеш увесь век пад аблокамі. На зямлю трэба вяртацца. З тым, з чым на неба прыйшоў. А прыйшоў я з каменем. Паспрабаваў яго падняць - не магу. Ці сам ён цяжэйшы стаў, ці сіл маіх маладых не стала. Ганна кажа: "Ён цябе мацней за мяне трымае. Нібы ён табе бацька, а ты яму сын. Але ж твайму сыну не з каменя, з мяне нарадзіцца". І стары званар, бацька яе знізу крычыць: "Кінь камень у зямлю - і камень народзіць камень!" Тут Ганна, адкуль толькі сілы ўзяла, камень падхапіла, са званіцы скінула, ён прабіў зямлю да самага яе чэрава, але нічога не нарадзіў. А дачка званара нарадзіла хлопчыка, якога маім іменем, Прохарам, я ў свеце Прохарам быў, назвала, і які ў сем гадоў са званіцы зваліўся і забіўся.
Памаўчаўшы, святы Серафім, самаўзрушаны сваімі ўспамінамі, аднаму сабе наліў віна, выпіў.
- Такая біяграфія.
Усе з хвіліну памаўчалі.
- Да маёй падобная, - нечакана сказаў генерал КГБ Шырокаў, - таксама сам сабе наліўшы. - Нонсэнс, але падобная. Толькі ў мяне камень іншы. - І выпіўшы, паглядзеў на Леніна. - Маўзалейны.
Ленін падхапіўся, засунуў левую руку ў кішэнь камізэлькі, а правай замахаў, як з трыбуны выступаючы.
- Так! Нонсэнс! Усё, што вы кажаце, нонсэнс! Які камень я мусіў з гары скінуць? Той, з якім на гару ўзышоў? Камень пралетарскай рэвалюцыі! І кім бы я быў? Што б я меў пад гарой? Элізабэт д’Эрбанвіль? Францужанку, з якой прылёг на камені? Каб усе пыталіся: "А хто гэты ляжыць з Элізабэт?"