Ці чорны коршун ты, ці коршун белы, -
Заваражбіла Ганя і ўзляцела… -
Ступі на лесвіцу!.. "
"Скажы мне, на якую?!."
"Любую выбірай!.."
І я ступіў на тую,
Што ўверх вяла…
О, як яе хістала!..
Як быццам ні на чым яна стаяла -
На тым, чаго няма!..
"Так свет увесь стаіць, -
Сказаў стары. - Нібыта ні на чым.
І ўсе мы ў ім як ні на чым стаім".
"Ступіў дык падымайся!" - падала
Руку мне Ганя…
Лесвіца вяла
Вышэй, вышэй - канца ёй не было…
"Вунь там, наверсе, дзе ў святле святло,
Ён адпусціў руку маю, сарваўся, -
Сказала Ганя. - Там ты з ім спаткаўся,
Калі напраўду ты спаткаўся з ім".
"Чаму ён адпусціў?.. Ён пабаяўся
Вышэй падняцца?.. "
"Не, не пабаяўся.
Там не ўстаяць было ўжо нам дваім.
Ніхто яшчэ ўдваіх на месцы тым
Не выстаяў. Адзін - або адна!.."
І вырвала сваю руку
з маёй рукі
яна!
"Ён быў найлепшы з тых, хто быў табой! -
Яна крычала з лесвіцы пустой,
З якой уніз услед за мной злятала. -
Я ведала! Я ад пачатку знала,
Што гэтым скончыцца!.."
"Адкуль ты знаць магла?!."
"Бо ў ім жыла! Пасля ў табе жыла!
І ўбачыла, што ты не станеш ім,
І што не жыць вам аднаму ў адным!
І ты забіў яго! Забіў яго ў сабе!.."
"Яна ўвесь час, - сказаў стары, - дзяўбе
Адно і тое. Не перадзяўбаць…
Народжаныя мы, каб забіваць
Сябе ў сабе раней, чым прыйдзе смерць,
Але нашто праз гэта вар’яцець?
Найпростае жыццё ў сваёй аснове,
На выбар - толькі два шляхі ў жыцці:
Уверх - каб падымацца да любові,
І ўніз - каб да нянавісці ісці".
Я ўжо спускаўся ўніз. Глыбока пада мной
Цямнела дно - і дно было зямлёй,
І Ганя ёй была, і з дна, з яго цямна
Цяжарнай падымалася яна,
І, як Зямля, жывот яе круглеў,
Якім яна казала нараспеў:
"Я думала: каханне нас міне,
Ды не мінула, вось яно ўва мне,
Мы ў вышыні яго шукалі не дарма,
Цяпер яно там ёсць, хоць нас з табой няма…"
Я вар’яцеў!.. Не, так не можа быць!..
"Народжаныя мы, каб нарадзіць
Сябе ў сабе раней, чым прыйдзе смерць,
Але нашто праз гэта вар’яцець? -
Пачуўся ў Гані Голас. Слова ў слове!.. -
Найпростае жыццё ў сваёй аснове,
На выбар - толькі два шляхі ў жыцці:
Уверх - каб падымацца да любові,
І ўніз - каб да нянавісці ісці".
Спрэс тое самае! Зямля і неба спрэс!..
Але ў тых самых словах іншы сэнс
Так праступаў, нібы расток, калі
Ён праступае з таямніц зямлі,
Ці як дзіця з’яўляецца з улоння…
"Даволі, Ганя… Досыць на сягоння, -
Зямля сказала Голасам спрадвечным. -
Амаль усё, што ў сіле чалавечай
Адчуць і вытрываць, адчуў ён і стрываў… "
"Не ўсё яшчэ… Яшчэ ён не сказаў…"
"Чаго ён не сказаў?.."
"Ці так мяне жадаў
Ці так кахаў мяне, як я яго кахала?.."
Я выйшаў з хаты…
Сцюжа замятала,
Дарогі - не праехаць, не прайсці!
"На выбар - толькі два шляхі ў жыцці", -
У скронях білася. Кружылася завея,
І я кружыў, не помніў: хто я, дзе я? -
З пагоркаў падаў, па лагчынах бег,
Кідаўся зверху ўніз і знізу ўверх,
Адчаю поўны, поўны жалю, скрухі,
Як снегам поўныя завеі, завірухі,
І ў тых завеях, сцюжах, завірухах
Услед мне вылі ўсе ваўкі ў Вавуках.
XXV
У рытуальнай зале крэматорыя, дзе сабраліся мёртвыя, настала мёртвая цішыня.
"Прашу… Прашу… Прашу…" - падняўшыся, дробна заківаў галавой Тухачэўскі, і чарнявы з сівізной нябожчык у кіцелі пракурора няспешна прайшоў да трыбуны. Пастаяў і пачаў нетаропка, голасам, падобным да сталінскага.
- Памятаеце, што вы напісалі ў дваццатым годзе, таварыш Тухачэўскі? - спытаў ён, не гледзячы на Тухачэўскага, і той увабраў галаву ў плечы. - Не памятаеце?.. Шкада, бо правільна напісалі. Як бальшавік! - узняў кулак над трыбунай нябожчык у кіцелі пракурора, і чырвоны маршал прыпадняў галаву. - Вы напісалі, што цераз труп белай Польшчы ляжыць шлях да сусветнага пажару. Што на штыках мы панясем шчасце працоўнаму чалавецтву. На Захад. На Мінск, на Вільню, на Варшаву!.. Вось што вы пісалі ў дваццатым годзе. А што ў гэты час пісаў рабочы паэт Дзям’ян Бедны?.. "Изменил поэт народу, Заплясал панам в угоду, Да, в угоду. Янки посвист соловьиный Превратился в шип змеиный, Да, в змеиный…" А чаму так пісаў рабочы паэт Дзям’ян Бедны? Бо сялянскі паэт Янка Купала вітаў у Мінску крэўнага ворага нашай рабоча-сялянскай дзяржавы Пілсудскага! Запрашаў шалёнага сабаку польскага імперыялізму і каланіялізму на ўладарства ў Савецкую Беларусь: "На Уладара жджэ Беларусь даўно. I жджэ цябе ўладарства Божы дар, Вялікае, магутнае яно. Пад беларускі сцяг прыйдзі, Уладар!.." І чалавека, які напісаў такое, нам прапануюць прыняць у ганаровыя сябры крэматорыя імя таварыша Сталіна?.. - зрабіўшы эфектную паўзу, зірнуў нябожчык у кіцелі пракурора на Горкага, на Коган, на прэзідыум, паглядзеў у цішыню залы.