"Я не пытаю, чаму ты зноў туды сабраўся. Разумею. Але чаму ты з’ехаў адтуль?" - пытаў Барада. - "Бо я беларускі паэт. Беларускі, а не рускі". - "Кінь. Не падымай пыл. Беларускім паэтам можна і ў Маскве быць. А ў Мінску - рускім. Вунь як Шкляр". - "Што, як Шкляр?" - "Ён у Мінску быў рускім паэтам. І ў Магілёве". - "Дык ён і ў Маскве рускі". - "Ну, правільна". - "Што правільна?.."
Пасля другой пляшкі гарэлкі ўсё было правільна. І тое, што ў Мінску, і што ў Маскве. І ў той жа час няправільна. Бо немагчыма жыць у прымаках - няхай нават асобна і няхай нават ты не прымак. Калі табе нават кажуць, што ты - як сын. А ты не хочаш быць не толькі прымаком, але і сынам. Сынам нават больш не хочаш быць, бо тады ў цябе бацька... Грачын. Увогуле ён нічога мужык, але надта доўга ў вялікіх начальніках - і прывык, каб раз сказаў і два не паўтараў. І праціскае ў начальнікі зяця. Ну, які, як сын, а не зяць, бо з дачкой таго мужыка не ажаніўся. І ён не настойвае. Добра, што не настойвае. Хоць гэта добра. А таго, што не ўсе ў начальнікі могуць хацець, проста не разумее. "Ты не хочаш у ЦК? Як гэта?.." І суне ў той ЦК, як у... Яшчэ добра, што дачка разумее. "Едзь ты, - кажа, - адсюль. Енісей не для цябе". Ну, ягоная дачка. Ці не ягоная, хто яго ведае. Можа, Сталіна дачка, ці Берыі. Ці Купалы.
"Чыя?.. - нічога не разумеючы з п’янай споведзі Віктара, пытаў Барада. - І пры чым тут Енісей?.."
Барада працаваў рэдактарам у выдавецтве. Праз дзень ён патэлефанаваў: "Я папрасіў Пімена паглядзець рукапіс тваёй кнігі. Ён прачытаў і напісаў рэцэнзію. Яна кароткая: "Калі якія-небудзь кнігі і выдаваць, дык гэтакія". Так што як хочаш: ці ў Маскву едзь з рускай кнігай, ці прыходзь у выдавецтва падпісваць дамову на беларускую".
Пімен быў народным паэтам, што ў тыя часы мела вагу. Пераважыць яго было цяжка. Кніга выйшла, і Віктар застаўся ў Мінску.
Не раз пасля, калі пра яго пісалі, што ён хоць і беларус, але рускі, што ён "выпадае з кантэксту беларускай паэзіі", калі даставала правінцыйная валтузня, Віктар згадваў Бараду, Пімена. Вось для чаго яны тады выйшлі на ягоную дарогу? Перанялі на ёй... Каб ён лавіў рыбу на самаробную вуду?
У Маскве пра яго не забыліся - беларускую кнігу адзначылі ўсесаюзнай камсамольскай прэміяй. Барада сказаў: "Каб паказаць, дзе пернікі смачнейшыя". А пасля з Масквы, з ЦК камсамола патэлефанавалі: "Перад з’ездам партыі мы збіраем нашых лаўрэатаў. Ты знойдзеш час, каб прыехаць да нас?"
Не знайсці часу нельга было. Лаўрэат.
- Не бяры гэтую прэмію, - казаў яму Бычык, пісьменнік, адносінамі з якім ён даражыў і да якога прыйшоў параіцца, што рабіць? - Лепш адмовіцца. Тут пытанне маралі.
Віктар слухаў і думаў: "А ты чаму браў?.. І дзяржаўную прэмію, і ленінскую, і зорку героя?.." Ён не сказаў гэта Бычыку, але той угадаў. "Ты, мусіць, думаеш, чаму я не адмаўляўся?.." І калі Віктар кіўнуў, спытаў: "Чаго ты ў такім разе да мяне прыйшоў? Каб потым сказаць, што са мной раіўся?.."
І зноў ён угадаў.
"У мяне жытла свайго няма, - развітаўся з Бычыкам Віктар. - Туляюся па чужых кутах, па наёмных каморах. А вы мне пра мараль". І Бычык сказаў: "Што ж, вырашай сам. Табе жыць".
Так. Яму жыць. Таму ён і не адмовіўся ад прэміі. Бо збіраўся жыць, а не адмаўляцца. Наадмаўляўся, досыць.
Зрэшты, невядома, ці была б тая прэмія, калі б не Ганна. Гады чатыры ні гуку, а тут тэлефануе - і нібы ўчора бачыліся: "Ты на святкаванне 100-годдзя вызвалення Балгарыі ад ярма Асманскай імперыі хочаш паехаць?"
Калі збіраюцца жыць, не адмаўляюцца ні ад якіх святаў. Нават ад ярэмных. Ён сказаў Ганне, што хоча яе бачыць, і яго ўключылі ў склад афіцыйнай дэлегацыі для паездкі ў Народную Рэспубліку Балгарыя на свята вызвалення.
Святкавалі на Шыпцы.
Гара, якую сто гадоў таму рускія з балгарамі спачатку адваявалі ў туркаў, а потым ад туркаў баранілі яе, да самай вяршыні была засыпаная людзьмі.
І адным з тых, хто павінен быў прамаўляць да іх з гары, быў паэт Вірсаў. Заслужаны. Афіцыйны. Але калі даехалі да гары, ён быў глыбока ў нізіне. Не здолеў выйсці з машыны, на нагах стаяць не мог. Па дарозе ад Сафіі да Шыпкі ў кожным паселішчы сустракалі "рускіх братушак" музыкай і ракіяй, і ў кожным паселішчы Вірсаў чытаў верш "Шыпка" і выпіваў "за крэўнае, вечнае славянскае братэрства", спачатку яшчэ думаючы пра магчымыя наступствы, а пасля ўжо і не.
За чвэрць гадзіны да святочнай дзеі да Віктара падбегла задыханая, не звыклая па гарах бегаць Ганна: "Пішы верш. Я дамовілася, што замест Вірсава выступіш ты".