Так, я кахаў яе! Гэтак, як больш нікога! Па-сапраўднаму. Таму і называў яе ў каханні сапраўдным іменем, а не Інэсай Арманд. І бываў я з ёй высока. І на лесвіцы ў небе, і на званіцы пад званамі. Зведаў, што гэта такое. Але заўсёды, калі спускаўся ўніз, здавалася, што званы звоняць па мне.
Яна падаравала мне гэты медальён перад ад’ездам на Каўказ. Сказала банальна: "На памяць". Я сам выправіў яе падлячыцца. Хто мог ведаць, што выпраўляю ў смерць? У халеру. А пасля вінаваціўся. Бо перад тым мільгалі думкі вызваліцца ад яе. Яна мне і патрэбная, як ніхто, была і, як ніхто, замінала. Таму першае, што я адчуў, была палёгка. Потым ужо віна. І цяжар такі, хоць Фані Каплан ажыві, каб застрэліла. Дарэчы, Элізабэт падобная была да Фані. Магла застрэліць.
Калі ўжо я сам захварэў, жонка мая знайшла медальён. Давай дапытваць: адкуль ён у цябе, чаму? Нібы не ведала. Усё яна ведала і маўчала. Бо разумела: калі стане раўнаваць, калі сямейныя сцэны пачнуцца - развітаемся. А развітвацца яна не хацела. Ды і я не хацеў, Надзя файнай жонкай была. Так мы ўтраіх і жылі. Элізабэт хоць бы што, прывыкла, а Надзя пакутавала. Не францужанка. Але трывала. І толькі калі Элізабэт не стала, раптам адкрыта ўзраўнавала. Я не вытрываў: "Ды што гэта такое?! Рэўнасць да мёртвай?"
А яна давай плакаць. "Ты не ведаеш, бо не можаш ведаць! Не кахаў, бо не можаш кахаць! Таму і раўнаваць не можаш!" Проста захлёбвалася слязьмі, я не ўяўляў, што ў яе столькі слёз, за ўсё жыццё слязінкі з яе не выціснулася.
І мне шкада стала! Яе шкада, сябе шкада, нашага маладога, працяганага па ссылках, па эміграцыях жыцця! Так шкада - хоць самому плач… Тады і сказаў ёй, падмануў яе, разумеючы, што гэтага падману яна ад мяне і чакае, нібы знайшоў медальён у таемным схове гаспадыні дома. У купчыхі Марозавай, якая з рэвалюцыянеркай Арманд, францужанкай Элізабэт д’Эрбанвіль сябравала, і тая ці падаравала, ці прадала купчысе медальён… Надзя не паверыла, але зрабіла выгляд, быццам верыць, і я падумаў: якое падманлівае і якое эгаістычнае гэтае пачуццё: каханне! З усімі жарсцямі вакол яго! Як яно зацямняе розум, адцягвае ад вялікіх ідэй! І яшчэ раз пераканаўся ў гэтым, калі разам са Сталінам у маўзалеі ляжаў. Жонка ягоная нібыта застрэлілася, але ўсе казалі, што ён забіў яе, дык я толькі і чуў днём і ўночы: "Уладзімір Ільіч, я Надзю не забіваў!" Што мне да таго: забіваў, не забіваў? Троцкага забіў - не праблема, а жонку - праблема! Якая праблема, калі ў мяне свая Надзя? Вось жа трэба было так, каб і ў мяне, і ў яго! Я нават стаў думаць, што, можа быць, і я сваю забіў? Не куляй, а тым жыццём, якое яна пражыла са мной, хоць магла з некім іншым пражыць іншае. Не забітае. А Сталін сваё: не забіваў, не забіваў!.. Урэшце я не стрываў, напісаў запіску ў ЦК, каб вынеслі яго адсюль. Яго вынеслі, але ўсё падалі так, нібы зрабілі гэта праз палітыку. Маўляў, не месца яму побач з Леніным, бо не сапраўдны ён ленінец. Якраз сапраўдны, калі б не жонка. А ён яшчэ і да маёй, калі я памёр, прычапіўся: мы замест вас, Надзея Канстанцінаўна, можам Леніну новую ўдаву знайсці! Хто ты такі, каб мне новую ўдаву шукаць? Хоць старая, праўду сказаць, залішне сабе дазваляла: "Я выконваю волю Ільіча!" Калі б маю волю выконвала, не скандаліла б праз Элізабэт…
Пачаўшы распавядаць сваю гісторыю кахання палымяна, як з трыбуны, Ленін пад канец сцішэў. Відаць было, як глыбока ўдаўся ён ва ўспаміны і як соладка мучылі яны яго. "А партрэта Элізабэт, калі медальён вам дастаўся, у ім не было? - спытаў ён Ганну, і калі тая паківала, што не, падышоў, працягнуў руку, у якую Ганна паклала медальён, і Ленін сціснуў кулачок. - Яшчэ прыпякае… "
Віктару здалося, што і яму прыпякло.
Той свет, як і гэты, быў поўны ўспамінамі… Зрэшты, пры траіх жывых і траіх нябожчыках не разабраць было, які гэта свет, ды Віктар і не спрабаваў у тым разбірацца. Слухаючы гісторыі кахання мёртвых, ён узрушана зразумеў, чаму і чым яны жывыя. Глядзеў на святую, глядзеў на грэшную Ганну і бачыў, як яна, грэшная, але падобная да манашкі, узвышаецца ў святой…
- Дык гэта… - устрапянуўся, успомніўшы, дзеля чаго прыйшоў, святы Серафім. - Дакумент які-небудзь, каб не расстралялі…
Ленін пастаяў, пра нешта яшчэ ўспамінаючы, прыжмурана паглядзеў на Шырокава.
- Што вы думаеце як сакратар партарганізацыі маўзалея?.. Хрысціяне ж таксама пачыналі як рэвалюцыянеры. Імі жывымі звяроў кармілі, а яны былі верныя ідэі. Няхай ідэі цемрашальскай, але верныя… Дык вось я думаю, што ў ідэі галоўнае вера ў яе! Як і ў каханні. Верыш - яно ёсць, не верыш - няма. Так?.. - вярнуў ён медальён Ганне. - У што верыш, тое і святое?.. - І ні ад каго не чакаючы, бо сам усё ведаў, ніякага адказу, правадыр сусветнага пралетарыяту загадаў генералу Шырокаву: - Выдайце святым партбілеты, я падпішу! І будзем мець найстарэйшую ў Еўропе партыю! - замахаў ён зноў, як з трыбуны, кулачком. - Заткнем за пояс немцаў з ангельцамі! Дый французаў, у якіх з каханнем лепш выходзіць, чым з рэвалюцыяй… І яму, - кіўнуў Ленін у бок Віктара, - таксама выдайце. А то дэлегат партыйнага з’езда - і не ў партыі!..