Што ж: так - дык так.
- Прапанова вартая, Глеб. І я згадзіўся б, калі б мне раней не паабяцалі…
- Што?
- Тое самае. Прэміі. Ленінскую, дзяржаўную. І, магчыма, нават Нобелеўскую.
- Хто паабяцаў?
- Посух. Калі я закіну за яго слова Грачыну.
Лугунец не стаў пытаць, што хацеў ад Грачына за прэміі для Віктара Посух. Хоць відаць было, што спытаць яму карцела.
- Як ён мог паабяцаць Нобелеўскую?.. Як ты можаш яе атрымаць?
- Як Пастэрнак.
- Пастэрнак антысаветчык.
- А я не?..
Лугунец глянуў на яго кісла. Так, як дзве бутэлькі сталовага "Рыслінга" выпіўшы.
- Які ты антысаветчык? Ты, Віця, нармальны савецкі паэт. Толькі франдзёр. І ўбачыўшы ў табе фронду, а галоўнае, тое, што далей за яе ты не йдзеш і не пойдзеш, партыя, якую вітаў ты на з’ездзе, вырашыла: няхай пагуляецца. Трэба ж праз некага пару выпускаць. І дазволіла табе трохі болей, чым іншым. Як раней за цябе твайму сябру Кручу, якому таксама дазволена трохі болей, чым іншым. Яму ў Маскве, табе ў Мінску - паўсюль павінны быць паравыя свісткі. А ты, як і ён, вырашыў, што гэта твая смеласць. Я не кажу, што ўсё толькі так, - убачыў Крыванос, як спадылба глянуў Віктар. - Мы даўнія сябры, я добра цябе ведаю. Не заб’еш, не ўкрадзеш жонку бліжняга свайго… - паспрабаваў пажартаваць, калі ўжо яны даўнія сябры, Лугунец, але асекся: якраз за жонку бліжняга яму скрывілі нос. - Я ведаю, - сышоў ён з небяспечнай сцяжыны, - што ты не мог бы прапанаваць мне тое, што я табе прапанаваў. Яно не ў тваёй натуры, не ў тваім разуменні прыстойнасці. Але ва ўсім нармальным свеце, Віця, тое, што я прапанаваў табе, нармальна. Яно ў натуры свету. Людзі дапамагаюць адзін аднаму рухацца ўверх, і той, хто падымаецца, аддзячвае таму, хто дапамог. І гэта прыстойна, што тут непрыстойнага? Калі ты мне не дапаможаш, дык нехта іншы дапаможа іншаму, і будзем мы абодва знізу глядзець, як наверсе яны шампанскае п’юць ды баб дзяруць… - шморгнуў носам Лугунец: гэта ўжо ў яго, відаць, рэфлекс. - У цябе такія магчымасці, Віця! Большыя, чым у Купалы, які зараз, я добра яго вывучыў, проста схапіўся б за маю прапанову. Чаго ён з Казані ў Маскву прыпёрся, калі не па прэмію? Ці па бляшку на грудзі - на сваю галаву. Так што паэт ён, вядома, паэт, але не ляпі з яго героя. Баязлівы быў, як заяц. Нават харакіры сабе зрабіў са страху, баяўся, што на допытах яйцы заціснуць…
Праваднік прынёс гарбату, дзве шклянкі ў мельхіёравых падшклянніках і сподак з цукрам-рафінадам у абгортцы, паставіў адну шклянку: "Асцярожна, гарачая!" - перад Лугунцом, другую перад Віктарам, са сподачкам і шклянкамі яму не надта зручна было ўпраўляцца, мог бы спачатку гарбату прынесці, а потым цукар, але ён хацеў дагадзіць, і Віктар прыўстаў, нібы для таго, каб дапамагчы яму, пацягнуўся па сподак, зрабіў выгляд, што яго хіснула, схапіўся за руку правадніка і ягонай рукой скінуў шклянку, якая стаяла перад Лугунцом, уніз, пад дзягу на портках Лугунца. На тое, што маглі б заціснуць, калі б са страху ён харакіры сабе не зрабіў, Купалу. Хацеў сказаць: "Гэта табе за яго, а не за мяне", - але глянуўшы на Лугунца і ў наступны момант пачуўшы яго, падумаў, што гэта ўжо лішняе.
"Ой, прабачце… выбачайце…" - вінавата, не зразумеўшы, як яно сталася, прабачыўся праваднік, і гэта вырашыла справу па наўмысным нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, на чым з енкам настойваў Лугунец, на карысць Віктара. Двум міліцыянтам, якія дзяжурылі ў цягніку, праваднік засведчыў: "Так, я з гэтым таварышам… таварышам Маргерам па неасцярожнасці", - а міліцыянты, пазнаўшы Віктара, вырашылі глыбака ў справу не ўлазіць і згадзіліся з правадніком. Лугунец усю ноч стагнаў і енчыў, Віктар, дзякуючы сабе за тое, што не сказаў апошнюю фразу, перад ім прабачаўся, а з вакзала на таксоўцы завёз яго ў шпіталь.
У Маскве ён нікому, нават Ганне, не сказаў, што з’язджае. Ніхто, апроч Лугунца з правадніком і двух міліцыянтаў, не ведаў, што ён у Мінску. Але як толькі дабраўся дахаты, зазваніў тэлефон.
Трубку не браць?.. А калі бацькі? Маці? Апошнім часам яна кепска пачуваецца, ціск ды ціск… Трэба наведацца да іх, абняць, пашкадаваць: родныя вы мае…
"Віктар Паўлавіч, гэта памочнік Ціхана Якаўлевіча". - "Чый памочнік?.." -"Разумею, вы з дарогі… Памочнік першага сакратара ЦК". - "І што?" - "Мы б хацелі, каб вы зайшлі да нас. Заўтра з раніцы, а 8-й. Дня вам хопіць, каб адпачыць?"
З’ехаў ад аднаго сакратара ЦК - прыехаў да другога. Во абклалі. І як дазналіся? Не Крыванос жа ім са шпіталя вестку перадаў. Сочаць яны за мной ці што?..
"Выбачайце, я заўтра сабраўся…" - "На малую радзіму? Дык мы вас завязем. Адразу пасля сустрэчы і паедзеце. Ціхан Якаўлевіч проста пагаварыць з вамі хоча - ніякіх спраў".