Выбрать главу

Грачын падсунуўся да яго разам з крэслам, прыабняў.

- У землямеры хочаш, Лёня? Не дадзена табе ў землямеры. Не пусцім. Так вырашыла Палітбюро - і вырашыла правільна. А я, цябе паслухаўшы, няправільна вырашыў. І давай мы на гэтым нарэшце сыдземся, перш чым сёння разыдземся.

Брэжнеў зняў з пляча руку Грачына, нахіліўся да стала, паклаў селядзец на хлеб, на селядзец цыбулю, смачна закусіў.

- Ну ты, Васіль Дзям’янавіч, і накруціў. Я ж казаў: філосаф. Сыдземся, разыдземся, правільна, няправільна… А няхай моладзь скажа, правільна ці не? Распавядзі нашай маладой змене, пра што мы з табой філасофствавалі. Каб не падумалі, што проста пілі.

Грачын паглядзеў на Ганну, на Віктара: "Чаго вы, як слупы? Сядайце". І калі яны селі, доўга глядзеў на Брэжнева, потым паспрабаваў наліць сабе: "Давай, лепей я проста вып’ю", - але Брэжнеў перахапіў ягоную руку: "Давай, лепей распавядзі!" - "Ты гэтага надта хочаш?" - "Надта, не надта… Распавядзі! І няхай скажуць! Хоць і я магу ім сказаць, каб ведалі… Як вы думаеце: якая самая храновая штуковіна ў свеце?.. Прымаць, а потым адмяняць рашэнне - вось якая! І не таму, што рашэнне храновае, яно якраз не храновае, правільнае рашэнне, а таму, што ты…"

- Добра! - падняў рукі, зрабіўшы выгляд, нібы здаецца, Грачын, хоць заўважна было, што ён зусім не супраць, нават для нечага яму трэба, каб Ганна і Віктар гэта пачулі. - Хочаш дык хочаш, надта дык надта, - падышоў ён да двярэй, зазірнуў за іх, зачыніў. Вярнуўся да стала, сеў насупраць Брэжнева. - Цябе цягне пагаварыць пра гэта пры іх? Пры сведках? Не баішся, што яны засведчаць не тое, што ты хочаш, каб засведчылі? Як мы пра Сталіна, якога прадалі.

Сур’ёзная ў іх тут размова была. Нездарма гэбісты панаехалі.

Брэжнеў адарваў шматок газеты, выцер рукі.

- Сталіна няма… І я не прадаваў яго. Берыя прадаў. Няма Берыі. Хрушчоў прадаў. Няма Хрушчова. Тады чаго мне баяцца? Каго? Генеральнага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Савецкага Саюза таварыша Леаніда Ільіча Брэжнева? Дык я і ёсць Генеральны сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Савецкага Саюза таварыш Леанід Ільіч Брэжнеў. Мне баяцца сябе самога?.. - кінуў ён у сметніцу скамечаны шматок. - Я не для таго ў генеральныя сакратары праз усё жыццё, як з сякерай праз лес, прабіваўся, каб самога сябе баяцца, Вася.

Прагаварыў ён гэта з такім жалезам у голасе, што Віктар падумаў: "Шмат каго ён скамечыў і ў сметніцу кінуў", - а Грачын нават адсунуўся ад яго, інстынктыўна адсунуўся, не думаючы, бліжэй да Віктара, нібы менавіта яму захацеў усё распавесці.

- Так дык так… Перад з’ездам Леанід Ільіч папрасіў Палітбюро адобрыць ягоную адстаўку. Палітбюро не адобрыла. Аднагалосна, - падняў Грачын, як пры галасаванні, руку: маўляў, я таксама не адобрыў. - Паседжанне скончылася, Леанід Ільіч папрасіў мяне застацца. Даўно, сказаў, па-сяброўску мы не размаўлялі. Паехалі да яго на дачу. Не даязджаючы, спыніліся, зайшлі ў лес. Там ён вярнуўся да таго, што было на Палітбюро. Сказаў, што іншага не чакаў, але ўсё адно хоча сысці. І просіць мяне, як даўняга сябра, дапамагчы. Выступіць на з’ездзе. Прапанаваць яму гэта зрабіць. Даць магчымасць заявіць пра адстаўку. Маўляў, узрост, хваробы… А ён прапануе на сваё месца мяне.

Грачын памаўчаў, Брэжнеў слухаў яго, як упершыню чуе…

- Я спытаў, як ён такое ўяўляе? На Палітбюро я галасую супраць адстаўкі, а на з’ездзе выступаю за яе. Хто ж за мяне, хамелеона, прагаласуе? Што ўвогуле ад мяне пасля гэтага застанецца?.. Ён згадзіўся, што, бадай, так. І, калі ўжо я падумаў, што размова скончаная, раптам спытаў, ці няма ў мяне каго-небудзь на прыкмеце, хто б мог такое зрабіць? Можа, ёсць такі чалавек, прынцыповы, з амбіцыямі, які лічыць, што ў партыі наспелі перамены, і рвецца ў бой. Гэтакі герой, якому аднаму, можа, кідацца ў бойку страшнавата, але калі хаўруснікам ягоным выявіцца нехта з Палітбюро, хто пагаворыць з ім, параіць гэта зрабіць, дык і не так страшна. А перад тым я ў Новасібірску быў, там мой даўні сябар сакратаром абкама, Леанід Ільіч яго добра ведае. Дык вось ён, мой сябар даўні, мне якраз пра гэта… Усю ноч пра тое, мы ў яго дома былі, што ў дзяржаве наспелі перамены, што так, як жывем, болей мы жыць не можам, і калі партыя не выступіць з праграмай перамен, яна страціць сваю кіруючую ролю. Уладу страціць. Не сёння, дык заўтра. І персанальна вінаваты ў гэтым будзе Леанід Ільіч, бо хто яшчэ? Гэта ён давёў партыю да застою, не прапануе, не можа прапанаваць, бо не адчувае, як змяніўся час, выйсця - і таму мусіць сысці. А я мушу, гэта мой партыйны абавязак, сказаць яму, каб сышоў. Тады я, каб скончыць размову, прапанаваў яму самому ўсё сказаць. Гэта ж, сказаў, і твой партыйны абавязак. І ён згадзіўся. Запрасіце мяне на Палітбюро - паўтару тое, што сказаў тут. Ну, тут я і сказаў яму, што Палітбюро супраць. Паседжання, на якім галасавалі, яшчэ не было, але я ведаў, якім яно будзе. І меркаваў, што, дазнаўшыся пра гэта, мой сябар звяне, а то гэтак распусціўся - не спыніць. А ён: у такім разе я выступлю на з’ездзе…