- Леанід Ільіч, а вы з таварышам Хрушчовым калі-небудзь на Кацельніцкай…
Брэжнеў спыніўся каля машыны.
- Ага!.. А то я ўсё ўспамінаў: што гэта я хачу ўспомніць?.. Не з Хрушчовым, а з ім, - кіўнуў ён на лысага. - Як прыставілі яго да мяне, так ён ад мяне ні на крок. І да Галі са мной. Яна пазваніла: Круча зноў мяне заліў! Ну, думаю, расстраляю! Трэці раз рамонт рабіць! А прыехаў, бачу: каго расстрэльваць? Круча ніякі, ты сам застрэліцца гатовы. І гэта з такімі дзеўкамі! - усклікнуў ён, згадаўшы, мусібыць, Сюзану з Люцыяй, і тут жа, глянуўшы на Ганну, стаў выкручвацца. - Як твая Ганна, як Галя мая…
- Можа, мне ўсё ж з табой? - спытаў хутчэй для таго, каб выручыць яго ў размове пра жанчын, чым для таго, каб з ім паехаць, Грачын. Паціснуўшы яму руку, Брэжнеў сеў у свой эсклюзіўны ЗІЛ: "Андропаў таксама вершы пісаў. Так што пагаворым з ім, як паэт з паэтам, а ты не ўпісваешся…" - і кавалькада машын, засігналіўшы, заміргаўшы ў ноч, рванула з дачы.
XXVII
На лецішча паехалі на машыне, на якой нейкі маўклівы чалавек падвозіў да Горак, непадалёк ад якіх было лецішча, знаёмую Ганны: старэйшую і за Ганну, і за Купалу, але ўсё яшчэ даволі прыгожую і ганарлівую ў сваёй восеньскай, нават ужо зімовай прыгажосці жанчыну, якая назвалася, падаючы для пацалунку руку ў пальчатцы: "Зінаіда Рыгораўна Марозава-Рэйнбат-Рэзвая. Тая самая, у якой шлейф сукенкі быў даўжэйшы, чым у імператрыцы Аляксандры Фёдараўны".
Не зразумеўшы, пра што яму сказалі, Купала паглядзеў на Ганну, тая засмяялася: "Потым усё зразумееш…"
Знаёмая Ганны аказалася ўдавой некалькіх мужоў, у тым ліку фабрыканта Савы Марозава, "які даваў Леніну грошы, а Ленін мой дом у Горках забраў і камунарам аддаў, якія дом разрабавалі, а пасля ён сам там жыў і памёр, цяпер у маім доме музей ягоны робяць, і мяне паклікалі, каб сказала, што камунары скралі. Стрыечная сястра яе, - абняла Зінаіда Рыгораўна Ганну, і Купала заўважыў, што яны падобныя, абедзве з гэтакай цёмнай цыганшчынай у вачах, - у музеі за лектарку, дык папрасіла прыехаць, і я згадзілася, каб апошні раз зірнуць, бо наўрад ці яшчэ калі-небудзь паклічуць…"
Стрыечная сястра Ганны, Лізавета, запрасіла ў флігель, дзе жыла, гарбатай пачаставаць, на што колішняя гаспадыня ганарліва ўскрыўдавала: "Вы мяне ў флігелі прымаць будзеце?.." - і пайшла да параднага ўваходу, ахоўнік каля якога глянуў на яе і адступіў, і яны пілі гарбату ў гасцёўні, дзе колішняя гаспадыня распавядала, са сподка гарбату сёрбаючы:
- Смаката! Даўно так не піла!.. А вы што думалі? Я купчыха!.. Купіла сабе блакітную кроў, за Рэйнбата пайшоўшы. А ён, генерал мой, пракраўся, злодзей! На ўсю Маскву сорам. Я й выгнала яго… А людзі, якія людзі тут бывалі!.. Шаляпін, Собінаў, Качалаў… Між іншым, ведаеце, Качалаў з беларусаў?.. З пародай, - глянуўшы на Ганну, сама падліла яна гарбаты Купалу. - А пра вас мне Горкі казаў. Толькі я не люблю Горкага. Ён Саву майго з рэвалюцыянерамі звёў і з Андрэевай. Сам з гэтай сучкай звёўся, дык і Саву звёў… Сава праз яе, праз усіх іх розум страціў - гэтакія грошы аддаць!.. А я аднойчы паказала Горкаму… так выйшла… сваю спальню, дык ён напісаў, што мая спальня падобная да крамы посуду, - дапіла яна, можа, дзясяты сподак. - Хадземце глянем, якая там крама і які посуд… Я Горкага пасля таго Горкім і не называла, толькі Пешкавым.
Са спальні, дзе не было ніякага посуду, дзе ўвогуле нічога, апроч ложка, не было, колішняя гаспадыня маёнтка павяла іх па пакоях, два з якіх былі ўжо музейныя, і ў адным, дзе памёр Ленін, каля ложка, на якім ён памёр, стаяла тумбачка, і на ёй ляжалі дзве кнігі, "Любоў да жыцця" Джэка Лондана і "Сутнасць хрысціянства" Феербаха, чырвонай стужкай закладзеная на раздзеле "Таямніца пакутніка Бога" з падкрэсленымі ў самым пачатку словамі: "Любоў выяўляе сябе ў пакуце. Хрыстос - чыстая пакута. Нішто гэтак не ўздзейнічае на людское сэрца, як пакута, а тым больш пакута істоты, вольнай ад пакут. Хто пакутуе за іншых, ахвяруе сабой дзеля іх - той і ёсць Бог для людзей". І далей гэтак, што ў адным месцы папера надарвалася, падкрэслена было двойчы: "Той, хто непазбыўна нясе ў сабе вобраз раскрыжаванага, адчувае натуральную патрэбу раскрыжаваць сябе ці іншых".
- Дырэктар музея хацеў яшчэ "Кароткі курс гісторыі ВКП (б)" пакласці, - сказала Лізавета, - але камісія пастанавіла, што ўсё ж не мог Ленін у 1924 годзе чытаць тое, што напісана ў 1938-м.
"Баяўся смерці… Баяўся, бо не ведаў, што пасля… Як усе баяцца, не ведаючы…" - глядзеў на старонку, прадраную на словах "раскрыжаваць сябе ці іншых", Купала, а колішняя гаспадыня маёнтка спытала: "Якая камісія?.. Камунараўская?.."