Выбрать главу

- Это не ответ, и нечему тут, товарищ Куйбышев, аплодировать! Советский поэт не может, не имеет права не написать масштабное произведение о товарище Ленине, потому что...

Пакуль яна шчабятала, тлумачачы колішняму мужу і сакратару Ленінградскага абкама партыі, чаму савецкі паэт не можа не напісаць пра Леніна, Купала ўспомніў, як два гады таму, калі ў Маскве была дэкада беларускага мастацтва і яны з Ганнай сустрэліся ў другі раз, у яго таксама пыталіся, чаму ён не напісаў паэму пра правадыра?.. І як Ганна даймала з п’есай для яе, у якой яна магла б сыграць каханку д’ябла ці каханку Бога… І як жанчына, якая яе чула, спытала, уражаная: "Табе ўсё адно?.."

Было гэта ў музеі Леніна ў Горках, куды яны заехалі, калі Ганна запрасіла Купалу да сябе на лецішча: "Там нас ніхто не знойдзе!.."

26

На дзяржаўнай дачы Грачына гарэла святло, у падворку стаялі машыны. Пяць. Адна ўрадавая, "ЗІЛ-117", дзве міліцэйскія і дзве невядома якія, у якіх сядзелі незнаёмыя людзі.

- Што тут робіцца? - занепакоілася Ганна. - Гэта не бацькавы машыны. І ахова не ягоная, - падбегла яна да дзвярэй, каля якіх стаялі два таварышы ў цывільным. - Што тут такое?

Адзін з таварышаў, у дублёнцы, лысаваты, падобны да маладога Хрушчова, ступіў ёй насустрач, нібы не пусціць у дом хацеў, другі, у паліто і пыжыкавай шапцы, яго спыніў.

- Нічога такога, Ганна Васільеўна… У вашага бацькі госць. Зараз мы спытаем, ці можна вам?

- Які госць? Як гэта ці можна мне? Гэта не Крэмль! Гэта наш дом, я тут жыву!

Пра Крэмль таварыш у паліто, пэўна, не зразумеў, пацепнуў плячыма: маўляў, пры чым тут Крэмль? - але перапытваць не стаў, кінуў лысаватаму ў дублёнцы, які на такім марозе красаваўся без шапкі: "Ідзі скажы, што дачка з…"

Ён паглядзеў на Віктара і не сказаў, з кім. Відаць было, што ён ведае, хто перад ім, але не ведае, як таго, хто перад ім, назваць, а Віктар падумаў: "Так і буду з… "

- Зараз спытаем, ці можна, - паўтарыў таварыш у пыжыкавай шапцы такім голасам, якім звычайна прабачаюцца, бо яму, мусібыць, стала няёмка перад Віктарам, а Ганна крыкнула: "Ды пайшлі вы!" - і ламанулася за лысаватым у дзверы. - "Тата!.. Ты дома, тата? Чаму мяне да цябе не пускаюць?"

Па тым, як яна ламанулася, як закрычала, ніяк нельга было падумаць, што ўзнервавалася яна праз тое, што ў яе забяруць кватэру на Малой Броннай. Яна вырашыла, што забіраюць бацьку.

"А гэта ж было… Было… - перадалася яе нервовасць Віктару. - І зусім нядаўна. Вось так прыязджалі і забіралі. Толькі не на ўрадавых машынах. Хаця, калі паслухаць палкоўніка Рутневіча, дык гэбэшныя машыны і ёсць урадавыя. Але ўсё ж не такія ўрадавыя, як пры Сталіну. Не такія. Ці гэткія самыя, толькі выглядаюць інакш?"

- Што за крык?.. - пачуўся з расчыненых дзвярэй трохі п’янаваты голас Грачына. - Ганя?.. Ты дзе была, Ганя? І хто гэта з табой? Віктар?.. Давай яго сюды, ён малайчына! Я думаў, што проста бульбаш, а ён не проста!.. Во і Леанід Ільіч яго хваліў…

Госцем Грачына быў Брэжнеў, які сядзеў з гаспадаром на кухні. На дачы была гасціная, сталовая, а яны сядзелі на кухні - і на кухонным стале стаяла гарэлка, ляжалі на газеце "Правда" пакроены хлеб, парэзаныя цыбуля і селядзец.

- Чытаем, - пасунуў Брэжнеў шклянку па газеце. - Бачыце: даклад таварыша Брэжнева пра чарговыя задачы партыі ў знешняй і ўнутранай палітыцы… Не паспеў выступіць, а ўжо надрукаваць паспелі. Вось гэта ўмеюць. А ўсё астатняе… - І, зірнуўшы на амаль пустую пляшку, ён павярнуўся да Грачына: - Збегаць трэба, Вася. Госць прыйшоў.

Віктар дастаў з капоты і паставіў на стол "Маскоўскую".

- Ну, малайчына!.. - шчыра ўзрадваўся Брэжнеў. - Вось я, Вася, што заўважаў? Калі чалавек малайчына, дык малайчына ва ўсім! І паўсюль! А не тое, што недзе малайчына, а на з’ездзе…

Брэжнеў не дагаварыў, не сказаў, хто той чалавек, які недзе малайчына, а на з’ездзе - не. Ён не назваў імя, але ў Віктара мурашы прабеглі па шыі. Халодненькімі ножкамі.

Грачын прынёс са сталовай яшчэ адну шклянку. Сеў і спытаў Ганну, якая, убачыўшы Брэжнева, застыла, як укапаная: "Ты ж, Ганя, гарэлку не будзеш піць? Вазьмі келіх і віно ў буфеце. Яшчэ там печыва ёсць, не селядзец жа табе з газеты есці".

Брэжневу тое, што Грачын сказаў Ганне, не спадабалася.

- А чаму не? Чаму мы з табой можам селядзец з газеты есці, а яна не?.. Вось ты можаш? - спытаў ён Віктара, і калі той, не разумеючы, як гэта так… адзін - першы чалавек у краіне, другі - таксама не апошні, а п’юць і закусваюць на газеце, як муляры пасля змены ў бытоўцы, кіўнуў: маўляў, так, магу, - Брэжнеў наліў яму рэшткі недапітай гарэлкі. - Я ж казаў, што малайчына! З гранёнай шклянкі п’е і селядцом з газеты закусвае. А чаму?.. Бо не сын генеральнага сакратара, як мая дачка. Дык не была б яна дачкой генеральнага, каб я заявіў пра адстаўку, - прыстукнуў ён кулаком па стале. - І селядзец бы з газеты ела!