Вось пра яго я і сказаў Леаніду Ільічу. А Леанід Ільіч сказаў: давай яго і скарыстаем. Сустрэнься з ім, паабяцай падтрымаць. Намякні… - закашляўся, падсунуўся да стала, наліў гарэлкі Грачын. - Намякні, што ты не адзін… Няхай выступае. І хоць я сумняваўся… - выпіў ён паўшклянкі, - але папярэдне дамовіліся. А перастаў я сумнявацца, калі ў першы ж дзень з’езда па настроях убачыў, што такіх, як мой сябар, хапае. Але ім і хочацца - і колецца. Перагаварыў з сябрам. Так, маўляў, і так. Падумаў я і вырашыў, што ў Новасібірску ты ўсё слушна казаў. І не толькі я так вырашыў. Са мной згодны Андропаў. Яшчэ таварышы. Так што давай. Мы цябе падтрымаем.
- Канкрэтна ты яму толькі Андропава назваў? - спытаў Брэжнеў, і калі Грачын адказаў: "Так, падумаў, што дастаткова…" - Брэжнеў паківаў: кажы далей.
- Вызначыліся з днём і часам, - працягваў Грачын. - За два дні да закрыцця з’езда перад прывітаннем моладзі. Бо калі пасля антыпартыйнага выступу пачнецца вэрхал, дык камсамольскае прывітанне - самае лёгкае, што можна ці перанесці, ці ўвогуле адмяніць. З раніцы сёння ўсё заставалася, як дамовіліся, а ў абед Суслаў кажа: давайце збярэмся вузкім колам. Сабраліся. Леанід Ільіч, Суслаў, Андропаў…
У дзверы асцярожна пастукалі.
- Сабраліся Леанід Ільіч, Суслаў, Андропаў, я… - паўтарыў Грачын, яко-му відавочна хацелася, каб тое, пра што ён кажа, Ганна з Віктарам пачулі менавіта зараз, пры Брэжневе, і калі яшчэ раз, ужо мацней, пастукалі, ён ускочыў раздражнёны: "Ну, хто там? Што?.."
Дзверы расчыніліся: у парозе стаяў падобны да Хрушчова лысы ў дублёнцы. "Выбачайце, Васіль Дзям’янавіч, у вас тэлефон у кабінеце разрываўся, я зняў трубку: таварыш Андропаў… З таварышам Леанідам Ільічом Брэжневым пагаварыць хоча".
Брэжнеў, слухаючы Грачына, сядзеў ківаючы галавой: маўляў, усё так, - і гэтаксама ківаючы галавой, падняўся, прайшоў да дзвярэй, у якіх, перастаўшы ківаць, спытаў лысага: "А скуль ён ведае, што я тут? Я не казаў яму. Дык скуль ён ведае?.." - і калі лысы адскочыў: "Не магу знаць!" - Брэжнеў скончыў. - "А я магу… Ты і даклаў яму, засранец!"
Яны пайшлі. Ганна выйшла следам за імі, вярнулася з віном і келіхам. Віктар адкаркаваў, наліў, яна выпіла, села на калені Грачына: "Тата!.. Я так спалохалася, тата… Так спалохалася… Я так цябе люблю… Як я люблю цябе, каб ты толькі ведаў!.. "
Яна ціха, пакуль чакалі Брэжнева, сядзела ў бацькі на каленях. Віктару здалося, што ў Грачына выступіла сляза. У куточку аднаго вока, але выступіла.
- Трэба ехаць, бо ён закапае яго, - вярнуўся ўжо ў паліто Брэжнеў. І падышоў да Грачына. - З сябрам тваім на Лубянцы Юрый Уладзіміравіч сам-насам. І той нібыта шмат цікавага распавядае яму. Змова супраць мяне, аказваецца… Сказаў, што і ты можаш паслухаць, бо не ўсё ведаеш.
Грачын сядзеў, не адпускаючы Ганну.
- Магу ці мушу?
- Што ты можаш п’яны?
- Паслухаць Андропава п’яны магу.
- Цвярозы паслухаеш. Паспееш. Ён цяпер на гэтага каня надоўга сядзе. Мала яму, што замах прыдумаў. Яшчэ і змову…
Дзіўна, але пасля размовы з Андропавым п’яным Брэжнеў не выглядаў. Зусім. Нібы і не піў.
- А ўвогуле ён чакае, калі памру, - падышоў да стала і пастаяў, нібы раздумваючы, дапіць яму тое, што ў шклянцы засталося, ці не, Брэжнеў. - Калі, як Берыя казаў, стану абсалютна дасканалым. Дык, можа, я ўжо такі і ёсць? Помніш, пяць гадоў таму ў мяне была клінічная смерць? Ажыўлялі… Дык, быць можа, не ажывілі? Я так сябе пачуваю, нібы не. Нібы мёртвы. Як думаеш: такое можа быць?
- Калі яшчэ вып’еш, можа быць і такое, - павёў яго ад стала Грачын. - Перагулялі мы з табой, Лёня. І не толькі сёння.
Брэжнеў вызваліў сваю руку з-пад рукі Грачына, спыніўся пасярод кухні, паглядзеў на стол з аб’едкамі на газеце "Правда", на спусцелыя бутэлькі.
- Перажыў я, Вася, сваё. Стаміўся. Вось ты мне пра смерць філасофію разводзіў… Не смерці трэба баяцца. Трэба баяцца жыцця пасля смерці. Уяві сабе: жыць, жыць і жыць… І быць, быць і быць Генеральным сакратаром ЦК КПСС. Гэта і будзе, калі яно ёсць, пекла. Найстрашная кара гасподняя.
Пайшлі праводзіць. "Гэта не я, гэта ты філасофію разводзіш, - казаў па дарозе Грачын. - Генеральны сакратар - і кара гасподняя… Дзякуй Богу, што не на Палітбюро…"
Падобны да Хрушчова лысы ў дублёнцы кінуўся да машыны - і Віктар спытаў, калі ўжо Брэжнеў мёртвы, проста вырвалася гэта з яго, бо не забываліся галюцынацыі ў кватэры Кручы: