Выбрать главу

- Яго з грабніцы святой Ганны Кашынскай укралі, калі мошчы яе ўскрывалі, - казала яна, ужо спаць збіраючыся. - І прадалі знаёмаму ліхвяру, у якога я медальён перакупіла. Не пашкадавала грошай, бо святая Ганна - заступніца ўсіх старавераў. Але не здолела яна ні за мяне, ні за сябе заступіцца, калі, як чэрці ў чорных скуранках, прыпёрліся сярод ночы чэкісты: іменем савецкай улады ўсё ваша цяпер народнае! І так неяк выйшла, што і ў мяне нічога не стала, і народу не дасталося нічога.

Не ведаю, як, але потым медальён у Горкага, які нейкую камісію па каштоўнасцях ачольваў, аказаўся. Горкі падараваў яго Інэсе Арманд, палюбоўніцы Леніна. Ён падліза быў, Горкі, дык каб падлізацца. А Інэса, кажуць, хоць я не веру, бо ведала яе, блудніца французская яна была, Леніна напраўду кахала. І падаравала яму медальён са сваім партрэтам. Ён насіў яго ў кішэньцы для гадзінніка. Раз-пораз даставаў, пазіраў на партрэт, нібы на гадзіннік глядзеў. Можа, і ён яе напраўду кахаў. Хоць наўрад ці. Ён быў фанатык, кахаў толькі рэвалюцыю. Але ўсё магчыма. І вось гады праз два пасля таго, як Інэса на Каўказе ад халеры памерла, мяне Крупская ў Горкі запрасіла. Я прыехала, селі абедаць, я пачала Леніна дакараць: маўляў, муж мой на вашу рэвалюцыю грошы даваў, а рэвалюцыя дом у ягонай удавы забрала, - і тут ён, Ленін, кажа, што ў маёй былой малельні сякія-такія рэчы мае знайшліся. "Дык мы цябе, - кажа, - запрасілі, каб вярнуць". І падае медальён. Як той медальён мог знайсціся ў маёй малельні, калі яго нехрысці забралі? Ніяк. Значыць, здагадалася я, што было не цяжка, Крупская ўбачыла яго ў Леніна, пачала дапытваць, адкуль ён у яго, і ён прыдумаў, нібы ў схове былой гаспадыні дома, у мяне, значыць, знайшоў. Не казаць жа, што гэта падарунак палюбоўніцы. А мы з ёй, з Інэсай, з гэтай францужанкай Элізабэт д’Эрбанвіль не тое каб моцна сябравалі, але дома ў мяне яна даволі часта бывала. Ну, і магла медальён падараваць, ці я магла яго ў яе купіць. Вось Ленін і прыдумаў гэткую гісторыю, мужыкі ўсе ў такіх справах не надта вынаходлівыя. А як ён глядзеў жаласліва: ты ж мяне не прадай! І я ўзяла медальён. Па-першае, бо ён мой, я за яго заплаціла. Па-другое, падумала: калі да мяне медальён святой Ганны вяртаецца, дык, можа, вернецца яшчэ нешта з мінулага жыцця? Але не, нічога не вярнулася. Эх, нічога не вяртаецца і не вяртаецца ніхто! Бярыце ўсё, мілыя мае, тут і цяпер, цяпер і тут!.. Хай беражэ цябе твая святая заступніца, Ганя!

Колішняй гаспадыні Лізавета паслала ў былой яе спальні, Ганне з Купалам, выпраўляць якіх было ўжо, як выганяць, - на канапе ў гасцёўні, але Ганна не стала там класціся, павяла яго за руку, шапнуўшы горача: "Цяпер і тут!.. Была ў сталінскім ложку, а ў ленінскім не была", - і ён успомніў Асеева: "Гэтая актрыска шалёная, так што глядзіце…"

Са сцяны на іх глядзелі Сталін з Леніным.

Матрац і падушка на музейным ложку былі набітыя свежымі сасновымі габлюшкамі. Смаляністыя, яны так заблыталіся ў валасах Ганны, што нейкія было не выбраць, і, калі раніцай прыйшла з флігеля Лізавета, яна падціснула вусны, моцна вусны падціснула, а Зінаіда Рыгораўна ўздыхнула: "Эх, дарма я жыццё пражыла стараверкай!.." І спытала, калі снедаць селі:

- Скажы мне, Ліза, гэтага Феербаха перад смерцю Ленін чаму чытаў? Ён чаго хацеў?

- Хто чаго хацеў?.. - здзівілася, бо ніяк не чакала ад Зінаіды Рыгораўны, як і Купала не чакаў, такога пытання Лізавета. - Феербах ці Ленін?

- Абодва.

- Феербах казаў, што хоча з хрысціян зрабіць людзей.

У Зінаіды Рыгораўны срэбная лыжачка з рук выпала.

- А што: хрысціяне не людзі?

- Ён лічыў, - падціснутым позіркам зірнула Лізавета на Купалу з Ганнай, - што напалову анёлы, напалову жывёлы.

Зінаіда Рыгораўна таксама паглядзела на Ганну і Купалу, і па тым, як яна паглядзела, не сказаць было, што яна, ва ўсякім разе ў гэты момант, зусім не згодная з Феербахам.

- Няхай так. Але ж Бог…

- І абодва яны, - падала ёй чыстую лыжачку Лізавета, - і Феербах, і Ленін лічылі, што не Бог стварыў чалавека, а чалавек Бога.

- Напалову анёла, напалову жывёлу? - перапытала Зінаіда Рыгораўна Марозава-Рэйнбат-Рэзвая і, сама спалохаўшыся таго, што прамовіла, тройчы перахрысцілася двума пальцамі. - Даруй, Божа! Стварылі яны. Храмы ўсе пабурылі, царкву святой нашай заступніцы Ганны ў крэматорый, у паганскае капішча перарабілі - вось што яны стварылі! Веру парушылі нават у стараверах… Я колькі разоў Саву казала: ахвяруй на царкву! Дык не, ён - то на рэвалюцыю, то на тэатр… - Яна кінула лыжачку на стол, тая падскочыла, плёхнула ў сподку. - Вось і пісаў Горкі то для рэвалюцыі, то для тэатра. Не для Бога. Правільна яго адлучылі ад царквы.